Дык дзе зараз “Iowa”?

№ 17 (1195) 25.04.2015 - 01.05.2015 г

Онлайн-канферэнцыя: праблемы эстэтычнай адукацыі / ДШМ: пошукі аптымальнай канцэпцыі і канцэптуальнай аптымізацыі
Даўно мы не згадвалі дзіцячыя школы мастацтваў. Яно і зразумела: у параўнанні з клубнікамі, бібліятэкарамі ды музейшчыкамі выкладчыкі ДШМ маюць крыху большыя заробкі, а ўстановы не надта скардзяцца на кадравую няшчымніцу. Так, творчае жыццё тут больш-менш мернае. Але зазначыць, што гэтая дзялянка працы — цалкам беспраблемная, ніяк не выпадае. Хаця б і з той прычыны, што педагагічна-выхаваўчыя намаганні бястлумнымі не бываюць апрыёры. Для вызначэння вузкіх месцаў у дзейнасці ДШМ мы запрасілі старшага навуковага супрацоўніка аддзела сацыяльнай сферы Навукова-даследчага эканамічнага інстытута Міністэрства эканомікі Рэспублікі Беларусь Алену РЫБЧЫНСКУЮ; галоўнага спецыяліста Галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Віцебскага аблвыканкама Станіслава ГЕНЕРАЛЬНІЦКАГА; начальнікаў аддзелаў ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі: Клічаўскага райвыканкама — Уладзіміра ВААКСА, Слонімскага райвыканкама — Наталлю ЮНЧЫЦ; кіраўнікоў ДШМ: Ірыну ШУЛЯК — з Бярозы, Наталлю ВАРАБЕЙ — з Хойнікаў.

Яўген Рагін: — У ліку найпершых праблем ДШМ, як паказвае практыка, — пытанне, звязанае з умацаваннем матэрыяльна-тэхнічнай базы. Нават не абнаўленне інструментарыя маю на ўвазе, а ўладкаванне элементарных санвузлоў у сельскіх філіялах. І нават не толькі ў сельскіх. “К” пісала ў свой час пра такі недахоп у філіяле ДШМ гарадскога пасёлка Церахоўка, што ў Добрушскім раёне…

Алена Рыбчынская: — Матэрыяльная база — тэма вечная, практычна вырашальная і, на мой погляд, не катастрафічная. Мяне больш хвалюе стан адукацыі — музычнай і мастацкай. Пакуль няма яе канцэпцыі на самых розных узроўнях. Для чаго ўвогуле існуе ДШМ? Пытанне “завісае”. Атрыманне прафесіі адышло на другі план. У 1960 — 70-я музычная, скажам, адукацыя лічылася прэстыжнай у плане максімальнага раскрыцця творчага патэнцыялу. Прыярытэты цяпер змяніліся карэнным чынам. Я прыйшла да высновы, што добры педагог — не той, што забяспечвае высокі працэнт паступлення выхаванцаў школы ў ССНУ ці ВНУ. Рыхтаваць людзей, якія ўспрымаюць мастацтва як нешта для сябе арганічнае, — задача не менш важная.

Яўген Рагін: — Літаральна днямі гаварыў з кіраўніком Наваполацкай мастацкай школы. Там і далейшае высокае паступленне (многія імкнуцца атрымаць прафесію дызайнера), і дзеці ў прэстыжных конкурсах удзельнічаюць. Хіба гэтыя вектары дзейнасці не складаюць адзінай канцэпцыі?

Ірына Шуляк: — Якраз у нас няма асаблівых праблем з матэрыяльнай базай. І ў нашай школы, і ў двух яе філіялах (у раёне — пяць ДШМ і шэсць філіялаў)… Я нічога не змяняла б у названай сістэме, бо яна старанна адладжана і з’яўляецца досыць выніковай. І не заўжды нашы праўкі, на вялікі жаль, прыводзяць да чакаемага выніку. Тое, што ДШМ існуюць, што дзеці ды выкладчыкі пастаянна бяруць удзел у міжнародных конкурсах, даказвае: сістэма — жыццяздольная.

Алена Рыбчынская: — Любы працэс павінен мець канкрэтную мэту. Калі мы, прынамсі, жадаем захаваць у краіне сетку ДШМ… Натуральна, трэба развіваць і прафесійную накіраванасць (будучы музыкант не пачынае адукацыю з нуля ў 18 гадоў, хоць для навучальных устаноў іншага профілю — гэта справа звычайная), і масавае далучэнне да мастацтваў. І менавіта ў канцэпцыі падрабязна распісваецца тактыка названых педагагічных падыходаў. Размоў шмат, а канкрэтнага дакумента няма.

