Уладзімір ШУГЛЯ, ганаровы консул Беларусі ў Цюмені (Расія), старшыня абласной грамадскай арганізацыі “Саюз — інтэграцыя брацкіх народаў”, член Праўлення Савета грамадскага камітэта “Саюз”:
— Сам я — беларус. Нарадзіўся ў сям’і вайскоўца. Бацькі часта пераязджалі з гарнізона ў гарнізон па ўсім былым Савецкім Саюзе. Таму, нягледзячы на тое, што бацька мой родам з Барысава, а маці — з Гродзенскай вобласці, я нарадзіўся ў Расіі. Але заўсёды лічыў сябе беларусам, як і сваіх сыноў. Вельмі рады, што зноў завітаў сюды, на сваю далёкую радзіму, а яшчэ больш рады, што калектыў з Вікулаўскага раёна Цюменскай вобласці Расіі паўдзельнічае ў ІІ Фестывалі мастацтваў беларусаў свету!.. Справа ў тым, што менавіта ў гэтым раёне дасюль захаваліся кампактныя паселішчы беларусаў і побыт іх застаўся практычна нязменным — нават пасля таго, як у Сібіры выраслі цэлыя пакаленні тых, хто ніколі не бываў на сваёй гістарычнай радзіме… Яны дасюль спяваюць беларускія народныя песні, памятаюць традыцыі сваіх продкаў і навучаюць ім моладзь… Дарэчы, захаваліся тут і абрады. Напрыклад, у вёсцы Асінаўка Вікулаўскага раёна адбываецца абрад пераносу абраза “Свечка”. Так што памяць аб продках жыве на Цюменшчыне да сёння… І будзе жыць яшчэ вельмі-вельмі доўга… Я ў гэтым перакананы…
Любоў БОГНАТ, старшыня грамадскага аб’яднання “Культурны цэнтр “Беларусь” (г. Паўладар, Рэспубліка Казахстан):
— Я сама — дачка ўраджэнца вёскі Нячатава Столінскага раёна Брэсцкай вобласці. Мае бацькі прыехалі ў Казахстан у час так званага падняцця цаліны, там і аселі на ўсё жыццё. Але ж ніколі не забываліся на тое, адкуль яны родам. Дарэчы, сёлета спаўняецца роўна 105 гадоў з часу першага пасялення беларусаў на казахскай зямлі… Падзея, пагадзіцеся, знакавая, таму і будзем пра яе казаць на ІІ Фестывалі мастацтваў беларусаў свету. А ў госці мы прыехалі са сваім калектывам “Світанак” — будзем прадстаўляць на суд гледачам свае танцавальныя і вакальныя нумары. Дарэчы, грошы на касцюмы атрымліваем з абласнога бюджэту свайго краю…
А падтрымка беларусаў, які жывуць у Казахстане, адбываецца як з боку мясцовых улад, так і з боку Міністэрства культуры Беларусі ды Цэнтра нацыянальных культур, за што мы ім шчыра ўдзячныя! Заўсёды з задавальненнем прыязджаю ў Беларусь, а ў сувязі з тым, што я яшчэ і адказваю за сувязь з грамадскасцю ў аддзеле ўнутранай палітыкі акімата горада Паўладара, гэтых паездак значна паболела, чаму я, безумоўна, вельмі рада!..
Вера СУГАК, паэтэса, прадстаўнік малдоўскай дэлегацыі:
— Родам я з Баранавічаў, але ўжо сорак гадоў жыву ў Малдове. Радзіму, вядома ж, бясконца люблю, не забываю пра яе, бывае, і слязу пушчу, успамінаючы… Гэты другі фэст стане другім і для мяне як для яго ўдзельніка. Разам са мной малдоўскае мастацтва і, натуральна, беларускае прадставяць на ім людзі, якія маюць самае непасрэднае дачыненне да Беларусі: яны калісьці жылі, вучыліся ў нашай краіне! Гэта, напрыклад, спявачкі Маргарэта Івануш і Сняжана Карпей. У сілу розных абставін не змаглі прыехаць у Мінск мастак Вячаслаў Ігнаценка і фотамастак, культуролаг Ганна Мазур, якія ўжо неаднойчы наведвалі Мінск, але іх работы будуць выстаўляцца ў рамках Фестывалю мастацтваў беларусаў свету. Я ж буду чытаць свае вершы.
