Ужо ў назве калектыву злучаюцца рэчы быццам бы супрацьлеглыя. Бо “балота” так і цягне ў бок сялянскага жыцця (маўляў, не панская гэта справа — балота мясіць). А “кавалеры” — гэта нешта шляхетнае, што наўпрост асацыюецца з устойлівым спалучэннем “дамы і кавалеры”. Для нас, беларусаў, назва мае і свой асацыятыўны шэраг, бо вядзе не толькі да ментальна замацаванага ў нас архетыпу балота-багны-дрыгвы, але і да Балотных Ялін, дзе адбываецца дзеянне “Дзікага палявання караля Стаха” Уладзіміра Караткевіча і цэлай повязі тэатральных твораў паводле гэтай аповесці.
Тое ж — у стылістыцы гурта. З аднаго боку — рэчы фальклорныя. З іншага — не проста прафесійныя, а вытанчаныя, каларыстычна імпрэсіянісцкія, папраўдзе эстэцкія, у самым высокім сэнсе гэтага слова. Сапраўды, выкарыстанне прафесійнымі музыкантамі фальклорных тэм і самыя разнастайныя варыянты іх апрацоўкі — гэта ўжо класіка, асабліва ўласцівая рамантызму. ХХ стагоддзе прынесла так званы неафалькларызм, на постсавецкіх прасторах больш вядомы як новая фальклорная хваля: спалучэнне фальклорных вытокаў з сучаснымі сродкамі выразнасці, развенчванне прыгладжанай ідылічнасці, пастаральнасці, уласцівай класіцызму, усёй той буколікі, што вядзе адлік ажно ад старажытнагрэчаскай культуры.
Але ўсё роўна — горад і вёска заўсёды адлюстроўваліся ў мастацтве як антаганісты. Колішні праект “SON((O))SPHERE — Метраполіі і міфы”, паказаны “Балотнымі кавалерамі” не толькі ў Варшаве і Мінску, але і ў Берліне, Брусэлі, Маскве, з’яднаў саму гукавую прастору еўрапейскіх сталіц і прыроднага наваколля. Тое ж, толькі ў іншым вырашэнні, мы ўбачылі і пачулі на нядаўнім канцэрце “Зерне” ў Беларускай дзяржаўнай філармоніі, у Камернай зале імя Рыгора Шырмы.
Метафара ўзрастання “з зерня” рэалізоўвалася на ўсіх узроўнях — ад фальклорнай глебы да мінімалісцкай тэхнікі кампазіцый і прыёмаў інструментальнага тэатра. А яркая нацыянальная аснова спалучалася з менш выразнымі інтэрнацыянальнымі павевамі, спалучэннямі музычных інструментаў розных народаў — ажно да індыйскіх сарангі. Выкарыстоўваліся і разнастайныя прыродныя, побытавыя “падручныя” рэчы — тыя ж каменчыкі, што бразгаюць адно аб адно ці ў пэўным рытме сыплюцца ў металічную пасудзіну. І побач, у абсалютнай гармоніі, — усялякія электравынаходніцтвы, пачынаючы з тэрменвокса. А ператварэнне полькі ў мазурку — чым не чарговы доказ знойдзенай непарыўнасці сялянскага і шляхетнага пачаткаў?
Прыцягваў ужо сам антураж. Музыканты няспешна выходзілі на сцэну — дакладней, “прасоўваліся”, быццам “спазніўшыся”. Чым не “прынцыповая” альтэрнатыва традыцыйным канцэртам, калі артысты з’яўляюцца пасля аб’яўкі іх імёнаў пад шквал апладысментаў? Надзявалі навушнікі — і пачыналі не граць, не выступаць, не “прэзентаваць”, а... варажыць, ствараючы не проста музыку ў спалучэнні розных ліній-тэмбраў-галасоў ды побытавых шумаў, а нейкую агульную фотасферу. У выніку адбывалася не супрацьстаўленне сялянскай даўніны і цяперашняга урбанізму, а іх спалучэнне, разуменне повязі часоў ды розных тыпаў культуры. Авангард успрымаўся абсалютна лагічным зваротам да памяці, а не адмаўленнем ад яе — усяго толькі гэткім яе пераходам у іншае вымярэнне.