Станіслаў Генеральніцкі: — Не мной прыдумана фраза: “Заспявае школа — заспявае ўвесь народ”. Культура павінна стаць часткай навучальнага працэсу агульнаадукацыйнай школы. У нас ДШМ, атрымліваецца, адарвана ад сістэмы адукацыі.

Яўген Рагін: — Вельмі важны момант нашай гаворкі. Дзе павінны закладвацца асновы эстэтычнага выхавання?

Станіслаў Генеральніцкі: — У агульнаадукацыйнай школе. ДШМ прызначана для “пацалаваных у макаўку” дзяцей, якія паглыбляюць, развіваюць атрыманыя раней веды і навыкі ў абранай творчай справе… Вы памятаеце тыя савецкія часы, калі ацэнкі па музыцы і фізкультуры не ўплывалі на атрыманне залатога медаля? І прычына тут простая была: каб быць паспяховым у названых дысцыплінах, патрэбны асаблівыя даныя, якія ёсць далёка не ва ўсіх… Цяпер дзеці пачынаюць знаёміцца з музыкай, мастацтвам толькі ў ДШМ. А музычная, да прыкладу, школа нават у адпаведнасці з Кодэксам адукацыі пазіцыянуецца як установа з павышаным узроўнем навучання. Тут сістэма крыху не спрацоўвае. Пытанне трэба вырашаць канцэптуальна… Вярнуся да агульнаадукацыйнай школы. Эстэтычнаму выхаванню тут, на мой погляд, надаецца надзвычай мала ўвагі. Тычыцца гэта музыкі, выяўленчага мастацтва, літаратуры. А гэта ж відавочная справа: спачатку неабходна выхаваць чалавека, а потым — рабіць з яго спецыяліста. Механічнае нарошчванне аб’ёму ведаў дае часцяком зваротны вынік.

Яўген Рагін: — У Расіі, напрыклад, ёсць канцэпцыя развіцця ДШМ?

Алена Рыбчынская: — Ёсць. А ў нас усе ператварыліся ў музычных нянек: педагогі ДШМ, якія павінны рыхтаваць дзяцей да конкурсаў, настаўнік спеваў у агульнаадукацыйнай школе… Ці ёсць у нас канкрэтна акрэсленыя ўзроўні падрыхтоўкі? Усё змяшалася. На музычны конкурс, да прыкладу, могуць прыйсці дзеці, бацькі якіх у абыход музычнай школы нанялі за грошы рэпетытараў. Гэтага не павінна быць. Праблема і з працягам атрымання мастацкай адукацыі. Дайшлі мы, скажам, да кансерваторыі, скончылі яе. Што далей? Таленавітая моладзь не знаходзіць свайго далейшага месца ў мастацтве. Дзё сёння Улада Беражная, Ксенія Сітнік? Іх амаль няма ў культурнай прасторы Беларусі. Магілёўская “Iowa” чамусьці таксама на радзіме не атрымала прызнання — зоркай змагла стаць толькі ў замежжы.

Станіслаў Генеральніцкі: — Падмурак, закладзены за савецкім часам, будзе нас яшчэ доўга падтрымліваць. Кіраўнікі нашых школ ды іх педагогі — людзі адказныя, да музычных інструментаў вельмі ашчадна ставяцца, знаходзяць фінансаванне, каб паднавіць гэты фонд і ўтрымліваць яго ў прыстойным стане. Мы разумеем, што наладзіць вытворчасць якасных інструментаў — вельмі дарагая і тэхнічна складаная задача. Гэта, урэшце, не мэблевую фабрыку запусціць… Да двух мільярдаў рублёў вобласць штогод выдаткоўвае на набыццё інструментаў. І справа гэтая — кантралюецца. Але самае недарагое японскае піяніна каштуе каля 60 мільёнаў. І асноўная праблема ў тым, што інструменты павінны мець дома вучні, у тым ліку і сельскія. Іх значная частка навучаецца без інструментаў. А талент не выбірае, дзе яму нарадзіцца. І тут за бліжэйшы час сітуацыю не выправіць.