З хваляваннем чакаем сустрэч з землякамі, хочацца жывых зносін, а не праз Інтэрнэт! Хочацца наяве ўбачыць, як сёння жыве наша краіна, хоць, дзякуючы тэлеканалу “Беларусь 24”, што транслююць у Малдове, мы ў курсе ўсіх падзей, якія адбываюцца тут. Хочацца паказаць, што мастацтва Беларусі жыве ды развіваецца і за яе межамі! Наша дэлегацыя плануе правесці перамовы аб кантакце паміж дзвюма дзяржавамі ў сферы культуры і мастацтва. Будуць і перамовы нават у сферы эканомікі. А яшчэ (прыадкрыю вам сакрэт) маюць адбыцца і сустрэчы на высокім узроўні, прысвечаныя хуткаму візіту беларускай урадавай дэлегацыі ў Кішынёў…
Алена БОНДАР, прадстаўнік украінскай дэлегацыі:
— На фэсце хочам паказаць беларускую вышыўку, ручнікі, кашулі, створаныя членамі беларускай суполкі ў Львове. Яшчэ павінен быў прыехаць хор, але не атрымалася, — мо я штосьці выканаю сольна. Мы, тыя, хто нарадзіўся ў Беларусі ці мае да яе дачыненне па лініі блізкіх сваякоў, у прадчуванні зносін з радзімай. Быццам бы і жывём зусім побач, але пакуль мінеш усе межы ды мытні, здаецца, што Беларусь і Украіна знаходзяцца ў розных канцах свету… Людзі ва Украіне не вельмі добра ўяўляюць, як і чым жыве сёння беларускі народ. Вядома, будзем размаўляць з дыяспарамі іншых краін: нам цікава, як яны захоўваюць беларускія традыцыі…
Іна САЛАЎЁВА, прадстаўнік іспанскай дэлегацыі:
— У склад нашай дэлегацыі ўваходзяць дзесяць карэнных грамадзян Іспаніі і я. Ужо дваццаць гадоў жыву ў гэтай паўднёваеўрапейскай краiне, а нарадзілася ў Віцебску. Працую ў рускай школе пры расійскім пасольстве ў Мадрыдзе. Пры ёй дзейнічае гурток, дзе і мясцовыя жыхары могуць далучыцца да культуры славянскіх краін, у тым ліку спеўнай. Мы прывезлі праграму, складзеную напалову з народных беларускіх ды іспанскіх песень. Іспанцам ніяк не давалася вымаўленне, было вельмі складана вывучыць мову, але душа, якая старалася спазнаць яе, перамагла! Да таго ж, іспанская і беларуская мовы вельмі падобныя па сваёй рытміцы, яркасці. Хвалюемся страшна!..
Жанна НІКІТЧУК, прадстаўнік армянскай дэлегацыі:
— Я па адукацыі рэжысёр, скончыла Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў. Працую ў Армянска-беларускім гандлёвым доме “Ар-Бэ” ў Ерэване, а пры беларускай суполцы я арганізавала невялікі тэатр. Нашы пастаноўкі ўяўляюць з сябе песеннае дзейства, якое мы вiзуалiзуем з дапамогай лялек. Беларуская грамада, на жаль, — адна з самых малалікіх у Арменіі, хоць існуе ўжо больш за шаснаццаць гадоў. Яна налічвае каля двухсот чалавек. Але ў Ерэване ёсць нядзельная школа, дзе дзетак, якія нарадзіліся ў змяшаных шлюбах, вучаць беларускай мове, гісторыі, знаёмяць з культурай. Дзейнічае творчы калектыў “Родныя каранi”, дзе спяваюць ды танчаць дарослыя і дзеці.
На фэсце я выканаю дзве песні: хутчэй за ўсё, гэта будуць “Родная мова” і “Цяче вада ў ярок”. Фестываль — магчымасць апынуцца на роднай зямлі, глыбока ўдыхнуць паветра, якое па-іншаму пахне і па якім я сумую… На форуме мы хочам паглядзець, што беларусы, якія жывуць у іншых краінах, робяць для таго, каб іх карэнныя жыхары ведалі пра сапраўдную Беларусь, далучаліся да яе культуры…
Фота Юрыя ІВАНОВА