Ініцыятыва — насуперак інерцыі

№ 17 (1195) 25.04.2015 - 01.05.2015 г

Давялося мне прысутнічаць на адкрыцці дзіцячай мастацкай выстаўкі, прысвечанай, як і многія іншыя культурныя мерапрыемствы сёлета, юбілею Вялікай Перамогі. Выстаўка мяне прыемна ўразіла і падалася годнай інфармацыйнай падставай для абмеркавання ў прафесійным асяродку такой надзённай, на маю думку, тэмы, як стан эстэтычнага выхавання ва ўмовах “інфармацыйнага выбуху” ды выкліканай ім рэвізіі звыклых маральна-этычных каштоўнасцей. Моладзь сёння, як мне падаецца, больш за сваіх бацькоў адукаваная, але менш дасведчаная. Якім бокам грамадству выйдзе гэты перакос праз якія дзесяць-дваццаць гадоў? І з кім, зрэшты, як не з тымі, хто вучыць дзяцей мастацтву, дбае пра “разумнае, добрае, вечнае”, весці гаворку пра пазачасавыя каштоўнасці ў кантэксце сённяшняга дня!

/i/content/pi/cult/530/11478/4-28.jpgНа вернісажы я падзяліўся ідэяй “круглага стала” на згаданую тэму з дырэктарам адной са школ мастацтваў. Ён успрыняў ідэю вельмі прыязна, нават загарэўся ёю. Было відаць, што яму ёсць што сказаць не толькі па замоўленай тэме, але і па канкрэтных, непазбежных у навучальным працэсе, праблемах сваёй школы. Спадар дырэктар выказаў гатоўнасць не толькі асабіста паўдзельнічаць у такім “круглым стале”, але і прыцягнуць да сумоўя выкладчыкаў сваёй школы, якіх ахарактарызаваў як людзей, неабыякавых да згаданай праблемы. А яшчэ ўзяўся забяспечыць прысутнасць на сумоўі прадстаўніка раённай адміністрацыі, адказнага за культуру. Прапанаваную арганізацыйную дапамогу я, зразумела, прыняў з удзячнасцю.

Калі ж праз дзень я патэлефанаваў майму суразмоўцу, ён засмучаным тонам паведаміў, што чыноўнік з раённай адміністрацыі, якога ён запрасіў на “круглы стол”, ідэю сумоўя не ўхваліў. Нават не тое, каб не ўхваліў, а проста не выказаў да яе свайго стаўлення. Чыноўнік папрасіў найперш прадаставіць тэзісы, на якіх мае будавацца размова, акрэсліць пытанні, што там прагучаць, — каб ён мог паказаць іх свайму начальству. І калі яно, начальства, пасля азнаямлення з матэрыяламі загадае яму, падначаленаму, на “круглы стол” прыйсці, дык ён прыйдзе. А калі не — дык не ведае. Зыходзячы з гэтых меркаванняў, ад удзелу ў “круглым стале” і мой адпачатковы саюзнік адмаўляецца. Карацей, праявіць ініцыятыву ніхто не асмеліўся.

Ад чаго, падумалася мне, такое стаўленне? Трэба ж усяго толькі, каб ты як спецыяліст, якому баліць за справу, у нязмушанай абстаноўцы падзяліўся з такімі ж спецыялістамі ўласным бачаннем сітуацыі, якую насамрэч маеш на сваім рабочым месцы. Гэта тая ж планёрка, хіба што пра яе надрукуюць у газеце (на хвіліначку, заснаванай Міністэрствам культуры). Дарэчы, патрэбна гэта найперш табе самому, бо “круглы стол” на старонках газеты — магчымасць паведаміць пра свае клопаты ды праблемы шырокай грамадзе. А грамадскае рэха, як сведчыць практыка, рана ці позна абавязкова даходзіць да вушэй тых, хто прымае рашэнні.

Гэта я згадаў для прыкладу. І дадзены выпадак, зразумела, не той, каб рабіць з яго грунтоўныя высновы. Але ж гэта і не першая ў маёй практыцы падобная сітуацыя. Спачатку чалавек, калі яго зачэпіш за жывое, намацаеш тэму, якая яго хвалюе, на інтэрв’ю пагаджаецца, а ў апошні момант — адмаўляецца. Альбо, калі інтэрв’ю ўсё ж такі адбылося, бязлітасна крэмзае пад час візавання матэрыялу, выкрэслівае з гатовага тэксту свае папраўдзе вартыя чытацкай увагі думкі. Не іначай, меў ён напачатку спакусу сябе прапіярыць альбо справу сваю прарэкламаваць, а потым у ягонай галаве прачнуўся так званы ўнутраны цэнзар і загадаў не высоўвацца… Скажам, колькі я ўжо чуў ад творцаў высокага рангу шкадаванняў з нагоды адсутнасці ў сістэме вышэйшай мастацкай адукацыі Акадэмічных майстэрняў, дзе лепшыя выпускнікі БДАМ маглі б удасканальваць сваё майстэрства пад кіраўніцтвам мэтраў… Былі такія майстэрні пры жыцці Міхаіла Савіцкага. Цяпер у памяшканні, у свой час спецыяльна спраектаваным ды збудаваным пад навучальны працэс і не прыстасаваным пад выставачную дзейнасць, знаходзіцца Цэнтр сучасных мастацтваў. Гэта добра, але ж мы так і рэалістычную школу страціць можам, нічога ўзамен не прыдбаўшы, кажуць прафесіяналы ў мастацкай сферы. Але ад прапановы агучыць праблему ад свайго імя адмаўляліся. Мне чамусьці ў падобных сітуацыях згадвалася тэза рускага класіка Салтыкова-Шчадрына “А ну как нас за это не похвалят?” з ягонай эпапэі пра горад Глупаў.

Я далёкі ад таго, каб кагосьці ў чымсьці вінаваціць і не лічу асцярожнасць нейкай заганай. Але як можна спадзявацца на вырашэнне тых або іншых праблем, калі яны нават не агучаны, а той, хто мог бы іх агучыць, маўчыць, баючыся праявіць ініцыятыву?..

Дарэчы, паводле энцыклапедыі, ініцыятыўнасць — гэта тое, што сведчыць пра наяўнасць у асобы здольнасці да самастойных дзеянняў, якія змяняюць яе ўласны стан насуперак натуральнай інерцыі. Інакш кажучы, праяўляючы ініцыятыву, чалавек змяняецца сам, а праз яго змяняецца свет. Ініцыятыва звычайна не аплачваецца, часта падлягае пакаранню і дадае ініцыятару праблем па жыцці. Але ж кажуць: хто не рызыкуе, той не п’е шампанскага. У сэнсе, не святкуе перамогу…

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"