Вучыцца ў жыцця…

№ 17 (1195) 25.04.2015 - 01.05.2015 г

Надзея ГАРКУНОВА, кінарэжысёр
Ці можна дасягнуць поспеху ў жыцці без выпрабаванняў? Мяркую, не. Без выпрабаванняў надыходзіць застой. Выпрабаванні патрэбны: пачынаеш глядзець на рэчы з іншага боку, аналізаваць, раскладваць па паліцах...

/i/content/pi/cult/530/11485/5-3.jpgПамятаю, неяк мы з адным мастаком, седзячы на кухні, практычна першымі на студыі стварылі графічную застаўку для цыкла тэатральных шоу “Патаемны намер” (гэта быў 1991-ы), а потым і “АртКлуб”… У Мінску тады была ўсяго пара камп’ютараў і ўжо з’яўляліся свае “кулібіны”. Ведаеце, колькі інтрыг давялося вытрываць з-за таго, што хацелі прабіцца скрозь “шэрую масу”? Ці як выклікалі на дыван пасля спектакля “Дзiвакі з Баркаўцоў”? Гэта былі цудоўныя навелы-казкі, якія мне давялося паставіць з выдатнымі купалаўцамі: Генадзем Аўсяннікавым, Віктарам Манаевым, Мікалаем Кірычэнкам, Наталляй Качатковай... А быў яшчэ бенефіс для Ліліі Давідовіч... Тагачасныя “галоўныя” ўсё шукалі падвоху, але, на шчасце, гэтыя работы захаваліся ў фондзе, як і многія іншыя, зробленыя насуперак перашкодам. А дзе тыя “галоўныя” цяпер? Ды колькі ўсяго было — не згадаеш кожны выпадак... Наплакаўся ў падушку, выгаварыўся самым блізкім, устаў — і наперад, працуй далей, інакш даўно з’елі б… Галоўнае, што робім шмат і насуперак.

З выпрабаваннямі на трываласць становішся больш разборлівым ды ашчадным да самога сябе. Гэта своеасаблівыя лекі для душы, пасля прыняцця якіх набываеш спакой, упэўненасць. Але дзейнічаюць гэтыя лекі толькі тады, калі чалавек гатовы вучыцца ў жыцця, а не эксплуатаваць яго.

Існуе меркаванне: чалавек павінен ісці ў нагу з часам.Што гэта значыць? Чалавек сам вырашае, куды і як яму крочыць. Духоўныя каштоўнасці — па-за часавымі межамі, а іх разуменне прыходзіць да кожнага ў сваім узросце. Напрыклад, дыпломны спектакль я здымала па п’есе Яўгена Шабана “Вячэра”, дзе Таццяна Мархель у свае сорак іграла 80-гадовую бабулю. Памятаю, шмат скептыкаў было тады, але, на шчасце, Таццяна Арлова і Георгій Колас — мэтры тэатральнай крытыкі — падтрымалі мяне, рэжысёра-пачаткоўца, ды, наадварот, адзначылі маё памкненне да вечнага, нязменнага... І, насуперак меркаванням скептыкаў з тэлебачання, гэты спектакль трапіў у “Энцыклапедыю літаратуры і мастацтва Беларусі” — у раздзел “Тэлетэатр”. Гэта быў вялікі аванс для маладога рэжысёра, і планка ўжо адразу аказалася высока паднятай…

У маладосці мы назапашваем досвед, каб у сталым узросце было з чым працаваць. І памылкі неабходны, і перажыванні з усёй невясёлкавай палітрай... Галоўнае — заставацца самім сабой, прыслухоўвацца да сваёй прыроды. Безумоўна, усе мы жадаем, каб не было страчанага або зацягнутага часу. Здаецца, усё трэба рабіць адразу. Але шмат чаго павінна дачакацца свайго часу. І калі раней я перажывала, што той або іншы фільм у мяне не запускаецца тады, калі мне гэтага хочацца, то зараз успрымаю ўсё спакойна, таму што з любоўю і разуменнем пачала ставіцца да часу. І, дарэчы, аналізуючы мінулае, бачу: усё заўжды здаралася своечасова ды правільна. Дзесяць гадоў ляжаў мёртвым грузам мой матэрыял пра Шагала, пачыналі які да 100-годдзя Майстра, потым усё знятае было сцёрта, але жаданне прысвяціць працу мастаку не знікала… Калі я працавала ўжо на “Тэлефільме”, мне трапілася ягоная кніга “Маё жыццё”. І праз дзесяць гадоў я зняла па матывах гэтай кнігі стужку “Мой пачатак” з Віктарам Манаевым. Гэта была практычна першая дакументальна-мастацкая экранізацыя ў Беларусі!..

Потым прыйшоў поспех, і адразу — другі фільм з Віктарам Манаевым па матывах гогалеўскага “Шыняля”. Мы тады з Віцем даўно падбіраліся да гэтага матэрыялу, але не давалі пастаноўку, і я прыдумала стужку “Несыграная роля”, дзе перапляліся ніткі лёсу і пісьменніка, і ягонага героя, і майго героя — як узлёты, так і падзенні. На шчасце, мы атрымалі чарговую творчую перамогу, і гэтая праца стала ў пэўным сэнсе класічнай. Яе заўважылі, шмат пісалі пра яе, і з лёгкай рукі ды строгага погляду Вольгі Нячай яна ўвайшла ўжо ў энцыклапедыю сучаснага кінамастацтва. Цьфу-цьфу-цьфу, але перамог было больш, чым паражэнняў…

Апошнім часам я вельмі хвалююся за маладых калег, якім з кожным днём усё больш складана супрацьстаяць паўсюднаму дылетантызму, бо перарвана нітка пераемнасці пакаленняў. Але ў мяне па-ранейшаму застаецца надзея на новую хвалю прафесіяналаў, якія годна працягнуць традыцыі мэтраў айчыннага тэлебачання...

Занатавала Кацярына ЛЯВОНАВА