Наперад, але з аглядкай

№ 35 (1161) 30.08.2014 - 05.09.2014 г

Аналіз дынамікі рэформ
Рэформы, якія праводзяцца ў сферы культуры Рэспублікі Беларусь, грамадскасцю ўспрымаюцца неадназначна і выклікаюць палеміку сярод спецыялістаў. Аднак агульнавядома, што для адказу на пытанне “Куды і як пойдзем?”, варта, перш за ўсё, вызначыцца з тым, дзе знаходзімся. Прапаноўваю статыстычны аналіз дынамікі развіцця відаў культурнай дзейнасці. Гэта дазволіць з навуковага пункта гледжання ацаніць абстаноўку, якая склалася ў сферы культуры.

/i/content/pi/cult/500/10754/7-1.jpgПрапановы і попыт

Выбарка статыстычных даных за дзесяцігадовы перыяд не можа лічыцца рэлевантнай: яна не адлюстроўвае рэальную тэндэнцыю. Нягледзячы на гэта, многія навукоўцы і даследчыкі робяць высновы, зыходзячы толькі з такога няпоўнага аналізу (які можа паказаць станоўчыя тэндэнцыі), што, у сваю чаргу, прыводзіць да неапраўданых рашэнняў ды падыходаў.

Рэкамендуецца, каб аб’ём аналізаванай выбаркі складаў не менш як 30 — 35 выпадкаў. У сувязі з гэтым мной былі прааналізаваны даныя за значны перыяд: з 1940-га па 2012 год. Аналіз дазволіў выявіць наступныя тэндэнцыі ў рабоце ўстаноў культуры:

— з 1940-га па 1985 год расце аб’ём попыту і прапановы ў тэатральным, бібліятэчным, музейным, кінапракатным відах дзейнасці. Гэта адлюстроўваецца як ва ўзрослай цікавасцi насельніцтва да культурных прадуктаў, так і ў павелічэнні колькасці саміх устаноў у дадзены перыяд. У 1985 годзе ўзровень наведвальнасці ўстаноў сферы культуры быў самым высокім ва ўсіх відах дзейнасці;

— пасля 1985 адбываецца зніжэнне ўзроўню агульнай наведвальнасці (скарачэнне попыту, а ў асобных відах дзейнасці пры гэтым — і рост прапановы), што адлюстравана на малюнку 1.

Тэндэнцыя, аднак…

Прааналізуем дзейнасць публічных бібліятэк Беларусі. Пры разглядзе даных за перыяд 1985 — 2012 гг. выяўлена тэндэнцыя скарачэння наведвальнасці публічных бібліятэк (на 1 000 чалавек насельніцтва) на 27%. Гэта значыць, практычна трэць чытачоў была бібліятэкамі страчана.

У той жа час, пасля 1955-га назіраецца і скарачэнне сеткі 
бібліятэк, якое ў 2012 годзе склала 50% (палова бібліятэк перастала ажыццяўляць сваю дзейнасць). Скарачэнне было настолькі значным, што паказчыкі 2012-га ненамнога адрозніваюцца ад паказчыкаў пасляваеннага перыяду. Так, у 2012 годзе колькасць бібліятэк — 3 606 адзінак, а ў 1945 — 2 539 адзінак. А калі гэтыя паказчыкі супаставіць з колькасцю пражываючага насельніцтва ў адпаведныя гады (значыць, разгледзець колькасць бібліятэк на 1 000 чалавек насельніцтва), то і зусім атрымаецца, што даныя 2012-га ніжэйшыя (0,381), чым лічбы 1945-га (0,409). Тым не менш, пасля 1945 года назіраецца пашырэнне бібліятэчнай сеткі.

Сучасны стан рэчаў існуе на фоне:

— узрослай значнасці крокавай даступнасці бібліятэк. У ходзе даследавання “Сучасны стан і тэндэнцыі развіцця дзіцячага чытання ў Рэспубліцы Беларусь: па выніках рэспубліканскага даследавання” сярод прычын, па якіх дзеці не запісаны ў бібліятэкі, найбольш важкай стала наступная: “Бібліятэка знаходзіцца далёка ад дома”;

— агульнага значнага зніжэння цікавасці да чытання. Гэта пацвярджаецца вынікамі даследавання, якое праводзіцца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі. У структуры вольнага часу моладзі прагляд тэлевізара займае першае месца (61,6% рэспандэнтаў абралі дадзены варыянт адказу), а чытанне — толькі трэцяе (35,5% апытаных);

— узнікнення новых сродкаў атрымання інфармацыі (Інтэрнэту). Велізарныя масівы інфармацыі ў Сеціве спарадзілі ілюзію прастаты атрымання ведаў. Аднак дакладнасць бясплатных сеткавых рэсурсаў патрабуе праверкі. Акрамя таго, доступ да поўных версій алічбаваных навуковых крыніц абмежаваны законам “Аб аўтарскім праве і сумежных правах”, паколькі аўтары павінны захоўваць выключныя правы на выкарыстанне сваіх твораў.

/i/content/pi/cult/500/10754/7-2.jpg

Дынаміка сукупнай наведвальнасці ўстаноў сферы культуры за перыяд 1985 — 2012 гады (на 1 000 чалавек насельніцтва).

Фонды для душы

Аналізуючы колькасць бібліятэчных фондаў, варта вылучыць дзве рознанакіраваныя тэндэнцыі:

— рэзкае павелічэнне фондаў у пасляваенныя гады (1940 — 1985). Бібліятэчныя фонды на 1 000 чалавек насельніцтва ў 1985 годзе, у параўнанні з 1940-м, павялічыліся больш чым у 13 разоў;

— паэтапнае скарачэнне фондаў пасля 1985 года. У 2012-м гэты паказчык склаў 66,5 млн. асобнікаў, што менш за паказчык 1985 года на 34%. У той жа час, стандарты UNESCO, дзе сказана, што аб’ём кніжнага фонду павінен складаць 1,5 — 2,5 кнігі на душу насельніцтва, выконваюцца, што можа быць абумоўлена літаратурнай спадчынай СССР.

Такім чынам, для дзейнасці публічных бібліятэк Рэспублікі Беларусь характэрна наступная тэндэнцыя: змяншэнне бібліятэчных фондаў, наведвальнасці і колькасці бібліятэк.

У заключэнне хацелася б прывесці цытату Джона Гершэла: “Прывіце чалавеку густ да чытання і дайце магчымасць чытаць, і вы непазбежна зробіце яго шчаслівым...”.

Святлана БУЛОЙЧЫК, выкладчык Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў