Два гады таму гэты калектыў, яшчэ ў статусе вучэбнага “Simphonic Drive Orchestra” ў складзе Мінскага музычнага каледжа імя М.Глінкі, “засвяціўся” на падрыхтоўцы да “Еўрабачання”: аркестравая аранжыроўка конкурснай песні гурта “Litesound”, зробленая Аляксандрам Ліпніцкім, была бадай лепшай за аўтарскую. Стаўшы самастойным, шоу-аркестр Ліпніцкага ўдзельнічаў у абодвух міжнародных праектах сталічнага “вулічнага джаза” (летась — ля Ратушы, сёлета — ля Палаца спорту). Падтрыманы АНТ, з якім супрацоўнічаў і раней, калектыў правёў сумесны сольны вечар з сястрой Сашы — Б’янкай, зоркай расійскага R’n’B. На лістапад у Палацы Рэспублікі запланаваны юбілейны канцерт “Беларускіх песняроў” у суправаджэнні “Lipnitsky Show Orchestra”. Усе аранжыроўкі для сумеснага выступлення Аляксандр піша сам. Неўзабаве павінен выйсці і аўтарскі альбом Ліпніцкага, складзены з яго ўласных вакальна-аркестравых кампазіцый на словы Віктара Рудэнкі.
— Вы навучаліся граць на розных інструментах — свядома ці выпадкова? Нават музычную школу заканчвалі двойчы: па класе трубы і, праз год, ужо як ударнік. Дый на фестывалях і конкурсах перамагалі па розных намінацыях…
— Раней мне здавалася, што трэба было адразу ісці на ўдарныя: гэта ж колькі часу я дарма змарнаваў, займаючыся на іншых інструментах! А цяпер разумею: для мяне як дырыжора і аранжыроўшчыка — гэта неацэнны вопыт. Чым больш інструментаў ведаеш, тым лепш. Ідэал — хаця б патроху асвоіць усе. Пачынаў я, дарэчы, як і большасць юных музыкантаў, з фартэпіяна. У музычную школу мяне адвялі бацькі, але інструмент я выбраў сам. Маці, праўда, хацела, каб я граў на саксафоне, але яго не было ў пракаце. І я спыніўся на піяніна: у гэтым вялізным “куфры” з клавішамі-прыступкамі была нейкая таямніца. А потым “захварэў” на барабаны. Спачатку стукаў-грукаў па ўсім, што знаходзіў на кухні: місках, каструльках, патэльні. Асабліва добра было выкарыстоўваць набор для спецый — гэта ж суцэльная ўдарная ўстаноўка!
— У сям’і не было музыкантаў?
— Хіба прадзед. Ён быў цымбальным майстрам, працаваў у знакамітым тэатры Уладзіслава Галубка.
— Дык вось адкуль вашы тэатралізаваныя праекты! І ў шоу на “Лініі Сталіна”, і на джэм-сэйшне ў дзень трыццацігоддзя, дзе вы аб’явілі дрэс-код: гістарычныя, тэматычныя касцюмы…
— Сам я быў тады ў строі французскага салдата — таму, што ў школе вывучаў французскую мову. Тэатралізацыя, шоу, сінтэз мастацтваў і жанраў — покліч часу. Але, можа, і сапраўды нешта праз гены перадалося. Толькі далёка не адразу, бо ў дзяцінстве я быў сарамлівым.
— Сястра была байчэйшая? Можа, яшчэ і абараняла вас ад задзірыстых хлопцаў?
— Ды гэта я яе абараняў! Яна, канешне, заўсёды была, як кажуць, “прабіўной” — у добрым сэнсе слова. А я — можа, нават не столькі сарамлівым, колькі ціхім, задумлівым, летуценным, лунаў дзесьці ў сваіх фантазіях… Але, памятаю, ледзь хто яе зачэпіць — адразу ляцеў абараняць! Аднойчы нават, убачыўшы ў акно, не проста выбег, а літаральна “выкаціўся” з пад’езда: ратаваць яе ад аднакласнікаў!..
