Маё дзяцінства было бясхмарным, калі не браць да ўвагі памкненні бацькоў навучыць мяне граць на скрыпцы. Скажу шчыра, цярпець яе не мог. Але ў нашай сям’і паслухмянасць была традыцыяй, і я спраўна хадзіў у музычную школу.
Сыходзячы на працу, бацькі вызначалі мне час на вялікім наполным гадзінніку — граць “адсюль і дасюль”. Бабуля завіхалася на кухні. Гамы і практыкаванні вымотвалі дашчэнту, і я смыкам пасоўваў стрэлкі ў той стан, калі экзекуцыя мела спыніцца.
Бабуля зазірала ў пакой і, зірнуўшы на гадзіннік, ускрыквала:
— Як хутка час праляцеў, а ў мяне яшчэ абед не гатовы!..
...Сусветна вядомы скрыпач Давід Ойстрах прыехаў у Мінск і выступіў у Доме афіцэраў. Маці павяла мяне, сямігадовага, на канцэрт. Мы сядзелі на пятнаццатым радзе.
Якім жа было маё здзіўленне: маэстра вадзіў смыкам па струнах скрыпкі гэтак жа, як і я!..
— Я таксама так умею! —- заявіў я на ўсю залу. Тыя, што сядзелі побач, засмяяліся, а маці зашаптала:
—Так, сынок, як “ой — страх!” ты ўжо граеш…
Магчыма, з таго моманту я зразумеў, што скрыпка — гэта сур’ёзна.
Я яшчэ год правучыўся ў музшколе, а потым цалкам свядома заявіў:
— Можаце разбіць скрыпку аб маю галаву, але больш граць не буду!
Адсюль у маёй галаве загучала свая музыка. Потым была Кансерваторыя, клас прафесара Анатоля Багатырова. Маімі інструментамі былі фартэпіяна і акардэон. Пры Мінскай школе міліцыі я арганізаваў эстрадны аркестр, і мы выконвалі песні ў маёй аранжыроўцы. Напісаў і песню пра міліцыю. Тады мне выдалі форму.
Я быў худым, а форма вялікай, і міліцэйскія штаны я апранаў на свае. Пасля выканання маёй песні зала запатрабавала аўтара, а калі я падняўся з крэсла, штаны засталіся “сядзець”… Гледачы нічога не зразумелі, палічыўшы, што гэта трук.
Нас, студэнтаў, адпраўлялі "на бульбу". У той вёсцы мы жылі ў хаце дзеда, дзе не было радыё, а адзіны тэхсродак — магнітафон з навушнікамі. Памятаю, як дзед слухаў Першы канцэрт для фартэпіяна з аркестрам Чайкоўскага, а па яго няголеных шчоках цяклі слёзы… Так, музыку не тлумачаць, а адчуваюць.
Культура не можа прыйсці. Узровень адукацыі і ўзровень таленту несуадносныя з узроўнем культуры. Часта вызначэнне культуры трактуем павярхоўна, і павярхоўнае прымаецца за глыбіннае. У мастацтве ж важна быць, а не лічыцца.
Сапраўдная культура незаўважная ў чалавеку. Раскажу адну прыпавесць. Памірае мудрэц. Сабраліся людзі, каб пачуць ягонае апошняе слова. Сын схіліўся да яго твару і пачуў: “Жыццё — гэта рака…” Сярод прысутных пранеслася: “Рака…” — “Рака…” — “Рака…” І назад панеслася: “Якая?” — “Якая?” — “Якая рака?” Стары памаўчаў і прамовіў: “А можа, і не рака…”.
Фота аўтара