Ева, “Вяселле…” і прыбытак

№ 17 (1195) 25.04.2015 - 01.05.2015 г

Вольга БАРКО, начальнік Іўеўскага райаддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі
— Іўеўскі раён вылучаўся сярод іншых шматканфесійнасцю і талерантнасцю ягоных жыхароў. Сведчаннем таму — не толькі прысутнасць побач з касцёлам ды царквой мусульманскай мячэці, але і ўсталяваны не так даўно ў цэнтры горада помнік у знак згоды канфесій Іўеўшчыны. Вылучаецца раён і культурнымі здабыткамі ды амбіцыйнымі праектамі.

/i/content/pi/cult/530/11496/12-1.jpg

Услед за аптымізацыяй сферу культуры закранула і рэарганізацыя клубнай сістэмы. З пачатку гэтага месяца аддзелу падпарадкоўваецца ўжо шэсць юрыдычных падраздзяленняў: тры музычныя школы, Музей нацыянальных культур, Іўеўская раённая бібліятэка, а таксама Іўеўскі цэнтр культуры і вольнага часу, куды з 1 красавіка ўвайшлі ўсе сельскія клубныя ўстановы, якія цяпер сталі называцца аддзеламі і сектарамі, а таксама аддзел народнай творчасці. Пры гэтым захавалася накіраванасць устаноў. І калі, скажам, СДК спецыялізаваўся на фальклоры, то і пад іншай назвай будзе працягваць займацца тым жа самым.

З мэтай аптымізацыі выдаткаў нядаўна давялося закрыць наш культурна-турыстычны аб’ект у вёсцы Барава. Гэта быў невялікі комплекс з асобнымі гасцявымі пакоямі. На вялікі жаль, ён так і не выйшаў на самаакупнасць. Прычына закрыцця — неабходнасць вялікіх укладанняў. Каб пачаць выходзіць на рэнтабельнасць, неабходна было правесці вадаправод, каналізацыю, зрабіць душавыя пакоі. Не абышлося і без канкурэнтаў: побач з нашым аб’ектам мясцовы лясгас пабудаваў вялікі паляўнічы комплекс…

Тым не менш, мы не адмовіліся ад ідэі зарабляць на культурным турызме. Больш за тое, плануем надалей развіваць праект “Сядзіба дзеда Зімніка і бабы Завірухі” ў вёсцы Залейкі. Мяркую, што дзякуючы намаганням мясцовых культасветработнікаў можна стварыць канкурэнтаздольны праект і атрымаць дывідэнды. Распрацаваны і фальклорны мюзікл “Вяселле ў Залейках” ды змястоўная дзіцячая праграма. А таму неўзабаве нас чакае напружаная праца з турфірмамі ды маштабная рэкламная кампанія.

Але такія клопаты прыносяць і свае дывідэнды. Летась сфера культуры зарабіла больш за мільярд беларускіх рублёў пазабюджэтных сродкаў. Пры гэтым 730 мільёнаў — клубная сістэма. Шукаем мы і новыя формы работы з насельніцтвам, у тым ліку і іншы фармат дыскатэк. Так, улетку ў Іўі ды некаторых аграгарадках запланаваны пенна-пластыкаваныя дыскатэкі, якія карыстаюцца вялікай папулярнасцю ў моладзі. У рамках праекта “Іскрынка-весялінка” нашы культасветработнікі распрацоўваюць і праводзяць тэматычныя святочныя праграмы святкавання дзён нараджэння дзяцей.

Маем і іншыя брэнды, на якіх плануецца зарабляць. Сёння ў краме раённага музея прадстаўлена сувенірная прадукцыя майстроў Іўеўшчыны, галоўнае месца ў якой займае князёўна Ева, сімвал райцэнтра. Лялькі ў выглядзе Евы разыходзяцца сярод турыстаў на ўра.

Маем спадзяванні і на сядзібна-паркавы ансамбль у Жамыслаўлі, догляд за якім знаходзіцца ў кампетэнцыі аддзела. У будучым плануецца, што комплекс будзе выконваць функцыю гісторыка-культурнага турыстычнага цэнтра. На жаль, адрэстаўраваць і стварыць у палацы музейны комплекс, як планавалася раней, сваімі сіламі на сённяшні дзень не рэальна. Таму па палацы падрыхтавана дакументацыя і неўзабаве ён будзе выстаўлены на продаж з умовай яго далейшага профільнага выкарыстання. Апроч таго, падрыхтаваны праект па трансгранічным супрацоўніцтве з Літвой і Польшчай. Зараз працягваецца пошук партнёраў (зацікаўленым арганізацыям накіраваны лісты за подпісам старшыні райвыканкама).

Сярод іншага, брэндавым для Іўеўшчыны з’яўляецца і Абласны фестываль ветэранскіх калектываў, у якім прымаюць удзел паўтара дзясятка музычных ансамбляў.

Аўтар: Канстанцін АНТАНОВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"