"Шукаю амбіцыйных работнікаў!"

№ 15 (1193) 11.04.2015 - 17.04.2015 г

Пра пазіцыю начальніка, кадравую нішчымніцу і дзень нараджэння бібліятэкара
Дадзенай публікацыяй мы завяршаем гаворку пра культуру Сенненшчыны ў рамках чарговага аўтатура, як, уласна, і сам аўтатур. Неаспрэчна, да гэтай гаворкі вернемся яшчэ не раз, бо сітуацыя ў раёне — няпростая. І тычыцца яна самых розных аспектаў дзейнасці аддзела ды яго структур.

(Заканчэнне. Пачатак у №№ 8 9, 11, 13.)

Кросны ў стылі "мадэрн"

Але спачатку — пра станоўчае і цікавае. У мінулым артыкуле заінтрыгавалі чытача, а ў гэтым патлумачым яму, як і адкуль у Сенненскім раённым доме рамёстваў узялася навюткая ткацкая тэхніка. Мы ж прызвычаіліся бачыць ткачых за кроснамі, на якіх яшчэ прабабулі ткалі і якія ледзь рыпяць ад старасці… Дык вось, Міхаіл Шыдлоўскі працуе над вырабам ткацкіх станкоў не першы год. Акрамя Сенненскага дома рамёстваў, на ягоных станках ткуць ручнікі ў Полацку, Дуброўне і Чашніках. Апроч гэтага майстар зрабіў два ганчарныя кругі і адзін станок для паясоў. На выраб кроснаў ідзе каля года. За гэты час трэба знайсці і падрыхтаваць якасную драўніну, зрабіць трывалыя дэталі. Дый кожны станок мае індывідуальныя адметнасці — усё залежыць ад таго, стацыянарным ён будзе ці перасоўным. Ад гэтага ж залежыць і кошт гатовага вырабу, які стартуе з васьмі мільёнаў рублёў.

Па прызнанні майстра, ягоная праца пакуль не надта запатрабаваная: за год не паступіла ніводнай прапановы. А таму Міхаіл Мечыслававіч падумвае, каб кінуць любімую справу і заняцца зусім іншай дзейнасцю — грузаперавозкамі. І гэта прытым, што многія айчынныя дамы рамёстваў скардзяцца на адсутнасць станкоў для ткацтва або іх кепскі стан… Словам, майстра падтрымаць трэба, хаця б піярам на старонках "К". Што мы і робім, бясплатна і з вялікім задавальненнем.

/i/content/pi/cult/528/11443/10-1.jpg

(Не)лірычнае адступленне Яўгена Рагіна

Калі летась былі ў Старых Дарогах ды аднайменнай вёсцы, падумалі пра перастварэнне старадаўняга ткацкага станка на новы капыл: з сучасных матэрыялаў і па новых тэхналогіях. Проста тамтэйшая ткачыха паскардзілася, што старадаўнія кросны даводзіцца рамантаваць пасля кожнай паездкі на фэсты ці кірмашы. Мы толькі падумалі, а ў Сянне даўно стварылі. Я да чаго? Ды нашы творцы — здольныя практычна на ўсё! Іх і рамеснікамі не выпадае назваць — адно майстрамі. Бо рамеснік толькі робіць, а майстар пры гэтым яшчэ і думае, у тым ліку перспектыўна. На гэтую тэму вельмі мала публікацый на старонках "К". Не пра тое, калі чалавек нарадзіўся ды якая ў яго адукацыя, а пра тое, як "рукамі думае", якую творчую кухню мае. Будзем пакрысе выпраўляць становішча. Мо і чытачы нам дапамогуць?..

Праблемы Нямойты

Так называецца аграгарадок — "Нямойта". І СДК, і бібліятэка месцяцца тут у канторы мясцовага сельскагаспадарчага прадпрыемства. Клубная ўстанова, нягледзячы на рабочы дзень, аказалася зачыненай. Сітуацыю патлумачыла бібліятэкар Валянціна Пінчук. Як высветлілася, кіраўнік СДК звальняецца. Замену ёй падшукаць цяжка. Таму і бяздзейнічаюць клубныя плошчы. А ці перспектыўная вёска? І тут адказы не надта парадавалі. Валянціна Аляксандраўна распавяла, што нейкая аўтарытэтная камісія правярае тутэйшае сельгаспрадпрыемства. Відаць, невыпадкова. Правяраючыя папрасілі часова размясціцца ў чытальнай зале. Валянціна Пінчук вельмі перажывала, што не можа нам яе паказаць. А менавіта тут прадстаўлены вырабы дзяцей са шматлікіх фарміраванняў. Мы паверылі ёй на слова, бо бібліятэка і бібліятэкарка нам спадабаліся. Першая — утульная, другая — кампетэнтная ды шчырая.