— А вось ад шоу-бізнесу вы яе “не ўратавалі”. Дый самі трапілі ў яго пастку! І, падобна на тое, выратоўвацца не спяшаецеся. Ці ўсё ж ёсць настальгія па класіцы?
— Я не падзяляю музыку на класіку, фольк, джаз... Ёсць музыка — і гэтым усё сказана. Нізкаякасны ж гукавы “прадукт” музыкай не называю.
— А як прыйшлі да джаза? Прыклады ранняга далучэння музыкантаў да джаза пачалі з’яўляцца — у тых жа дзіцячых музычных школах. Калі вы вучыліся, такога не было?
— Афіцыйна — пэўна, не. Але ўсё залежыць ад выкладчыкаў! Ніхто не перашкаджае ім пашыраць праграму, знаёміць навучэнцаў з рознымі кірункамі, жанрамі, разнастайнымі адгалінаваннямі. Калі мне было прыблізна гадоў адзінаццаць і я вучыўся граць на трубе, мой настаўнік даў мне касету з запісамі Луі Армстранга. З таго ўсё і пачалося! Я вучыўся збольшага праз запісы — іх слуханне і, пазней, аналізаванне. Таму крыху зайздрошчу тым, хто вучыцца цяпер: у Інтэрнэце можна знайсці, бадай, усё, што пажадаеш. Была б толькі цікавасць! Дый само навучанне джазу сёння куды лепшае, чым дзесяцігоддзе таму...
— Вы ж да гэтага таксама руку прыклалі! Выкладалі ў абедзвюх навучальных установах, якія скончылі — Каледжы імя Глінкі і БДУКіМ, — выступілі ініцыятарам стварэння вучэбнай праграмы па вывучэнні джазавых стандартаў…
— Таму што разумею, наколькі ў джазе важная грунтоўная базавая адукацыя — такая ж, якая існуе ў акадэмічнай музыцы. Я ж у музычнае вучылішча паступаў на аддзяленне духавых і ўдарных інструментаў, а на эстраднае перавёўся з другога курса, калі канчаткова вызначыўся, што мне трэба.
— Канчаткова? Скончылі каледж як ударнік. Ва Універсітэт культуры і мастацтваў паступілі як эстрадны трубач, да Уладзіміра Семенюка…
— І паралельна займаўся ў Вячаслава Бартноўскага — па класе дырыжыравання эстрадна-сімфанічным аркестрам. Потым стажыраваўся. У Маскве і ў нашага Пятра Вандзілоўскага. Бо мне патрэбен — аркестр! Я і ў музычны каледж вярнуўся, ужо ў якасці выкладчыка, з адной матывацыяй: каб была магчымасць рабіць уласныя праекты.
— Але гэта не перашкодзіла вам больш чым дзесяцігоддзе “адбарабаніць” у розных калектывах. Ды яшчэ якіх! Спачатку, калі не памыляюся, быў аркестр цырка. Потым — Нацыянальны акадэмічны канцэртны аркестр на чале з народным артыстам краіны, прафесарам Міхаілам Фінбергам. А яшчэ гурты “Attava”, “Лепрыконсы”… Калі вы марылі пра ўласныя праекты, навошта было, як вы сказалі ў пачатку размовы, “час марнаваць” на чужыя?
— Каб спазнаць знутры, на ўласнай практыцы, што такое аркестравы і ансамблевы калектывы, што патрабуецца для іх паўнавартаснага жыцця, развіцця.
— Дык што ўсё ж трэба?
— Унутраная касмічная энергія.
— Увага, чытачы! Зараз наш госць Аляксандр Ліпніцкі падзеліцца досведам, як паводле фэншуй расставіць... музыкантаў у аркестры. А дырыжора — тварам на ўсход?