Уладзімір Ваакс: — Таленавітых дзяцей з дзіцячага садка адсочваем. У любой справе вырашальным застаецца праславуты чалавечы фактар. Педагогі ДШМ, лічу, не павінны абмяжоўвацца навучальным планам і сценамі роднай установы. Маю на ўвазе не толькі наладжванне канцэртаў, вузкаскіраваных на станоўчае дзіцячае ўспрыманне. Папулярызацыя дзейнасці ДШМ можа мець самыя розныя формы. Адна з іх — калектыўнае музіцыраванне…

Яўген Рагін: — Уладзімір Георгіевіч, вы музыкант па адукацыі, доўга кіруеце аддзелам, у свой час узначальвалі ДШМ і добра ведаеце, што такое эстэтычнае выхаванне. У сувязі з гэтым у вас няма прэтэнзій да агульнаадукацыйных школ?

Уладзімір Ваакс: — Заўжды дамагаюся, каб педагогі ДШМ працавалі ў цесных стасунках з выкладчыкамі агульнаадукацыйных устаноў. Адну справу робім.

Наталля Варабей: — Цалкам згодная, што навучанне без якасных інструментаў не дае належнага плёну. Мы, на шчасце, закупілі сабе добрыя музычныя інструменты…

Ірына Шуляк: — У нас з паступленнем апошнім часам ёсць пытанні. Моладзь сёння больш цікавіцца, да прыкладу, лагістыкай… Непакоіць іншае. Паколькі гаворка — і пра перспектыву ДШМ, дык вельмі хочацца, каб за прыгожым словам “аптымізацыя” стаяла прыгожая справа…

Яўген Рагін: — Асноўная мэта дзейнасці вашай ДШМ у чым?

Ірына Шуляк: — Развіццё ўсебаковай, культурнай і маральнай, асобы. Ніводны наш вучань не знаходзіцца на ўліку ў Інспекцыі па справах непаўнагадовых. У школьнікаў на нейкія парушэнні проста часу няма. А кірункаў працы ў ДШМ шмат: харэаграфія, мастацкі і музычны. У апошнім — сем аддзяленняў.

Яўген Рагін: — Вы кажаце, усё добра, а харэографаў як не ставала ў краіне, так і не стае…

Ірына Шуляк: — Ды не, у нас такіх праблем няма. Дзяўчаты сыходзяць у дэкрэт, а іхнія месцы займаюць іх выпускнікі… Наконт конкурсаў хачу больш падрабязна распавесці. Два педагагічныя калектывы (пакуль без званняў!) вярнуліся з Венгрыі і прывезлі тры Гран-пры. У гэтую пятніцу яны далі сольныя канцэрты.

Яўген Рагін: — З праездам апякунскі савет дапамог?

Ірына Шуляк: — Удзел у конкурсах, што ладзяцца ў Беларусі, аплачваецца з бюджэту. А ў Венгрыю едзілі за свой кошт.

Яўген Рагін: — Колькасць народных і ўзорных — паказчык эфектыўнай дзейнасці ДШМ? Сустракаў кіраўнікоў навучальных устаноў, якія дадзены факт абвяргалі…

Ірына Шуляк: — Ну і дарэмна яны гэта рабілі. У нас — адзін народны і тры ўзорныя ансамблі. У пэўных працягваюць іграць выпускнікі. А гэта — вялікая справа.

Наталля Варабей: — Тут цяжка штосьці запярэчыць. У нас адзін народны і адзін ўзорны калектывы. Натуральна, будзем павялічваць іх колькасць.… А летась у Міжнародным конкурсе “Мой сябра — баян”, які праходзіў у Гомелі, мы занялі трэцяе месца.

Яўген Рагін: — А калі спатрэбіцца за мяжу выехаць?

Наталля Варабей: — Думаю, нас туды не накіруюць. Натуральна, хацелася б, каб конкурсы былі бясплатныя. Без удзелу ў іх дзеці не адчуюць сваёй запатрабаванасці, сваёй творчай важкасці. А ў нас нават рэгіянальнага ўзроўню конкурсы патрабуюць ад бацькоў вельмі сур’ёзных грашовых унёскаў.

Яўген Рагін: — Колькасць таленавітых дзяцей на сяле зніжаецца?

Уладзімір Ваакс: — Таленавітыя дзеці былі, ёсць і будуць. Паўтаруся, тут усё ад педагога залежыць, каб адшукаць патэнцыйнага вучня і зацікавіць яго магчымасцю творчага самавыяўлення.… Канешне, сучасным ДШМ патрэбна сучаснае абсталяванне.