Чытачоў пакуль хапае. Адной толькі моладзі ад 14 да 31 года — каля сотні. Але маладосць, як ні шкада, мінае хутка. Вось і са школкай не ўсё добра, і клуб зачынены на невядомы тэрмін. Гэтую праблему мы вырашылі высветліць з дапамогай начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Сенненскага райвыканкама Сяргея Мяцеліцы, з якім знаёмыя толькі завочна, бо кіраўнік на пасадзе — адносна нядаўна.

У пошуку даходаў…

Сяргей Мяцеліца ламае стэрэатып аб тым, што прозвішча дакладна перадае характар яго носьбіта. Ніякага холаду мы не адчулі. Не, новы начальнік — вельмі прынцыповы і рашучы. Але ўсе гэтыя якасці, як нам падаецца, знаходзяцца ў той прапорцыі, якая ніякім чынам не замінае ўдасканаленню ці не самай галоўнай якасці — творчай. Як кажуць, дай Бог. Аднак тое, што кіраўніку наканавана ці не якасную перабудову ў раённай культурнай палітыцы здзейсніць, — неаспрэчна.

Пачалі размову з абмеркавання фінансавага клопату. Як высветлілася, пазалетась культура раёна зарабіла каля 600 мільёнаў рублёў пазабюджэтных сродкаў, праз год — больш за 800. Лічба ўнушальная. Вось толькі, па словах начальніка аддзела, з гэтай сумы практычна цалкам вылятае сяло. Цытуем даслоўна: “Зарабіць на платных паслугах там практычна немагчыма”. Пры гэтым у раёне — паўсотні ўстаноў культуры, якія нельга кінуць на волю лёсу. А таму кіраўніцтва стараецца ўмацоўваць матэрыяльна-тэхнічную базу найперш тых з іх, дзе бачыцца хоць нейкая перспектыва і магчымасць аказання платных паслуг.

Дык якім чынам зарабляць грошы? Стаўка збольшага зроблена на актыўнае выкарыстанне ГДК. Ці не ўсе зоркі беларускай эстрады за апошнія пару гадоў яго наведалі. Іншая справа, што гараджане не спяшаюцца развітвацца з грашыма. Таму нават начальніку аддзела даводзіцца асабіста займацца рэкламай канцэртаў. Праз масавыя забаўляльныя мерапрыемствы бюджэт папаўняецца прыкладна на 30 мільёнаў штомесяц.

Неадназначная сітуацыя склалася з дыскатэкамі. Сяргей Сцяпанавіч прааналізаваў іх эфектыўнасць. Так, калі пазалетась яны прыносілі 30 працэнтаў пазабюджэтных паступленняў, то ў 2014-м — толькі 22 працэнты. І дынаміка будзе няўхільна зніжацца. Паказальна, што ў самім Сянне, дзе жыве недзе восем тысяч чалавек, на дыскатэку збіраецца… каля сарака асоб. У той жа вёсцы Пламя (дзе “К” з аўтатурам пабывала пазалетась) з моладзі — шаснаццаць чалавек. Палова з іх — школьнікі, для якіх удзел у дыскатэках абмежаваны часам. Разумеем начальніка аддзела, што задаецца пытаннем: можна было б абнавіць матэрыяльна-тэхнічную базу мясцовага клуба, набыць сучасную апаратуру, але якая ў тым мэтазгоднасць? Да слова, з 328 населеных пунктаў Сенненшчыны ў 145 зараз — пяць і менш жыхароў...

