Зусім не ілюзія

№ 17 (1195) 25.04.2015 - 01.05.2015 г

Тэатральныя эксперыменты маладых: не ад слова “экс”
17 — 19 красавіка ў Мінску прайшла Трэцяя Лабараторыя рэжысёрскіх праектаў Цэнтра эксперыментальнай рэжысуры. Упершыню ў яе рамках былі не толькі чыткі п’ес ды эскізы спектакляў, але і завершаныя пастаноўкі — дыпломныя работы сёлетніх выпускнікоў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. Па збегу абставін гэтыя праекты апынуліся побач з іншымі тэатральнымі эксперыментамі: першым спектаклем новага праекта “Драма Live”, дзе пастаноўкі дэманструюцца ў нязвыклых сцэнічных варунках (а менавіта: у рэальных “дэкарацыях” розных аб’ектаў гарадской прасторы), і прэм’ерай спектакля “Ілюзіі” па п’есе Івана Вырыпаева ў Цэнтры сучасных мастацтваў.

/i/content/pi/cult/530/11489/7-1.jpg

Сцэна з эскіза да спектакля "Аднакласнікі". / Фота Вікторы БЕЛЯКОВАЙ

Уключанасць апошніх дзвюх падзей у “лабараторную” сферу выглядае натуральна яшчэ і таму, што яны насамрэч з ёй звязаны. Студэнтка БДАМ Алена Сілуціна, у рэжысуры якой чытка п’есы “Участковыя, або Пераадоленне супрацьдзеяння” Віталя Каралёва ішла ў Музеі МУС, — актыўная ўдзельніца Лабараторый. А “Ілюзіі” — увогуле самы што ні ёсць непасрэдны “прадукт” Цэнтра эксперыментальнай рэжысуры, дый пастаўлены яны яго арганізатарам і кіраўніком, ініцыятарам Лабараторыі, старшым выкладчыкам той жа Акадэміі мастацтваў Таццянай Траяновіч. Яднаючым момантам было і тое, што кожны паказ завяршаўся абмеркаваннем, дзе можна было не толькі падзяліцца думкамі, але і атрымаць “зваротную сувязь”, задаўшы пытанні пастаноўшчыкам і артыстам. Ці пачуць гнеўны “разнос” у адказ на крытычныя словы (праўда, з боку не саміх пастаноўшчыкаў, а выкладчыкаў, якія, да іх гонару, з усім тэмпераментам абаранялі сваіх падапечных: маўляў, няма чаго каршуком на куранят накідвацца!). Зразумела, што разглядаючы пералічаныя падзеі разам, як адзін непарыўны працэс, можна ўбачыць і рэальны плён такіх Лабараторый, і перспектывы іх развіцця, наўпрост звязаныя з іх кіраваннем. А ў самой праграме Лабараторыі выявіўся і відавочны плён іншых тэатральных падзей: да прыкладу, п’еса “Фундаменталісты” сучаснага фінскага драматурга Юха Ёкела была прапанавана арганізатарамі леташняга Міжнароднага форуму тэатральнага мастацтва “ТэАРТ” і яе чытка, падрыхтаваная студэнтамі (і паўтораная на Лабараторыі), увайшла ў дадатковую праграму фэсту.

Адметнасцю і, калі хочаце, заваёвай Трэцяй Лабараторыі бачыцца ўжо сам выбар драматургічнага матэрыялу ды, шырэй, тэм. У адрозненне ад нашых рэпертуарных тэатраў, якія найперш дбаюць пра продаж білетаў і запаўняльнасць залы, студэнцкія пастаноўкі, на шчасце, гэтага пазбаўлены. Не падпільноўваюць іх і праблемы з вырашэннем аўтарскіх правоў: усе паказы — бясплатныя, хіба што некаторыя, з абмежаванай колькасцю гледачоў, — па папярэднім запісе. Таму маладыя рэжысёры звяртаюцца і да Сэмюэля Бэкета — класіка тэатра абсурду, і да сучасных, літаральна ўчора-сёння напісаных п’ес замежных аўтараў, у прыватнасці — з Фінляндыі, Польшчы. Дык што ж мы ўбачылі?

