Супадзенні і… бурштын

№ 15 (1193) 11.04.2015 - 17.04.2015 г

Арніс РАДЗІНЬШ, дырэктар Нацыянальнага музея гісторыі Латвіі
Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь прымаў гасцей з Латвіі з нагоды адкрыцця выстаўкі “Бурштын — каштоўны камень Балтыйскага мора”. Цудоўнае відовішча прывёз нам Нацыянальны музей гісторыі Латвіі, якім кіруе Арніс РАДЗІНЬШ. Спадар дырэктар падзяліўся з “К” планамі на двухбаковае музейнае супрацоўніцтва і ўражаннямі ад сустрэчы з мінскай публікай.

/i/content/pi/cult/528/11434/6-2.jpg— Наш абмен экспазіцыямі пакуль зусім малы. Мы шчаслівыя быць у Беларусі ўжо другі раз. Дзесяць гадоў таму ў Нацыянальным мастацкім музеі праходзіла наша выстаўка “Гістарычны партрэт Латвіі XVII — XVIII стагоддзяў”. Таксама я ў курсе, што і Нацыянальны мастацкі музей наведваў Латвію з візітам у адказ.

І вось што дзівіць: мы — адкрытыя народы, але пры гэтым даволі мала ведаем адзін пра аднаго. Чаму? Складана сказаць. Сённяшнія Латвія і Эстонія аб’яднаны агульным мінулым — Лівонскай дзяржаўнасцю. Вы ж, у сваю чаргу, былі ў беларуска-польска-літоўскім свеце, скажам так. У гісторыка-культурным сэнсе мы існавалі асобна. Гэта і добра, таму што нашы людзі — сапраўды розныя і непадобныя.

Мы ў Рызе не так даўно падпісалі дамову з Нацыянальным гістарычным музеем Беларусі. Паглядзім, які плён гэта нам прынясе. Бо культура — гэта выдатна, але калі гаворка заходзіць пра грошы, пачынаецца рэальнае жыццё. Нам вельмі пашанцавала і, лічу, вам таксама, што менавіта Латвія сёлета старшынствуе ў Еўрапейскім Саюзе, што дадзеная выстаўка ўжо аказалася падрыхтавана, а таксама і статус Культурнай сталіцы Еўропы-2014, якім валодала Рыга, нельга скідваць з рахункаў. Пры гэтым нашы ўстановы ды іх дырэктары аказаліся ўзаемна вядомымі адно аднаму.

Наш музей зараз знаходзіцца ў пераходнай сітуацыі. Рамонт вымусіў нас разысціся па часовых памяшканнях з асноўнага будынка. Спачатку мы думалі, што проста неяк перажывём ды ператрываем гэтыя моманты нязручнасцей, але дырэктар Нацыянальнага гістарычнага музея Беларусі Алег Рыжкоў, знаходзячыся ў Рызе, паабяцаў: вашы спецыялісты нам дапамогуць арганізаваць усё яшчэ больш прафесійна і дакладна. Наогул, праверана: калі два бакі хочуць штосьці рабіць — яны тое здзейсняць. Асабліва пры наяўнасці фінансаў. Ну а калі не жадаюць яны супрацы, дык тут нават вялікія грошы не дапамогуць.

/i/content/pi/cult/528/11434/13-3.jpg

Як прафесіянал я павінен разумець, што будзе цікавым ды карысным адначасова самому музею, яго супрацоўнікам і, зразумела, публіцы. З бурштынам выйшла якраз такая сітуацыя поўнага супадзення. Вось нават з гэтай выстаўкай. У бурштыне самае галоўнае — гэта святло. Адна справа — пакласці гэты “камень” на адзенне, а зусім іншае — прасвятліць яго наскрозь, што мы і зрабілі. Зусім іншы эфект: сапраўдная гульня колераў ад жоўтага да чырвонага. Вось і асноўная ідэя выстаўкі: бурштын — гэта сонца, фарбы. Тут сама форма вырабу становіцца чымсьці другарадным. Нават самы маленькі аскепак бурштыну з дапамогай святла можа стаць сапраўды вялікім.

Выстаўка паўстае перад беларусамі ў некалькі іншай драматургіі: у нас на радзіме яна выглядае інакш з-за іншай арганізацыі залы, да прыкладу. Ваш варыянт атрымаўся больш акадэмічным, што нават пайшло паказу на карысць.

Аўтар: Аліна САЎЧАНКА
журналіст