Усё гэта, калі разабрацца, мае дачыненне не толькі да музыкі, але і да самой філасофіі. Еўрапейская культура здаўна выпрацавала дзве формулы нацыянальнага мастацтва. Адна — з апорай на фальклор. Другая — як працяг нацыянальных прафесійных дасягненняў. У Беларусі апошняя тэндэнцыя атрымала азначэнне “ліцвінская культура”, зусім нядаўна ўведзенае ў навуковы ўжытак і звязанае з традыцыямі, што ідуць ад мастацтва часоў Вялікага Княства Літоўскага ды Рэчы Паспалітай. У ХХ стагоддзі, як няцяжка зразумець, арыентацыя на ліцвінскую культуру (і, шырэй, увогуле на інтэлігенцыю як эліту нацыі) была перапынена. Таму падобныя праекты — гэта яшчэ і вяртанне на новым узроўні да ранейшай шляхетнасці, надзвычай актуальнае для сучаснай Незалежнай Беларусі, якая пазіцыянуе сябе цэнтрам Еўропы.
Цікава, што ў складзе “Балотных кавалераў” — не проста прафесійныя музыканты з вышэйшай акадэмічнай адукацыяй, але і вядомыя медыйныя асобы, нават, як сказалі б у нас, “начальнікі”. Ежы Карновіч (фартэпіяна) — старшыня Польскага саюза кампазітараў. Кшыштаф Кнітэль (сэмплер, сінтэзатар) — старшыня Польскай музычнай рады. Тадэуш Вялецкі (кантрабас) — дырэктар Міжнароднага фестывалю “Варшаўская восень”, арыентаванага на найноўшыя авангардныя творы з усяго свету. Звярну ўвагу не столькі на сам факт іх канцэртных выхадаў на сцэну (для нас гэта не навіна), колькі на тое, што сваёй кампазітарска-выканальніцкай дзейнасцю (а гэта менавіта тая музыка, дзе кожны — крыху аўтар) яны адкрываюць новыя гарызонты.
— Грамадству патрэбна не адно поп-культура, — упэўнены Ежы Карновіч. — Неяк на ўгодкі Варшаўскага паўстання мы выступалі перад 12-тысячнай аўдыторыяй. І хаця прымалі нас вельмі добра, лічу, што такія “стадыённыя” маштабы для нашых выступленняў — гэта ўжо зашмат. Камерныя залы маюць сваю асалоду — звароту да кожнага гледача ці слухача асабіста. Наша супрацоўніцтва з вашымі музыкантамі не выпадковае. У вас вельмі добрыя прафесійныя школы — і кампазітарская, і выканальніцкія. Увогуле, беларускія музыканты — гэта ўжо своеасаблівая гарантыя якасці і майстэрства. Але для далейшага прасоўвання тых жа нацыянальных ідэй, акадэмічнага мастацтва, фальклорнай аўтэнтыкі (іншымі словамі, усёй сферы духоўнасці) вашым творцам, здараецца, не стае не грошай (у нас іх таксама небагата — вечная і ўсюдыісная праблема), не залаў ці абсталявання, а ўласна цікавых праектаў. Проста добрая музыка — на сёння гэтага замала. Патрабуецца нейкая новая, нешараговая ідэя, “разыначка”, здольная прывабіць тых, хто раней усім гэтым, можа, і не цікавіўся…
Дадамо: не толькі ўласна ідэя, але і яе прыгожая, прыцягальная “абгортка”. Ну а з боку публікі — кожнаму не перашкодзіла б тое ўнутранае адчуванне сябе хай і балотным (геаграфію не зменіш), але — кавалерам (чытай, шляхцічам, адданым свайму роду ды радзіме).
Фота Сяргея МАХАВА