Асноўная колькасць нашых чытачоў — дзеці да 15 гадоў — 74% (па стане на 01.01.2014 г.). З года ў год гэты працэнт расце. Наш чытач маладзее, бо вельмі шмат будучых і маладых мам з груднічкамі прыходзіць у дзіцячыя бібліятэкі сталіцы. Чытачы дашкольнага, малодшага школьнага ўзросту і складаюць гэтыя 74% ад агульнай колькасці чытачоў па сістэме. Для іх фарміруецца фонд і ладзяцца культурна-асветніцкія ды інфармацыйныя мерапрыемствы, афармляюцца кніжныя выстаўкі…
Чаго жадаюць чытачы…
Асноўным рэсурсам кожнай бібліятэкі з’яўляецца фонд. Ён у нас шыкоўны. І гэта не толькі маё меркаванне, але і нашых чытачоў.
Культурна-асветніцкая і рэкламна-інфармацыйная работа — найбольш распаўсюджаная форма дзейнасці дзіцячых бібліятэк. І яна дазваляе вырашаць мноства задач — ад далучэння новых чытачоў, прапаганды лепшай і новай літаратуры да піяру саміх бібліятэк ды іх паслуг. Гэта даволі затратны від работы, але ён сябе апраўдвае. Не ўсе калегі са мной пагодзяцца. Планы, кантрольныя паказчыкі, справаздачы і безліч паперак па розных пытаннях — усё гэта адбірае шмат часу ад асноўнай працы: абслугоўвання чытачоў. Не кожная бібліятэка можа сабе гэта дазволіць. Я разумею і тых, хто хоча працаваць бібліятэкарам-бібліёграфам, а не масавіком-забаўнікам. Тады ісці ў дзіцячыя і публічныя бібліятэкі не трэба. А за тое, каб мы былі жывой, энергічнай, крэатыўнай ды сучаснай установай, выступаюць нашы чытачы і наведвальнікі.
Вясёлы гармідар дзецям неабходны! А гартаць часопісы, слоўнікі ды дысертацыі ў цішы і спакоі — гэта не для іх. Дзецям патрэбен “экшн” з гукавым і візуальным шэрагам. Яшчэ лепш паўдзельнічаць самім у якім-небудзь мерапрыемстве бібліятэкі: віктарыне, акцыі, флэшмобе, квэст-арыентаванні, і нават у конкурсе на лепшае чытанне вершаў. Ніхто іх не прымушае, яны самі просяцца паўдзельнічаць і бацькоў сваіх далучаюць. Уся гэтая работа звязана з дашкольнікамі, малодшымі школьнікамі ды іхнімі бацькамі. І яны дзякуюць нам за гэты гармідар!
Калі “мафія” перамагае
З падлеткамі працаваць больш цяжка. Гэта чытач нясталы, негаваркі, без асобных эмоцый. У яго ёсць канкрэтны запыт. У большасці сваёй ён адмаўляецца ад кніг, якія прапаноўвае бібліятэкар. Ён мае свой ці сяброўскі, рэкамендацыйны, спіс да чытання. Але і да падлеткаў спрабуем знайсці падыход. У мінулым годзе ў ЦГДБ імя М.Астроўскага адкрыўся Цэнтр нефармальнай адукацыі “Лесвіца” — і звыклыя ўяўленні аб тым, што ж можна рабіць у бібліятэцы, істотна пашырыліся. Цяпер тут можна і падлеткам гуляць. Напрыклад, у найпапулярную гульню “Мафія” — прычым не звычайную, а літаратурную! Кожную першую і трэцюю пятніцу месяца а 16-й у бібліятэчным “Мафія-клубе” збіраюцца Шэрлак Холмс, Доктар Ватсан, Каварны Забойца ды іншыя “вельмі падазроныя” персанажы, якія жадаюць правесці цікавы вечар у сапраўднай англійскай атмасферы за раскрыццём складаных злачынстваў…
Англійская атмасфера (у прамым сэнсе слова) пануе на сустрэчах клуба “RU-off”, куды раз на тыдзень прыходзяць падлеткі, зацікаўленыя ва ўдасканаленні гутарковага англійскага. Заняткі — бясплатныя, патрэбен толькі папярэдні запіс. Паслуга карыстаецца попытам.