— Дарма смеяцеся! Бо перад тым жа Міхаілам Фінбергам можна зняць капялюш: настолькі зладжана, без аніякіх збояў, працуе і ягоны калектыў цалкам, і кожны асобны ў ім музыкант ды супрацоўнік. Кіраўнік запускае механізм — і той працуе. Безадмоўна, бездакорна! Але ж трэба было і “механізм” той скласці, і “ключыкі” да яго падабраць…
— Карацей, ніякай імправізацыі — толькі добра адладжаная мехінка, якая працуе як гадзіннік. А што тады джаз, як не імправізацыя? Ці лепшая імправізацыя — тая, якая лепш падрыхтавана?
— Вы мяне спецыяльна правакуеце? Джаз — гэта не проста імправізацыя, хаця элементы спантаннасці ў ім вельмі важныя. Я сказаў бы так: джаз — гэта імгненны, у дадзеную хвіліну, настрой. Гэта “тут і зараз”, перададзеныя музыкай. А для гэтага важны дух кожнага музыканта.
— Між іншым, цудоўнае азначэнне! Яно, да ўсяго, ахоплівае любую стылявую палітру і самыя неверагодныя разнавіднасці джаза. Але ж адметнасць “Lipnitsky show orchestra” пакуль не столькі стылявая, колькі, найперш, візуальная. Ваш калектыў называюць “танцуючым” аркестрам: вы рухаецеся, прытанцоўваеце, нават бег на месцы імітуеце...
— Так, мы граем поп, фанк, лацін, неасоўл. Працуем з харэографам, прапаноўваючы свае пластычныя ідэі. Займаемся ў харэаграфічнай зале — усё дзеля таго, каб стварыць якаснае, відовішчнае шоу. Але ўсё больш з’яўляецца і аўтарскіх кампазіцый. У свой час я браў урокі кампазіцыі ў народнага артыста Беларусі, знанага Андрэя Мдзівані. Гэта дазваляе прафесійна ставіцца да працэсу сачынення, ацэньваць сябе “збоку”. Ды ўсё ж апошняе слова — за публікай. Фармат аркестра і наш рэпертуар падабаюцца слухачам, прычым самага рознага ўзроўню. Бо мы выступаем не толькі ўласна на канцэртных сцэнах, але і на карпаратывах, якія “кормяць” цяпер усіх, хто працуе на эстрадзе. Райдар у нас вельмі просты: каб была добрая апаратура і пляцоўка нармальных памераў. У аркестры — васямнаццаць чалавек, і трэба не пазбіваць адно аднаго лакцямі. Асабліва калі напрыканцы выступлення, паводле традыцыі, раскручваем фанкавы калайдар…
— Наколькі дастасавальна выкарыстанне ў музыцы гэтага фізічнага тэрміна, якім пазначаюць паскаральнік элементарных часціц? Ці гэта проста частка піяру? Вы ж самі ведзяце канцэрты — значыць, можаце наўпрост, “без пасрэднікаў”, маніпуляваць увагай і дзеяннямі публікі…
— А чаму б і не? Ужываецца ж у мастацтве паняцце энергіі — таксама, здавалася б, фізіка. Першы імпульс, першая хваля энергіі, руху, таго ж бегу зыходзяць ад артыстаў, але далей усё гэта павінны падхапіць гледачы. Калі так адбываецца, дык сутыкаюцца два наймагутнейшыя энергетычныя патокі. Раней усе гаварылі пра вялікі адронны калайдар, пабудаваны ў Швейцарыі. Але будучыня, я веру, — за фанкавым, бо ад яго стане весялей на планеце Зямля. Калі ж хочаце музычных тэрмінаў, дык магу сказаць, што апошні год праходзіў для мяне ў рэжыме “crescendo” — узмацнення дынамікі.
— І да кульмінацыі, будзем спадзявацца, яшчэ далёка. Поспехаў вам!
Фота Юрыя ІВАНОВА