/i/content/pi/cult/528/11443/10-2.jpg

…партнёрства…

Шукаюць у аддзеле і формы прыцягнення інвестыцый. Сяргей Мяцеліца прызнаецца, што спрабаваў заняцца трансгранічнымі праектамі. Улічваючы размяшчэнне раёна адносна недалёка ад мяжы з Расіяй, работнікі аддзела звярнулі ўвагу на Смаленскую вобласць. Нават адбыліся сустрэчы з тамтэйшым губернатарам. Аднак далей справа не пайшла: у суседзяў сфера культуры і ў саміх не ў лепшым стане. Не атрымалася плённай працы і з горадам-пабрацімам Казанню. Там былі б і рады супрацоўнічаць, але адлегласць у тысячу кіламетраў не спрыяе. Цяпер наладжваюцца стасункі з Масквой. А дакладней — з колішняй жыхаркай Сянна, якая ў расійскай сталіцы ўзначальвае асацыяцыю баяністаў. Мо ў выніку шчыраванняў у райцэнтры новыя музычныя інструменты з’явяцца? З абласнога бюджэту на гэты год для ўстаноў культуры раёна вылучаны сродкі на набыццё ўсяго аднаго камп’ютара.

Не чакаючы з неба падарункаў, работнікі сферы культуры Сенненшчыны вырашылі актыўна ўзяцца за гаспадароў і гасцей аграсядзіб. Балазе ў раёне налічваецца два дзясяткі маёнткаў, разлічаных на турыстаў. У выніку была дасягнута дамоўленасць пра ўзаемавыгаднае супрацоўніцтва. Раённы дом рамёстваў дапамагае па-мастацку аформіць аграсядзібы. Толькі на гэтым з кожнай аграсядзібы плануецца зарабіць пяць-шэсць мільёнаў. У сваю чаргу, іх госці будуць актыўна далучацца да экскурсій, распрацаваных мясцовымі музейшчыкамі, ды ўдзельнічаць у народных абрадах.

…прэстыжу…

Сяргей Мяцеліца мяркуе, што, калі музей пакуль не можа стварыць шыкоўную мультымедыйную экспазіцыю, то павінен раскручваць свае цікавосткі. І прыклад Матроны Маркевіч у сувязі з гэтым паказальны. Звязацца з роднымі, збіраць архіўныя дакументы, фотаматэрыялы, ручнікі, створаныя гэтай жанчынай, знайсці і ўладкаваць магілу славутай майстрыхі (што і было зроблена) — усё гэта каштуе не надта дорага, а вось эфект ад пазнавальнага брэнда можа быць каласальным.

Начальнік аддзела мяркуе, што вялікай патрэбы ў сувенірнай краме пры музеі пакуль няма. На ягоную думку, выдаткі перавысяць прыбыткі. Паспрабуем не пагадзіцца. Па-першае, на іміджы не эканомяць. Па-другое, у многіх раёнах краіны дзейнічаюць, і даволі паспяхова, сувенірныя крамы пры музеях. Мо было б добра зладзіць рэспубліканскі семінар або “круглы стол”, прысвечаны нюансам стварэння сувенірных крам пры аддзелах па ідэалагічнай рабоце, культуры і па справах моладзі?

… брэндаў…

Калі працягваць тэму брэндавасці, то нельга не зазначыць, што на ўзроўні вобласці Сянно стала цэнтрам развіцця лялечных тэатраў. Так, неўзабаве тут запланавана правядзенне семінара па рэстаўрацыі тэатральных касцюмаў. Поспехам карыстаюцца і тэматычныя фестывалі, да прыкладу, “Яблычны Спас” у вёсцы Пламя. Аднак для таго, каб раённы статус замяніць на абласны, няма фінансавання. Таму даводзіцца інтэграваць з культурай і традыцыйныя спартыўна-масавыя мерапрыемствы кшталту Марафона памяці Пятра Машэрава, Міжнароднага турніру па грэка-рымскай барацьбе. Прыжыўся ў раёне і маштабны фестываль байкераў, які штогод прымяркоўваецца да славутай танкавай бітвы, — 6 — 10 ліпеня.

