Дык вось, пра бібліобус. У мінулым годзе наведаў ён 29 вёсак, абслужыў 400 карыстальнікаў, выдаў больш за 11 тысяч дакументаў, сярод якіх — 47 найменняў часопісаў і газет. У сярэднім аўтабібліятэка пабывала ў адной канкрэтнай вёсцы два разы на месяц. Разумею, для кагосьці гэты паказчык — як для быка чырвоная ануча. Аднак прафесіяналы раўзумеюць, што праца з людзьмі вымагае поўнай аддачы сіл. Тады і людзі адказваюць тым жа.
Сярод жыхароў 29 вёсак чытачамі з’яўляюцца больш за 63 працэнты. І гэта не толькі пенсіянеры — 38,5%, — але і работнікі вытворчасці — 37%. Пагадзіцеся, лічбы вельмі красамоўныя. І самі па сабе яны не ўзніклі…
Трыццаць гадоў мінула з моманту выхаду кнігі “Памяць. Бярозаўскі раён”. Не дзіва, што вырашана было яе перавыдаць. У тым ліку і для таго, каб пашырыць звесткі пра ўстановы культуры. Цяпер кніга ўтрымлівае падрабязныя звесткі пра ўсе 36 бібліятэк раёна. Значна павялічылася колькасць каляровага фотаматэрыялу. Словам, аддзелу бібліятэчнага маркетынгу давялося ў чарговы раз папрацаваць у звышнапружаным рэжыме.
Па выніках леташняга Рэспубліканскага агляду-конкурсу “Бібліятэка — асяродак нацыянальнай культуры” трэцяе месца сярод сельскіх устаноў у намінацыі “За пошукавую і даследчую працу” заняла Вайцяшынская СБ. Кіруе ёй Лідзія Рудзьман.
Бібліятэка сапраўды незвычайная. Тут дзейнічае зала этналогіі сялянскага побыту. Лідзія Іванаўна разам з чытачамі сабрала па навакольных вёсках Пескаўскага сельскага савета больш за тысячу экспанатаў, што распавядаюць пра вясковую традыцыю: жыццё і працу мясцовых сялян. Лідзія Рудзьман разам з дзецьмі ладзіць у гэтым антуражы самыя розныя этнагульні.
У той зале можна пазнаёміцца і з рэканструкцыяй сядзібы графоў Пуслоўскіх, якую выканалі студэнты Брэсцкага педагагічнага ўніверсітэта. Ёсць таксама экспазіцыя, прысвечаная мясцовым ветэранам вайны і працы.
І гэтага хапіла б, каб надоўга задумацца, а як вайцяшынскі бібліятэкар паспявае спраўляцца яшчэ і з абслугоўваннем чытачоў. Але ж у дадатак да ўсяго дзейнічае ва ўстанове другая зала, дзе працуе лясная школа, створаная па ўзоры колішняй партызанскай. І тут таксама заўжды шмат дзяцей.
Зразумела, што настаўнікі раёна лічаць сельскую бібліятэку вёскі Вайцяшын своеасаблівым школьным філіялам. Тут можна і літаратуру выкладаць, і гісторыю з матэматыкай. І не бяды, што замест лічыльнага матэрыялу — лясныя шышкі. Галоўнае, што любое мерапрыемства ў такім атачэнні праходзіць цікава ды займальна, без бюракратычнага фармалізму, які ў аснове нішчыць любую справу.
Думаю і без статыстычных доказаў зразумела: калі ў дзвюх “музейных” залах бібліятэкі заўжды людна, дык і на абанеменце наведвальнікаў хапае. Спрадвечны закон: колькі ўкладзеш, столькі і займееш.
Хтосьці з вялікіх сказаў, што бібліятэкі — вокны, праз якія бачна душа і бібліятэкара, і чытача. У Бярэзінскім раёне хапае вокнаў, дзе не згасае прывабнае для ўсіх святло…