Пад аховай анёлаў

№ 17 (1195) 25.04.2015 - 01.05.2015 г

“Увасабляе сабой Радзіму”
Цяпер, калі Гаўрылы Харытонавіча не стала, яго карціна “Калядны сон” глядзіцца зусім інакш. Тое, што твор — аўтапартрэтны, мастак і сам пацвердзіў удакладненнем назвы. Але раней гэта быў проста “часовы сон пад аховай анёлаў”. Зараз жа — вечны. Чорная (хочацца сказаць: зямельная) цемрадзь, праз якую не могуць даслаць сваё крылатае святло нават вешчуны Бога, але неба — у напружаным, пераможным змаганні за душу творцы, што спакойна спачывае, бо сумленна зрабіў жыццёвую справу: спраўдзіў дадзены яму Боскі талент...

/i/content/pi/cult/530/11492/8-3.jpg

Гаўрыла Вашчанка. "Калядны сон".

Гэтак жа надчасава ўспрымаюцца зараз і многія іншыя партрэтныя ўвасабленні. Можа, таму, што Вашчанка ніколі не ўвекавечваў тых, да каго не адчуваў душэўнай спагады ды шчырасці. Прыгадваю, як уразілі мяне калісьці безыменныя (для нас, а не для яго!) героі чарнобыльскага цыкла: цьмяна, няпэўна, неяк сілуэтна праглядваліся праз калючы дрот небяспечнай зоны жаночыя постаці… Затое ў іншых партрэтных творах гэтага цыкла: мастак дазволіў нам угледзецца амаль у біблейскія твары шматпакутных ахвяр экалагічнай катастрофы ХХ стагоддзя. Чарнобыльская тэма невыпадковая ў творчасці Вашчанкі, бо ён сам нарадзіўся ў вёсцы Чыкалавічы Брагінскага раёна, якая апынулася ледзь ці не ў эпіцэнтры тых трагічных наступстваў... Зноў прыгадваю яго словы: “Гады дзяцінства і юнацтва даюць запас уражанняў на ўсё жыццё. Брагіншчына — сама зямная прыгажосць, а яе так недарэчна “зачарнобілі”, зрабілі небяспечнай… У ранні перыяд сваёй творчасці я часта звяртаўся да родных мясцін, да блізкіх людзей, якія нарадзіліся і жывуць там або, на вялікі жаль, сваё ўжо аджылі…” І, нібыта асэнсоўваючы сказанае, нечакана дадаў: “Кожны сапраўдны творца ўвасабляе сабой Радзіму…”

Гэтыя словы можна лічыць эпіграфам да творчага шляху Вашчанкі. Радзіма прысутнічае ці не ў кожным яго творы. Ён народны — па ўсёй сутнасці светаадчування. Нават партрэты, пры іх канкрэтнай індывідуальнасці, маюць абагульнены характар. Гэта тычыцца перш за ўсё такіх работ, як “Прарок”, “Легенда Нясвіжа”, “Успаміны пра будучыню”, “Мінская рапсодыя”, “Шляхціч”, шматасацыятыўных, тых, якія сведчаць аб значнасці творчага дыяпазону, беларускасці светаўспрымання і таленавітым засваенні традыцый. Ёсць у экспазіцыі і партрэты асоб, якія, з пункта гледжання аўтара, увасабляюць Радзіму. Гэта і “Барбара Радзівіл”, і “Князь Чарадзей”, і “Ірына Паскевіч”, і “Міхась Пташук”, і “Пясняр Мулявін”. У цыкле мы бачым і адно з лепшых партрэтных увасабленняў Васіля Быкава: незвычайны ракурс, валявая сканцэнтраванасць характару…

Вашчанку вылучала найталенавітае ўменне перадаць няўлоўнасць спалучэння рэальнага з прымроеным. Ён упэўнена пачуваўся і ў мінуўшчыне, і ў блізкім часе. Гістарычныя рэаліі бездакорна рабіў мастацкімі. Пра гэта зноў думаеш, калі па-новаму, з адчуваннем прысутнасці пры спрадвечным адчуванні часу, бачыш творы “Палеская мадонна”, “Беражы нас Бог і Архангел Гаўрыіл (праўнуку Гаўрыілу)”, “Натхненне”, “Гаспадар зямлі”, “Успаміны пра будучыню”…

Асобнай гаворкі патрабуюць партрэтныя ўвасабленні родных і блізкіх мастака. Іх шмат на выстаўцы: “Партрэт Мацільды”, “Бабка Насця”, “Яна”, “Лена”, “Партрэт брата”, “Унучка Алеся”, “Сын”… Усе яны нават роднасна абагульнены. Кожны можа пазнаць у іх і нешта сваё, асабістае, бо сапраўднае выяўленчае мастацтва гэтым і адрозніваецца ад фатаграфіі. Іканапісны, нібыта выдыхнуты ўсёй магутнасцю вялікага таленту творцы, партрэт маці, — лепшы таму доказ. На такія работы калі небудзь будуць маліцца. Дый цяпер — не грэх…

Аднойчы пачуў ад Гаўрылы Харытонавіча: “Заўжды хочацца выклікаць сваёй творчасцю адчуванне касмічнасці. Не, не ў сэнсе палётаў у космас. Проста, я думаю аб тым, што мы не адзінокія ў Сусвеце. Для мяне касмічнасць — гэта і патаемная прадвызначанасць…”. Так, ён ужо тады адчуваў тое, што асабліва яскрава цяпер адчуваем і мы…

Светлагорская карцінная галерэя “Традыцыя” імя Германа Пранішнікава прадстаўляе першую паслясмяротную выстаўку твораў народнага мастака Беларусі Гаўрылы Вашчанкі. Між іншым, у біяграфіі гэтага знакамітага жывапісца менавіта тут многае адбывалася ўпершыню. Тут ён паказаў, бадай, першую персанальную экспазіцыю на роднай яму Гомельшчыне, першую акварэльную выстаўку… Менавіта ў Светлагорску ўпершыню пабачылі яго “Сямнаццаць зім”. Тут узнікла ідэя аб адкрыцці ў Гомелі ягонай галерэі, што цудоўна была ажыццёўлена. У нашым горадзе ў Палацы культуры хімікаў (так называўся сённяшні Гарадскі цэнтр культуры) ён ствараў манументальны роспіс “Зямля светлагорская”, які стаў хрэстаматыйным. І вось зараз, ізноў жа, упершыню, сабраны партрэты тых, хто ім увекавечаны. Паўтаруся, што пасля таго, як творцы не стала, ягоныя карціны набываюць нейкі іншы, падсвядомы сэнс і глядзяцца менавіта з той незалежнасцю, якой надзяліў іх мастак. А ўва мне здаўна жыве адчуванне таго, што сапраўдны талент прыходзіць да нас з будучыні і вяртаецца ў яе. Думаю пра гэта больш упэўнена цяпер, прыгадваючы шматлікія сустрэчы ды гутаркі з Гаўрылам Харытонавічам, ведаючы, што творы яго набылі сусветную вядомасць. Дык чаму б на радзіме і ў Мінску, дзе ён жыў і працаваў, не прысвяціць народнаму мастаку, прафесару, стваральніку кафедры манументальна-дэкаратыўнага мастацтва Акадэміі хаця б мемарыяльную дошку?..

Вось такое нечаканае завяршэнне атрымалі мае нататкі аб першай паслясмяротнай выстаўцы твораў Гаўрылы Харытонавіча Вашчанкі...

Ізяслаў КАТЛЯРОЎ, мастацтвазнаўца

Светлагорск