Лінія абароны каля вёскі Пасынкі Мядзельскага раёна. / Усе фота — Андрэя Мацура
Сцяна бліндажа ля вёскі Чухны на Смаргоншчыне.
Уваход у абарончы аб'ект.
Пралом у сцяне дота ля вёскі Пасынкі на Мядзельшчыне.
Нямецкі ўмацаваны раён ля вёскі Расохі на Мядзельшчыне.
Вайсковыя могілкі ля вёскі Калпея Смаргонскага раёна.
Барыс Цітовіч.
Нямецкі бункер, перароблены ў лёх (в. Чухны Смаргонскага раёна).
Рэйкі ля ракі Мядзёлка Пастаўскага раёна.
Лінія фронту, якая пралягла ў часы Вялікай вайны (так яе называлі) па беларускіх тэрыторыях з поўначы на поўдзень, роўная 400 км. Вілейскі, Пастаўскі, Мядзельскі, Баранавіцкі, Смаргонскі раёны… Гэтыя мясціны і да сёння захавалі акопы, доты, бліндажы, бункеры, умацаваныя раёны... Але, на жаль, для многіх тыя помнікі — у ліку незаўважных сведкаў, часткі ландшафту, якая маўчыць пра былое…
Тым не менш, менавіта іх — нябачных і “нетытулаваных” — абраў у якасці аб’ектаў для свайго даследавання фатограф Андрэй Мацур, што родам з вёскі Коўзаны Пастаўскага раёна. Андрэй зацікавіўся тэмай імперыялістычнай вайны дзякуючы слыннаму фатографу Сяргею Качаргіну: маўляў, жывяце ў такіх мясцінах, столькі навокал помнікаў, і не фатаграфуеце, — пажурыў старшы калега.
— Тады я і пачаў заглыбляцца ў тэму, — дзеліцца Андрэй, — чытаць літаратуру, наведваць канферэнцыі, пазнаёміўся з гісторыкамі, рэканструктарамі, людзьмі, дасведчанымі ў гэтым пытанні. І паралельна ездзіў ды здымаў памятныя мясціны…
Цягам года і трох месяцаў ён фатаграфаваў у шасці раёнах, дзе праходзіла лінія фронту Першай сусветнай, захоўваючы сціплую паўсядзённасць былых “удзельнікаў баёў”. І паступова даследаванне ператварылася ў фотакалекцыю, якая дазваляе паглядзець на памяць пра Першую сусветную як на патэнцыйны і забыты праект. Бо захаваліся яшчэ сведчанні гэтай вайны, здольныя як распавесці пра мінулае, так і задзейнічаць уяўленне. І колькасць сведчаннняў — уражвае.
Як жа аўтар знаходзіў аб’екты?
— Дзесьці дапамагалі тутэйшыя, але, напрыклад, па воінскіх пахаваннях неацэнны ўклад у мае пошукі зрабіў гісторык Уладзімір Багданаў. Ён склаў для мяне своеасаблівы маршрут па Смаргоншчыне, — апавядае фатограф.
Таксама адзначае Андрэй і ролю ў адраджэнні памяці пра герояў, ахвяр і падзеі той вайны Барыса Цітовіча, кіраўніка Дабрачыннага культурна-гістарычнага фонду памяці Першай сусветнай “Крокі”, мастака і даследчыка. Невыпадкова серыя фатографа ўтрымлівае здымак слыннага энтузіяста ды выяву Капліцы-помніка святых князёў Барыса і Глеба ў гонар воінаў, загінулых на ратных палях, якая знаходзіцца ў вёсцы Заброддзе.
— Каб не плён гэтых рупліцаў, многае было б згублена, — канстатуе Андрэй Мацур. — Але толькі іх высілкаў недастаткова, бо стан аб’ектаў несуцяшальны…
Доты, бліндажы часта захламлены смеццем, распавядае фатограф. “Людзі проста не разумеюць, што месца іх адпачынку для кагосьці ў мінулым стала месцам смерці. Калі я здымаў у гэтых умацаваннях, ад падобных думак станавілася млосна. Сумна, але гэтыя мясціны існуюць у статусе “дэ факта”…
Асабліва складаная сітуацыя, кажа Андрэй, з пахаваннямі: “На дадзены момант нямецкія могілкі знаходзяцца ў больш дагледжаным стане. Могілкі ж вайскоўцаў рускай арміі часам маюць выгляд масавых пахаванняў, патрабуюць рэканструкцыі. Даводзілася бачыць, калі ў вёсцы Калпея на Смаргоншчыне побач знаходзяцца нямецкія і рускія могілкі. Крыжы з нямецкіх — пакасіліся, ды часам гэта ўсё, што засталося ад магілы воіна. І мясцовыя сабралі тыя крыжы ды склалі ля дрэва, стварыўшы сімвалічнае брацкае пахаванне. Гэтае месца працінае наскрозь…”
Што да стану збудаванняў Першай сусветнай, то некаторым з іх давялося ў сённяшні век атрымаць “другое жыццё”. У вёсцы Чухны Смаргонскага раёна Андрэй Мацур знайшоў нямецкі бункер, прыстасаваны… пад лёх.
— У ім бабуля захоўвае бульбу, — распавядае фатограф. — Ён глыбокі, кажа яна, і бульба не мерзне. Гэты выпадак трошкі радуе, бо лёх-бункер хтосьці даглядае…
Разглядаючы здымкі Андрэя, дзівішся таму, як упісваюцца сціплыя помнікі вайны ў паўсядзённы пейзаж. Вось даўгачасовы агнявы пункт — нямецкі дот — бачыцца ўдалечыні поля, засеянага кукурузай. Руіны яшчэ аднаго падобнага збудавання вымалёўваюцца на фоне ветрака ля вёскі Занарач. А вось Серафіма Місюкевіч, жыхарка вёскі Горнае Скорабава, паказвае дот Першай сусветнай вайны, у якім яна хавалася ад артылерыйскага абстрэлу пад час Другой сусветнай…
Акопы, мост па лініі фронту, рэльефныя ўмацаваныя раёны на вышыні… — своеасаблівае цела ландшафту яшчэ захоўвае дзіўныя прыкметы, якія мы часам не хочам заўважаць. Але ўсё змяняецца, калі бачыш гэтыя “шрамы”, калі ведаеш, адкуль яны…
Мацур плануе далей працаваць над серыяй, і наперадзе — вандроўкі ў Пінскі раён. Сёлета праект быў падтрыманы Прадстаўніцтвам ЕС у Беларусі, і выстаўку “Нябачныя помнікі Вялікай вайны” можна было ўбачыць у мінскім кінатэатры “Перамога”. У верасні яна мае адкрыцца ў Паставах, але, мяркуем, шлях серыі не абмяжуецца дзвюма пляцоўкамі. “Я спрабую сродкамі фота даць слова сваёй зямлі… Безліч разоў я дзякаваў лёсу за тое, што гляджу на свет праз аб’ектыў фотаапарата, а не праз прыцэл”, — кажа Андрэй.