Станіслаў Генеральніцкі: — Я агучыў бы яшчэ адну, надзвычай важную, як мяркую, праблему. Чаму сёння не карыстаюцца папулярнасцю народныя інструменты? Да прыкладу, баян? Ды таму, што дзеці, нават вясковыя, не чулі гэтага слова. На вясковыя гастролі сапраўдных музыкантаў часта не стае грошай, няма адпаведнай прапаганды па беларускіх тэлеканалах і ў друкаваных СМІ. І гэта няправільна. Журналісты павінны надаваць сістэмную ўвагу і народнаму мастацтву, і класічнаму.

Уладзімір Ваакс: — Я перакананы, што ў школе мастацтваў абавязана панаваць акадэмічная музычная ці мастацкая адукацыя. Класікай сапраўды нельга грэбаваць.

Яўген Рагін: — Станіслаў Дзмітрыевіч, ці ўсё дасканала, на ваш погляд, на прыступках далейшага паступлення выпускніка ДШМ у сярэднія спецыяльныя і вышэйшыя навучальныя ўстановы?

Станіслаў Генеральніцкі: — Канешне, мы дакладна разумеем, што ёсць недахоп з падрыхтоўкай кадраў. Многія спасылаюцца на нізкія заробкі. Але я не сказаў бы, што гэта так. Іншая справа, што ў грамадскай свядомасці не падтрымліваецца значнасць педагагічнай прафесіі… Што да колькаснага паказчыка, дык тут варта вельмі гнутка падыходзіць да становішча, якое складваецца на рынку кадраў. Але гэта не азначае, што трэба спыняць падрыхтоўку спецыялістаў па шэрагу спецыяльнасцей. Спыніць спынім, але ці ўзновім пасля? Гаворка — не пра фармальныя скарачэнні, а пра аптымізацыю патрэб, пры якой нармальна дзейнічалі б установы культуры…

Яўген Рагін: — Наталля Станіславаўна, вы працавалі раней у сістэме адукацыі. Цяпер, у якасці начальніка аддзела, у чым бачыце рэзервы развіцця ДШМ і павышэння якасці ўсеагульнага эстэтычнага выхавання?

Наталля Юнчыц: — У Слоніме ў гэтым плане сітуацыя ўнікальная. Справа ў тым, што тут, апрача ДШМ, працуюць дзве агульнаадукацыйныя школы, якія захавалі музычны кірунак навучання. Прычым навучанне гэтае — бясплатнае. На жаль, у сельскіх дзяцей (на раёне — дзве ДШМ) такой магчымасці няма. Школы мастацтваў, як вядома, ускладаюць на бацькоў абавязак грашовай аплаты за падрыхтоўку дзяцей.

Яўген Рагін: — Але ў школе мастацтваў, напэўна, больш якаснае навучанне?

Наталля Юнчыц: — Не магу гэтага сказаць. Ёсць педагогі, якія паралельна працуюць і ў агульнаадукацыйнай школе, і ў ДШМ. Варта зазначыць, што і ў першым выпадку, і ў другім назіраецца вельмі неблагая выніковасць. Так што права выбару — за бацькамі ды за дзецьмі… Натуральна, я пастаянна кажу кіраўнікам школ мастацтваў, каб вышуквалі новыя формы прафарыентацыйнай працы з патэнцыйнымі вучнямі ды іхнімі бацькамі і ўсяляк папулярызавалі навучанне менавіта ў сценах ДШМ. За вучня трэба змагацца. І гэта нармальны працэс.

Яўген Рагін: — А можаце даць прыклад гэтых новых форм працы?

Наталля Юнчыц: — Ладзім вельмі яркія справаздачныя канцэрты ў ГЦК. На іх можа прыйсці любы ахвотны. Музычныя школы трымаюць творчыя справаздачы штогадова. Аналагічная акцыя “Добры дзень, свет!” ладзіцца сярод агульнаадукацыйных школ. І сёлета наш раён заняў у вобласці першае месца… Лічу, што якасць прапаноўваемых паслуг — на высокім ўзроўні. І красамоўны прыклад таму, што Павел і Ксенія Лашчэўскія — выхаванцы агульнаадукацыйнай школы — летась сталі лаўрэатамі “Еўрабачання”.

Яўген Рагін: — А як развіваюцца сельскія філіялы ДШМ на пацярпелай ад чарнобыльскай бяды Гомельшчыне?

Наталля Варабей: — У раёне адзін філіял застаўся і пяць класаў. Не было адпаведных адасобленых будынкаў, каб яны адпавядалі статусу "філіял". Так што конкурсу пры паступленні на музычнае аддзяленне ДШМ няма. Тлумачэнні тут гучалі ўжо: інструменты занадта дарагія. Таму дзеці ідуць у асноўным на харэаграфію, харавыя спевы…

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"