Да Карлсана ў госці
У дзіцячых бібліятэках можна бясплатна карыстацца фондамі, электроннымі базамі. Ёсць магчымасць пагартаць альбом ці часопіс на канапе, пагуляць з тактыльнымі кніжкамі, паслухаць гукавыя кнігі-цацкі, сустрэцца з новымі і раскручанымі дзіцячымі пісьменнікамі, паглядзець спектакль, паразмаўляць з мастакамі, фатографамі, дызайнерамі, ратавальнікамі, ветэрынарамі, урачамі, журналістамі і г.д. Можна паскакаць з горкі ці ў спакойнай абстаноўцы адпачыць у доміках “Фрэкен Бок”, “Малыша” і “Карлсана”. Дзеці могуць рэалізаваць свае творчыя здольнасці — менавіта на гэта скіраваны наш новы праект “Падзяліся талентам з сябрамі”. Ідэяй яго стварэння стаў прынцып “Роўны навучае роўнага”.
Не верыце? Сумняваецеся? Тады прыходзьце да нас, у Цэнтральную дзіцячую бібліятэку імя М.Астроўскага (у народзе — Бібліятэка Карлсана). І ваш погляд на дзейнасць бібліятэк палепшыцца.
Як бачыце, у век смартфонаў, планшэтаў, айфонаў, рыдараў дзіцячым бібліятэкам ёсць для каго працаваць. Так, мы сталі сацыякультурным цэнтрам сталіцы. А што ў гэтым кепскага? Гэта ж цудоўна, калі частка дзяцей і падлеткаў не будзе бадзяцца бессэнсоўна па вуліцы, а прыйдзе бавіць вольны час у дзіцячую бібліятэку. Ды яшчэ і бясплатна.
Нас — шмат
Гэта невялічкая частка дзейнасці Цэнтральнай дзіцячай бібліятэкі, а іх у сталіцы сямнаццаць. І кожная мае “разыначку” ды свой падыход да чытача.
А што да будучыні бібліятэк, то нам не хапала, не хапае і будзе не хапаць сучаснай тэхнікі, утульнай, незвычайнай мэблі, адмысловага інтэр’ера і афармлення, крэатыўнай сацыяльнай рэкламы, хуткага Інтэрнэту, і вялікіх плошчаў для ажыццяўлення нашых будучых задумак ды мар. Мы вельмі моцна залежым ад знешняга фінансавання. Трэба перагледзець штатны расклад, статыстычныя паказчыкі дзейнасці, магчымасць прафесійна развівацца. А кожнаму чыноўніку ці дэпутату трэба даць курыраваць адну з дзіцячых бібліятэк, і здарыцца цуд: яны заўважаць, што сюды ходзяць, і не па 2-3 чытача ў дзень. А самага галоўнага мы ўжо дабіліся: у нас не толькі чытаюць кнігі, але і бавяць вольны час. Нам давяраюць, і мы патрэбны сваім чытачам ды карыстальнікам. Толькі мы вельмі мала ды сціпла асвятляем сваю дзейнасць на старонках рэспубліканскіх СМІ і ў Сеціве. Але рана яшчэ ставіць “крыж на Гутэнбергавай эпосе”: мы яшчэ пачытаем ды патанчым разам з нашымі чытачамі! Запыт на гэта маем. А калі ёсць чытачы ў дзіцячых бібліятэках — будуць яны і ў астатніх.
Анжаліка КАРЗАНАВА, намеснік дырэктара ЦСДБ г. Мінска