Брат Луіджы і яго госці

№ 17 (1195) 25.04.2015 - 01.05.2015 г

Беларуская дакументалістыка спакойная і ціхая, яна не імкнецца здзівіць сенсацыямі ды ўразіць неверагоднай відовішчнасцю. Новы фільм Андрэя Куцілы “Госці” па сцэнарыі Раісы Грэбянюк акурат такі — удумлівы і павольны. Але павольнасць красамоўная: яна распавядае пра наш свет значна больш, чым насычаныя тэлерэпартажы.

/i/content/pi/cult/530/11493/8-4.jpg

Кадр з фільма "Госці".

Знятая гэтай зімой карціна распавядае аб прытулку для тых, хто страціў дах над галавой. Вось ужо некалькі гадоў трыццацігадовы Аляксей Шчадроў, які сам сябе называе “Брат Луіджы”, прадастаўляе жыллё, аказвае меддапамогу, дапамагае ў аднаўленні дакументаў жабракам і валацугам. Госці Аляксея — бяздомныя старыя, тыя, хто адбыў тэрмін зняволеныя, хворыя небаракі. Галоўны герой фільма на сабе адчуў зменлівасць лёсу. Выхаванец інтэрната, ён атрымаў адукацыю фельчара, працаваў на “хуткай дапамозе”, але не вытрымаў спакусы, быў асуджаны за продаж наркатычных рэчываў. У калоніі Аляксей стаў рэлігійным чалавекам, і атрымаўшы свабоду, стаў дапамагаць бяздомным ды нямоглым. У выніку за некалькі гадоў такога падзвіжніцтва праз звычайны вясковы дом Шчадрова прайшло каля ста чалавек. Шмат каму з іх прытулак дапамог не толькі выжыць, але і вярнуцца да нармальнага жыцця: аднавіць дакументы, атрымаць рэгістрацыю, пенсію, жыллё, працу.

“Госці” — павольны і ўважлівы погляд на жыццё Шчадрова ды яго падапечных. З раніцы да вечара “госці” — пастаяльцы — праводзяць у павольных гутарках на шчыльна пастаўленых у невялічкім пакойчыку ложках. Іх жыццё было бессэнсоўным і бязлітасным, але цяпер яны пачуваюць сябе ў бяспецы. У процівагу ладу жыцця “гасцей”, галоўны герой бесперапынна перасоўваецца ў кадры. Аляксей — “Брат Луіджы” вядзе жыццё гэткага падзвіжніка, своеасаблівай “маці Тэрэзы” нашых дзён.

Аб прытулку Аляксея Шчадрова неаднаразова пісалі і здымалі. Два гады таму здымаў рэпартаж і сам Андрэй Куціла, але “Госці” адрозніваюцца ад тэлевізійнага рэпартажу сваёй глыбінёй, удумлівасцю, мастацкім узроўнем. Фільм не перагружаны лішняй інфармацыяй, ён ненадакучлівы і дазваляе гледачу стаць паўнавартасным назіральнікам. Гэтаму спрыяе стыль Андрэя Куцілы, вядомы па яго папярэдніх работах “Фокусная адлегласць” і “Днюка”: адстранёны, але ўсёабдымны.

У карціне няма закадравага тэксту, і пра пэўныя дэталі сюжэта ды біяграфію галоўнага героя глядач даведаецца толькі з фінальных цітраў. Але гэтыя дэталі цягам амаль гадзіны стужкі застаюцца незапатрабаванымі: у гэтым кіно галоўнае — эмоцыі і атмасфера. А апошняя ствараецца трапнай рэжысурай ды цудоўнай аператарскай работай самога Куцілы, якога ў паездках у вёску ніхто не суправаджаў. Магчыма, такая, з аднаго чалавека, здымачная група дазволіла падабрацца да герояў найбліжэй. Штучнасці або няшчырасці перад камерай героі фільма не дэманструюць. Аўтар карціны зафіксаваў і перадаў жыццёвую плынь у гэтым замкнёным, спецыфічным коле.