Так здарылася, што з-за хваробы некаторых удзельнікаў былі адменены паказы трэцякурснікаў спецыялізацыі “Рэжысура тэатра (эстрада)”. Затое сімвалічна, што з-за гэтага лабараторныя прагляды адкрываліся не накідамі, а паўнавартасным спектаклем “Апошняя стужка Крэпа” С.Бэкета, які ў якасці дыпломнай работы паставіў замежны студэнт Солх Дуст Анушэ.

Першае, чаго яму ўдалося дасягнуць, дык гэта стварыць для публікі незвычайную атмасферу. Спачатку ўсіх заводзяць у асобны пакойчык для “інструктажу” — просяць не проста сцішыць гук, а цалкам адключыць тэлефоны ці проста пакінуць іх тут. Потым, крыху падсвечваючы ліхтарыкам шлях, усіх праводзяць у “залу” насупраць, дзе пануе апраметная цемра. Мы ідзём адно за адным, быццам героі карціны Пітэра Брэйгеля Старэйшага “Прыпавесць пра невідушчых”. Пад нагамі штосьці злавесна храбусціць, а на кожным крэсле, акрамя праграмкі, ляжыць банан — вядома, натуральны. Бяру яго ў рукі і пачынаю ліхаманкава прыдумляць, які ж такі інтэрактыў “з бананамі” зробяць у спектаклі (бо і ў п’есе гэты фрукт згадваецца), але дзея не проста пачынаецца, яна ўжо ідзе, пакуль мы рассаджваемся. А гэта ўсяго пятнаццаць гледачоў. І да незвычайнасці атмасферы, да моцнага эмацыйнага пасылу, створанага цемрай, далучаецца пачуццё “абранасці”.

Пяцікурсніца-завочніца Каміля Хушаінава ў ролі старога Крэпа? Аказалася, гэта магчыма. У паўцемры, калі асвятляецца літаральна толькі частка твару, а ўсё астатняе дамалёўваецца праз гукі-рухі, можна было без цяжкасці паверыць, што перад намі — рэальны стары (асабліва калі “дамаляванае” аблічча выпадкова там-сям не парушалася залішняй спрытнасцю). Але такому ходу — дзяўчына ў ролі старога — усё роўна хацелася якога-небудзь дадатковага “апраўдання”: маўляў, не толькі таму, што старых студэнтаў няма, затое ёсць магчымасць прадэманстраваць акцёрскія здольнасці моладзі. Асабіста я ўбачыла ў гэтым прамы зварот да юнацкай аўдыторыі: паглядзіце, якой “развалінай” вы калісьці будзеце, таму паважліва стаўцеся да бацькоў і дзядоў — і пачынайце рабіць сваю жыццёвую справаздачу ўжо сёння, каб потым было менш расчараванняў.

А з бананам усё аказалася вельмі трывіяльна: гэта быў проста падарунак. Так бы мовіць, падсаладзіць наша несалодкае жыццё, стварыць альтэрнатыву тым несалодкім думкам, на якія правакуе спектакль. Цікава, што сам рэжысёр, як высветлілася, імкнуўся зрабіць “…Стужку” ўсё ж аптымістычнай напрыканцы, але гэта наўрад ці “чыталася”. Бракавала і больш распрацаванай унутранай драматургіі. Але ўжо сам зварот да такой глыбока філасофскай тэмы сведчыў, што наша моладзь па сваіх памкненнях больш сталая, чым мы яе сабе, магчыма, уяўляем.

У час абмеркаванняў высветлілася, што “нажніцы” паміж пачатковай задумай і яе вынікам — справа нярэдкая. Прычын тут шмат, у тым ліку цалкам аб’ектыўных. Мастацкі твор увогуле мае звычку развівацца не толькі “па загадзе” таго ж рэжысёра, але і быццам “сам па сабе”, паводле ўласных законаў, не падпарадкаваных волі аўтара. Дый у аўтарскіх памкненнях падсвядомае (асабіста нешта балючае, што не дае спакою) часта бярэ верх над свядомым. Было відавочна: моладзь ва ўсіх п’есах шукае тое, што ёй бліжэй.

