12, або З днём нараджэння!

№ 17 (1195) 25.04.2015 - 01.05.2015 г

Грандыёзнымі віртуальнымі феерверкамі “К” адзначыла гадавіну рубрыкі “Аўдыя & Відэа”. Гэтыя 12 месяцаў выдаліся для рубрыкі нялёгкімі, але захапляльнымі.

/i/content/pi/cult/530/11483/4-1.jpgНе заўсёды музычныя дзеячы па першым клічы і з задавальненнем адгукаліся на нашу прапанову стаць “цэнзарамі”-рэцэнзентамі сваіх калег. Даводзілася іх доўга ўпрошваць, казаць шчырыя кампліменты ў тэлефонную трубку, нарэшце, проста заклікаць да абавязку па “адсейванні зярнят ад пустазелля”.

Як правіла, адпіралiся поп-выканаўцы, матывуючы адмовы тым, што, маўляў, не справа гэта — паплечнікам па мастацтве судзіць адно аднаго. (Падазраю ўсё ж, што за гэтай высакароднай матывіроўкай хавалася элементарная засцярога: а раптам наступным разам на месцы рэцэнзента апынецца той, хто стаў “ахвярай”?) Цікава, што сярод “адмоўцаў” пераважалі прадстаўнікі прыгожай паловы шоу-бізнесу. Мне чамусьці здавалася, што яны, наадварот, з найвялікай радасцю ўзяліся б за напісанне пары тысяч знакаў пра работы паплечнікаў і асабліва паплечніц. Увогуле, спіс “сабатажнікаў” надзейна запісаны ў мой камп’ютар ды абаронены паролем.

Альтэрнатыўныя, рок- і фольк-музыканты, наадварот, ахвотна браліся за адказную працу, ды з пачуццём, з толкам, з расстаноўкай. Вось гэты прафесійны погляд знутры і быў нам цікавы — у прынцыпе, рубрыка і ладзілася дзеля таго, каб менавіта спецыялісты ў ёй пагаварылі аб такіх жа, як яны, спецыялістах. Ну, можа, крыху вышэйшага ці, наадварот, ніжэйшага ўзроўню. Урэшце, даводзілася праслухоўваць ды праглядаць прадукт не заўсёды выбітны.

Уласна, аб прадукце. Як вы самі пераканаліся, творчае жыццё па ўвасабленні ўласных ідэй у аўдыя- ды відэафарматах кіпіць не толькі ў Мінску. Найбольшым энтузіязмам у гэтым аспекце адрозніваліся ўсё тыя ж альт-, рок- і фольк-вытворцы выдатнага ды не вельмі. Другога каменя ў гэтай калонцы заслужылі ад мяне, ізноў жа, эстраднікi, якія значна радзей ашчаслiўлiвалi меламанаў альбомамі, сінгламі ды кліпамі. У марнатраўстве ім не адмовіш. Можа, таму дадзены жанр і варыцца які год ва ўласным соку, амаль не прапаноўваючы на выхадзе годнага матэрыялу. А прычына ў тым, што айчынныя поп-артысты шчыльна “аселі” ў клубах, на бюджэтных карпаратывах, у эфіры па большай частцы “фанерных” тэлевізійных праграм. А ў лепшым выпадку — гастралююць па Сінявокай. Часам ды фінансамі па такіх дробязях, як запіс рэлізу ды здымкі роліка, яны не раскідваюцца. І так пакажуць, усё роўна зробяць ратацыю, а хто-небудзь іхняе выступленне замовіць… Ну а творчасць іншага кшталту — потым. Як-небудзь. Магчыма. Як грошы лягуць.

Што чакае далей? Пакуль тое ж самае. Перазагружацца рубрыцы яшчэ рана, яна толькі набрала ход. Неміласэрна крытыкуючы поп-істэблішмэнт, тым не менш, хачу абнадзеіць вас, што поспехам завяршыліся перамовы з людзьмі з музычнай поп-эліты нашага грамадства, якія “далі зуб”, што гатовы ахвяраваць рэнамэ, падставіцца перад “аднаверцамі”, але выключна аб’ектыўным меркаваннем пра іх падзяліцца. Справа за новымі аўдыя ды відэа. А яны будуць, запэўніваю!..

Аўтар: Алег КЛІМАЎ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"