А ён ад стварэння быў буйным цэнтрам тэорыі народнай культуры і сапраўдным крэатарам практычнай фалькларыстыкі Беларусі. Працы нашых супрацоўнікаў Міколы Грынчыка, Івана Цішчанкі — агульнапрызнаны буйны і плённы ўнёсак у філалагічна арыентаваную фалькларыстыку. У славянскім свеце добра вядомыя працы беларуска-польскага этнамузыколага і мовазнаўцы Галіны Кутыровай-Чубалі, якая пачынала свой педагагічны і даследчы шлях у сценах універсітэта. У саветах па абароне дысертацый установы плённа працавалі такія выбітныя даследчыкі традыцыйнай культуры, як філосаф і эстэтык Уладзімір Конан, этнамузыколаг і аўдыявізуальны антраполаг Зінаіда Мажэйка. Яны далі “шлях у жыццё” дзясяткам маладых навукоўцаў, якія сёння сваімі даследаваннямі фальклору працягваюць выконваць ва ўніверсітэце навуковы тэстамент гэтых вядомых стаўпоў беларусазнаўства.
Самыя значныя прадстаўнікі практычнай фалькларыстыкі Беларусі мяжы ХХ — ХХІ стагоддзяў — Станіслаў Дробыш, Уладзімір Гром, Мікалай Дудчанка — таксама працяглы час былі прафесарамі нашай установы. Мы заслужана ганарымся сённяшнімі сваімі супрацоўнікамі-беларусазнаўцамі: даследчыкам народнага дэкаратыўна-выяўленчага мастацтва Рыгорам Шаурам, спецыялістам па народным тэкстылі Вольгай Лабачэўскай, даследчыкам музычна-інструментальнага фальклору Наталляй Яканюк, спецыялістам па народным тэатры Пятром Гудам, даследчыкам народнага танца Юліяй Чурко, лаўрэатамі спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзеячам культуры і мастацтва за фундаментальны шматтомны фальклорны збор “Традыцыйная мастацкая культура беларусаў” этнахарэографам Міколам Козенкам, філолагам Аленай Боганевай і этнамузыколагам Тамарай Варфаламеевай. Шмат чаму могуць навучыцца студэнты ад гісторыка фалькларыстыкі Аляксандра Марозава, філолага і семіётыка Аляксея Рагулі, культуролага і тэарэтыка фальклору Энгельса Дарашэвіча ды іншых прызнаных спецыялістаў па народнай творчасці.
Універсітэт заўсёды аператыўна рэагаваў на патрэбы грамадства ў галіне народнай культуры. Калі ў міленіум навукоўцы канстатавалі небяспеку вынішчэння фальклору, наша ўстанова, пры спрыянні з боку органаў дзяржаўнага кіравання, адкрыла факультэт традыцыйнай беларускай культуры і сучаснага мастацтва, шэраг спецыяльнасцей ды спецыялізацый, якія скіраваны на захаванне такіх праяў каранёвай культуры беларусаў, як аўтэнтычныя спевы, дударская музыка, народныя промыслы і рамёствы, фальклорны тэатр. Сёння нашы выпускнікі, якія атрымалі этнамастацкую адукацыю, атрымліваюць узнагароды на мастацкіх фестывалях (як выканаўцы) ды прызы ў конкурсах работ маладых навукоўцаў (як даследчыкі). Яны стажыруюцца і працягваюць адукацыю ў замежных універсітэтах, Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, тым самым сапраўды з’яўляючыся дастойнымі пераемнікамі справы жыцця сваіх паважаных выкладчыкаў-беларусістаў.
ХХІ стагоддзе — стагоддзе націску глабалізацыі, стагоддзе небяспечных міжканфесійных і міжэтнічных канфліктаў — ставіць перад антрапалагічнымі навукамі надзвычай актуальныя задачы: задачу практычнага захавання і дзейснай трансляцыі паміж пакаленнямі скарбаў каранёвых культур усіх народаў; задачу практычнага выкарыстання этнаэкалагічнага патэнцыялу кожнай традыцыйнай культуры. Яно і не дзіва: носьбіты традыцыйнай культуры, як правіла, здольныя прыгожа і дастойна пражыць сваё жыццё ў міры ды згодзе і з сабой, і са сваімі суседзямі, і з прыродным ды сацыяльным наваколлем… Гэты досвед сёння нельга забыць ці ігнараваць. Яго неабходна адаптаваць да сучаснасці і трансляваць праз час ды прастору, інакш чалавецтву не выжыць…
Фота Юрыя ІВАНОВА