Не мог пакінуць абыякавым дыпломны спектакль “Нясумны сад” Юліі Альшэўскай паводле “Віру” Аляксандра Астроўскага, які ўвосень прадстаўляў Беларусь на ХІ Міжнародным фестывалі студэнцкіх тэатраў. Мы ўбачылі прафесійна сфарміраванага рэжысёра, схільнага да сучасных прыёмаў і сродкаў выразнасці, са сваім поглядам на літаратурны матэрыял, уменнем яго перапрацоўваць адпаведна з абраным азначэннем — “сцэны сямейнага “шчасця”, трагікамедыя па матывах…”. Кідаліся ў вочы рэжысёрскія прыдумкі, у тым ліку ў сцэнаграфічным рашэнні. Але над усім панавала нават не думка, а проста роспач, пададзены на дзіва плакатна: як сумясціць сямейныя праблемы з творчым ростам? Паводле спектакля — аніяк: ажаніўся — зажурыўся, а не ажаніўся — усё ёсць, ды шчасця няма. Але сама Юлія ўбачыла гэта, прычым нечакана для сябе, толькі пасля заканчэння працы.

У тых жа фінскіх “Фундаменталістах” рэжысёр-чацвёртакурснік Дзмітрый Цішко, як прызнаўся, хацеў выявіць ўзаемаадносіны герояў, хаця куды актуальнейшымі там бачыліся больш шырокія тэмы. Свабоды і несвабоды. Веры, даверу — і сляпога падпарадкавання, ідалапаклонства. Дапытлівага розуму, які ўсё падвяргае сумневу ды шукае доказы, — і прымання чужых думак апрыёры, без аналізу ды выпрацоўвання ўласнай пазіцыі.

Меркаваць пра ідэю спектакля, абапіраючыся на паказаныя эскізы, аказалася больш складана. Калі бачыш урывак, заўсёды маеш на ўвазе, што іншыя сцэны з яго могуць быць і прынцыпова кантраснымі, абвяргаючы толькі што сказанае, і вобразы могуць развівацца ажно да сваёй супрацьлегласці. Паглядзеўшы эскіз спектакля “Двое бедных румынаў, якія гавораць па-польску” сучаснага польскага драматурга Дароты Маслоўскай у пастаноўцы Станіслава Савосціна (і з яго ўдзелам у адной з цэнтральных роляў), можна было падумаць, што рэжысёр імкнуўся ўвасобіць камедыю становішчаў, толькі больш жорсткую і крыху “наадварот”, са спачуваннем да пацярпелага вадзіцеля. Аказалася ж, ён імкнуўся выклікаць спачуванне да “дваіх бедных румынаў”, у якіх і сапраўды ўсё скончыцца трагедыяй: Джына павесіцца. Пэўна, трэба глядзець увесь спектакль! Але і па гэтым фрагменце былі заўважны ўдала вызначаны тэмпарытм, цікавая праца з тэкстам, імкненне знайсці свой рэжысёрскі ход.

У эскізе спектакля “Каралева прыгажосці з Лінэйна” Марціна МакДонаха, прапанаваным Ірынай Цішкевіч і акцёрамі Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа, нечаканым аказаўся вобраз старой Мэг, створаны заслужанай артысткай Рэспублікі Беларусь Таццянай Ліхачовай. У прапанаваным фрагменце менавіта яна — ціхая, мяккая, безабаронная — павінна была атрымаць сімпатыі гледачоў. Але, як вядома, шматгадовыя паводзіны і дзеянні гэтай зусім не “мілай” бабулькі прыводзяць да таго, што яе дачка вырашаецца на забойства маці. Дый у прапанаваным пачатку спектакля Морын (Анжаліка Баркоўская) знаходзілася ўжо не проста “на ўзводзе”, а літаральна на піку нервовага зрыву. Што атрымаецца з вобразамі надалей? Як яны будуць развівацца да фіналу? Пра гэта даведаемся, калі праз час наведаем Віцебск, дзе спектакль і будзе пастаўлены.