(Не)лірычнае адступленне Кастуся Антановіча

Штогод у Беларусі праходзіць ці не пад сотню разнастайных фестываляў. Скажу шчыра, сёння спакушанага заходнееўрапейскімі і паўднёваамерыканскімі карнаваламі турыста здзівіць цяжка. Але калі і здзіўляць — то аўтэнтычнасцю. Думаецца, на Сенненшчыне з гэтым праблем не ўзнікне…

…кадраў

І ўсё ж самай вялікай праблемай аддзела Сяргей Мяцеліца лічыць кадравае пытанне. Звернемся да вёскі Нямойта, куды мы трапілі па дарозе ў Сянно. Аказваецца, жаданне працаваць у кіраўніка СДК адсутнічала, а таму было вырашана з ім развітацца. Неўзабаве ў аграгарадку плануецца адкрыць пачатковую школу-дзіцячы садок. Давядзецца запрашаць працаваць у СДК кагосьці з настаўнікаў.

Так, з горада ў вёску ніхто не паедзе. Тут нават у Раённым цэнтры культуры і народнай творчасці чатыры месяцы не было дырэктара. І гэта прытым, што заробак на такой пасадзе дасягае пяці з паловай мільёнаў рублёў, а па мерках райцэнтра гэта зусім не кепска.

Спадзяваліся на выпускніка БДУКіМ. Аднак ён, даведаўшыся, што давядзецца заставацца і на рэпетыцыі, і працаваць у выхадныя дні, і несці вялікую адказнасць, катэгарычна адмовіўся. На жаль, пакуль рэальных рычагоў уплыву на сітуацыю з кадрамі няма. А з улікам адсутнасці годнага жылля для маладых спецыялістаў прыцягнуць амбіцыйных выпускнікоў ВНУ і каледжаў проста немагчыма. Так што плануецца акумуляваць сродкі з пазабюджэтных паступленняў для прэміравання тых работнікаў, што засталіся. А іх сярэдні ўзрост — 50-55 гадоў. Але не столькі гэта хвалюе начальніка аддзела. Яго абурае, што большасць работнікаў прызвычаілася дзейнічаць па прымітыўнай напрацаванай схеме. А без ініцыятывы культура не развіваецца.

Юбілей бібліятэкара

Мы пісалі ўжо, што апошнім часам пад час аўтатураў нам шанцуе на дні нараджэнняў нашых чытачоў. З асабістым святам віншавалі бібліятэкарку з Талачынскага раёна. Надарылася прысутнічаць на аналагічных урачыстасцях і на Сенненшчыне.

Вельмі хацелі пабачыць аўтаклуб у дзеянні. І калі нам сказалі, што мабільная ўстанова выязджае ў Алексінічы, каб павіншаваць з юбілеем бібліятэкара Людмілу Шэйма, мы напрасіліся, як кажуць, на хвост.

Крыху — пра Алексінічы. Раней тут была школа. Не, будынак застаўся (менавіта тут і месціцца публічная бібліятэка), а вось вучняў ужо няма... Людміла Шэйма — на пенсіі. Але былых бібліятэкараў не бывае. Таму Людміла Васільеўна дапамагае сённяшняй гаспадыні сельскай бібліятэкі Сняжане Ткачэнка. Таму ў былой школе — заўжды ажыўлена, бо вакол бібліятэкі жыццё і віруе. Больш няма вакол чаго віраваць…

Загадчык аўтаклуба Аляксандр Васілёнак, акампаніятар — Галіна Бандарэвіч. Раней яна працавала ў ДШМ, цяпер — у РДК і на вось такіх канцэртных выездах. Васілёнак — канферансье, Банадарэвіч — музыкант-слухач, якіх цяпер днём з агнём не адшукаеш. Значыць, для работы аўтаклуба яны — кадры незаменныя. І песні былі ў гонар імянінніцы, і кветак — мора. Каб не такія вось работнікі культуры, сумная ціша панавала б у пакуль жывых Алексінічах…

Агульнае (не)лірычнае адступленне

Мы вельмі хочам, каб у Сяргея Мяцеліцы ўсё атрымалася. Надта ўжо багаты на цікавосткі Сенненскі раён. І культура тут павінна быць адпаведнай. А чытачам абяцаем, што неўзабаве абавязкова наведаем Сенненшчыну. Каб уразіцца музеем, каб здзівіцца кадравым поспехам і каб пераканацца, як мясцовыя брэнды дадаюць прэстыжу і аддзелу, і раёну.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"
Аўтар: Канстанцін АНТАНОВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"