Камера ў “Гасцях” — статычная, у фільме пераважаюць агульныя планы, і аўтар прапануе гледачу самому выбіраць на іх вартыя разгляду дэталі. Пры гэтым кадр у стужцы старанна прадуманы, вывераны да найменшай дэталі, кампазіцыя кадраў — бездакорная. У кожны з іх змяшчаецца ці не ўсё, што акружае хату Аляксея Шчадрова ды яе насельнікаў. Пазбаўлены закадравай музыкі, за выключэннем фіналу, фільм мае багатае гукавое рашэнне. Героі прамаўляюць надзвычай мала, але нават некалькі іхніх фраз або фрагментаў трансляцыі радыёперадач са старога прымача — вельмі значныя рыскі агульнай палітры стужкі. Дарэчы, гукарэжысёр карціны Вячаслаў Крук, які не прысутнічаў на месцы здымак, адзначае выдатны запіс гуку рэжысёрам.

Фільм быў зняты за некалькі прыездаў у вёску Аляксандраўку мінулай зімой. Але падрыхтоўчая работа, кантакты з будучымі героямі вяліся на працягу двух гадоў. Важная, хоць і невялікая, частка карціны здымалася ў Італіі, куды галоўны герой прыязджае ў пошуках падтрымкі для свайго прытулку. У маленстве выхаванец дзіцячага дома Аляксей кожнае лета адпачываў у італьянскай сям’і з маленькага гарадка Кампабаса, што за некалькі гадзін язды ад Рыма, а цяпер наведваецца туды ў госці. Здымкі італьянскай часткі фільма, па прызнанні самога рэжысёра, даліся нялёгка: значна больш складана паводзіў сябе сам галоўны герой, рымскія вуліцы былі зняты прыхаванай камерай. Аднак літаральна за некалькі гадзін удалося адзняць сцэны, што для “Гасцей” сталі вельмі важнымі. На кантрасце гарадской, сонечнай Італіі застылая ў сезон зімовых халадоў беларуская вёска і яе насельнікі выглядаюць больш чым фактурна. Для падзвіжніка Брата Луіджы яна становіцца своеасаблівай галгофай, на якую ён узыходзіць кожны дзень.

Тэма “Гасцей” для айчыннай дакументалістыкі не новая. Некалькі гадоў таму ў закрытай сёння Студыі імя Іаана Воіна была створана карціна пра жыццё прытулку на так званай Лысай гары — адным з падворкаў Свята-Елізавецінскага манастыра ў Мінску. Але і сам імправізаваны прытулак Аляксея Шчадрова, і фільм “Госці” — куды больш камерныя па сутнасці, ды не менш цікавыя і важныя для грамадскага ўсведамлення. Гаворка не толькі пра нейкія маральныя высновы (у рэшце рэшт, у фільме мы бачым італьянскіх жабракоў, якія знаходзяцца ў больш гаротным становішчы, чым старыя з прытулку Брата Луіджы). Дакументальнае кіно, як і ўсялякае мастацтва, дае чалавеку рэдкую магчымасць атрымаць унікальны эмацыйны досвед, немагчымы ў рэальным свеце. “Госці” — адзін з самых удалых за апошні час беларускіх фільмаў, які не толькі распавядае пра тых, каму значна цяжэй, чым сярэднестатыстычнаму гледачу, але і дапамагае зразумець жыццё непадобнага на цябе чалавека. У гэтым сэнсе карціну цяжка пераацаніць.

Фінал стужкі нечакана выбухае арганнай музыкай Баха. Спачатку такое рэжысёрскае рашэнне да гэтага цалкам пазбаўленага закадравай музыкі фільма падаецца занадта эмацыйным і спрэчным, але потым становіцца зразумела, што Бах — тая музыка, што злучае нябёсы і зямлю…