Эскізам, па якім можна было ледзь не цалкам прадбачыць вынік, сталі “Аднакласнікі” сучаснага польскага драматурга Тадэвуша Слабадзянека ў пастаноўцы Валянціны Мароз, якая скончыла рэжысёрскую магістратуру Школы-студыі МХАТ і Цэнтра імя Усевалада Меерхольда. Вабіла абраная тэма — даваенны і ваенны час скрозь прызму лёсаў былых аднакласнікаў, выяўленне таго, як выспявае канфлікт, што і як яго “падагравае”. Прыцягвалі дакладна знойдзеныя сродкі ўвасаблення, вытрыманы стыль акцёрскай ігры, намацаваны ансамбль (а перад намі былі ўсяго толькі другакурснікі БДАМ майстэрні Мікалая Кірычэнкі — між іншым, вельмі актыўныя ўдзельнікі самых розных праектаў). Вельмі хацелася б, каб гэты спектакль убачыў святло рампы: ён мог бы стаць не толькі рэпертуарным, але і вельмі запатрабаваным, асабліва сярод моладзі, правакуючы яе на праблемныя пытанні маральнага выбару, выхоўваючы патрыятызм — не “паказны”, што мацуецца на завучаных лозунгах, а асэнсаваны асабіста.

Праблему выбару абмяркоўвалі і пасля чыткі дэбютнай п’есы “Участковыя…” маладога беларускага аўтара Віталя Каралёва — у рамках не Лабараторыі, а вышэйзгаданага праекта “Драма Live”, што ладзіцца Цэнтрам сучасных мастацтваў, Рэспубліканскім тэатрам беларускай драматургіі і Цэнтрам беларускай драматургіі. Але ж прасочвалася і іншая тэма — непазбежнасці аднолькавага па сутнасці выніку, “запланаванага” Маёрам незалежна ад таго, хто з участковых пад следствам будзе абраны “вінаватым”. Гэтага “шэрага кардынала” з падманлівым абліччам, за знешняй мяккасцю якога хаваюцца непахіснасць, няўмольнасць механізма, бліскуча ўвасобіў акцёр РТБД Ілья Ясінскі, якога мы прызвычаіліся бачыць у ролях натхнёных, закаханых, рамантычных хлапчукоў. І раптам галоўнай аказалася думка, сфармуляваная ў фінале п’есы: “Няўжо цытата з Маркеса і міліцэйская форма несумяшчальныя?”. Мяркуючы па тым, што Сяргей (Арцём Курань) звальняецца “з органаў”, — так, несумяшчальныя. Але ўжо адно тое, што паказ адбываўся ў Музеі МУС і кіраўніцтва гэтай установы пайшло насустрач творчай ініцыятыве, сведчыць пра зваротнае.

Калі “музейная чытка” папярэднічала Трэцяй Лабараторыі, дык чарговы паказ спектакля “Ілюзіі” успрымаўся яе лагічнай кульмінацыяй. Падрабязная рэцэнзія друкавалася ў “К” № 13. Дадамо хіба тое, што Таццяна Траяновіч надала п’есе абрысы “спектакля ў спектаклі”: мы сочым не толькі за героямі аповеду, але і за ўзаемаадносінамі артыстаў, якія нам усё гэта расказваюць (і нават у пэўны момант звяртаюцца адно да аднаго па імені). Атрымліваецца складаная поліфанія і нават поліпластавасць. Адзін пласт — чацвёра нябачных герояў, паміж якімі не ўсё так проста, як спярша здаецца. Другі — чацвёра апавядальнікаў, у кожнага з якіх сваё стаўленне да кожнага (!) з герояў. Трэці — узаемаадносіны паміж апавядальнікамі, дзе ў кожнага — свой характар і манеры, нават іншы стыль сцэнічнага існавання. І да ўсяго — неаспрэчна шчаслівая “закаханая” пара: пяты паўнавартасны ўдзельнік спектакля — Арцём Давідовіч з гітарай. Яго музіцыраванне набліжае жанр да меладрамы — не ў цяперашнім “мыльнаоперным” сэнсе, а ў ранейшым, калі пад гэтым азначэннем разумелі нават не музычна-драматычны твор ХVIII стагоддзя, а ўласцівае Сярэбранаму стагоддзю чытанне вершаў на фоне музыкі, што рухаецца за тэкстам, адлюстроўваючы ўсе яго эмацыйна-зместавыя павароты. Ну а фінальнае відэа — гэта і класіцысцкае “рэзюмэ”, і рамантычнае шматкроп’е, і поставангардны “вінегрэт”, і філасофскі космас — і, у рэшце рэшт, удала пастаўлены “першы паклон”.

Чакаем працягу! Бо стала відавочна, што рэжысёрскі эксперымент у Беларусі — зусім не ілюзія.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"