Музей у цэнтры камерцыі

№ 50 (1175) 13.12.2014 - 19.12.2014 г

Пра еўрапейскае міжмузейнае супрацоўніцтва наогул і антвэрпэнскі музей у прыватнасці распавёў Андэрс КРЭЙГЕР, куратар Музея сучаснага мастацтва ў бельгійскім горадзе. Прапануем некалькі выказванняў, агучаных ім пад час сустрэч у гарадах Беларусі.

/i/content/pi/cult/507/10973/6-1.jpg— Наш Музей сучаснага мастацтва знаходзіцца ў паўднёвай частцы горада, які здавён ўважаўся вельмі значным камерцыйным цэнтрам. (І яшчэ не так даўно па гістарычных мерках ён увогуле быў адным з найбагатых гарадоў свету, і сёння застаючыся даволі заможным. Справа ў порце, што ўваходзіць у дваццатку найбуйнейшых у свеце.) Наш музей мае добрую лакацыю яшчэ і таму, што непадалёк ад яго знаходзіцца Каралеўскі музей выяўленчых мастацтваў ды іншыя культурныя ўстановы. Карацей, поўдзень Антверпэна лічыцца культурнай часткай горада.

Дарэчы, камерцыйны складнік у жыцці горада вельмі ўплывае на наш музей. Менавіта праз наяўнасць сродкаў фламандскі ўрад 27 гадоў таму вырашыў заснаваць Музей сучаснага мастацтва на базе Міжнароднага цэнтра культуры. Цяпер установа валодае вялікай калекцыяй твораў, папулярнасць яму прыносяць таксама і рэгулярныя зменныя выстаўкі. Увогуле ж, падмуркам еўрапейскага музея заўсёды з’яўляюцца калекцыі.

Мы займаемся рознымі праграмамі і праектамі, аднак, найбольш важныя з іх — гэта супрацоўніцтва з музеямі іншых краін Еўропы. Нават створана так званая “канфедэрацыя” еўрапейскіх музеяў сучаснага мастацтва, і мы — сярод аўтараў ідэі. Члены канфедэрацыі — гэта ўстановы так званага сярэдняга фармата, у якіх працуе прыблізна пад 50 чалавек. З прыкладаў — Музей сучаснага мастацтва Барселоны, Музей сучаснага мастацтва ў Любляне, Цэнтр сучаснага мастацтва ў Стамбуле і Анкары. Ну і ёсць самы магутны ў нашай групе Музей сучаснага мастацтва Мадрыда.

Канфедэрацыя тут — добраахвотнае абяднанне самастойных музеяў, якія дапамагаюць адзін аднаму. Мы маем права свабодна карыстацца калекцыямі гэтых музеяў, рабіць сумесныя выстаўкі і атрымліваць сумесныя гранты ад Еўрапейскага саюза. Гэта навацыйная мадэль супрацоўніцтва — вельмі важная і зручная. Прычым яна якасна адрозніваецца ад іншай мадэлі — франчайзінга, калі філіял сваёй устновы вы ствараеце па-за межамі горада ці краіны. Гэтай неаліберальнай сістэмай існавання карыстаюцца музеі Францыі, Англіі, ЗША. Напрыклад, хутка адкрыецца філіял Луўра ў Абу-Дабі: усе пытанні будаўніцтва ляжаць на арабскім боку, але за гэта яны змогуць выкарыстоўваць калекцыі французскага музея.

Калі франчайзінг — сталая і адпрацаваная мадэль, то наша канфедэрацыя — эксперымент, які, спадзяемся, пойдзе на карысць і самім музейным установам, і нашым наведвальнікам. Гэткае супрацоўніцтва дае нам, напрыклад, больш магчымасцей у спецыялізацыі ўстаноў.

Аўтар: Аліна САЎЧАНКА
журналіст