Якая гэта ўстанова культуры і дзе яна знаходзіцца? Адказ просты: Палац культуры ва Уздзе.
Алег Каламіец (на пярэднім плане справа) у выставачнай зале Палаца.
Святлана Нясцюк паказвае выданні раённай бібліятэкі.
Як нараджаюцца зоркі?
Узда ўразіла. І не толькі “стрыечным архітэктурным братам” Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі — мясцовым Палацам культуры, што ўвесну быў уведзены ў эксплуатацыю. Так, у гэты прывабны “бурштынчык” укладзены немалыя грошы. Але творча-камерцыйныя магчымасці новай ўстановы культуры павялічыліся неймаверна. Як нам паведамілі мясцовыя работнікі культуры, з вясны прэс платных паслуг на СДК і СК стаў не такім заўважным і хваравітым: асноўны цяжар “пазабюджэткі” ўзяў на сябе Палац культуры (РЦК) з сонечнымі паверхамі, бясконцымі кабінетамі, шыкоўнай сцэнай і карціннай галерэяй. Але не толькі пра гэта наш расповед…
Нас уразіў Алег Каламіец, загадчык метададдзела Уздзенскага РЦК і выконваючы абавязкі яго дырэктара. Чаму? Ды таму, што сустрэча з прафесіяналам заўжды прыносіць радасць самых нечаканых адкрыццяў, на якія журналісты рэагуюць прыблізна так, як жвавы шчупак на соннага карася… Тут самы раз паразважаць пра тое, што ж такое прафесіяналізм. Мы перакананы: якасць гэтая набываецца не толькі цягам гадоў навучання (няхай сабе і ўніверсітэцкага), а яшчэ і паступовым назапашваннем практычнага досведу. Усе нашы сённяшнія “зоркі” ад сельскай культуры пачыналі харэографамі, акампаніятарамі, мастацкімі кіраўнікамі. Каламіец дванаццаць гадоў адпрацаваў у раёне кіраўніком СДК. І мы не баімся яго перахваліць, бо спецыяліст даўно расклаў па паліцах усё, што яму трэба для працы, ведае сабе цану, працягвае вучыцца і не баіцца агучваць праблемы, бо лічыць нас аднадумцамі. Такіх лаяць — толькі псаваць.
Праблем няма толькі ў абібокаў
Дык вось, на Уздзеншчыне — амаль два дзясяткі клубных устаноў. Апрача СДК ёсць сельскі клуб, Цэнтр вольнага часу і бібліятэка-клуб. Безумоўна, кадравае пытанне — самае балючае. Пры адсутнасці належных заробкаў рэй неўзабаве стануць весці дылетанты, а аб прафесіяналах застануцца хіба што легенды… Абслугоўваюць сельскую “армію” два (!) метадысты, адзін з іх — паўставачнік. Ёсць яшчэ ў аддзеле кіраўнік клуба майстроў і “рамесніцкі” метадыст. Вось і ўвесь штаб, які павінен натхняць ды накіроўваць. Зразумела, што з названымі абавязкамі структура ледзь спраўляецца. Для выніковай працы патрэбны хаця б чатыры метадысты, яшчэ адзін камп’ютар, больш магутны прынтар, належны аўтаклуб. Не, “Пежо” ёсць, але без генератара і музычнай тэхнікі. Увогуле, недахоп апаратуры — даўняе захворванне сельскіх устаноў. Толькі сем з іх так-сяк прыстасаваны для дыскатэчнай дзейнасці.
І рок-гурт “Кандраты”
Малады загадчык метададдзела добра ведае, у якім напрамку варта рухацца раёну. Патрэбны маніторынг, скіраваны на брэндазабеспячэнне кожнага клуба. Да прыкладу, ужо цяпер добра вядома, што галоўная адметнасць Хатлянскага СДК — ткацтва, Дзешчанскага — сімбіёз аматарскай творчасці і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва… А вось Возерскі сельскі дом культуры праславіўся рок-гуртом “Кандраты”. Хлопцы, памятаючы творчыя запаветы земляка Кандрата Крапівы, уласны рэпертуар складаюць сваімі сіламі і спяваюць выключна на роднай мове. На базе гэтай установы запланавана правядзенне раённага семінара-практыкума па развіцці вакальна-інструментальнай творчасці…
Мы пахадзілі па Палацы, у якім працуюць 23 фарміраванні, зазірнулі ў галерэю, дзе творы мастакоў з Мінска і Узды выстаўлены пад агульнай назвай “Паміж Нёманам і Уздзянкай”, памроілі пра тое, што такія ўстановы займее кожнае беларускае сяло. Калі? Прыкладна тады, калі заробак работніка культуры будзе адпавядаць высокаму прызначэнню апошняга і калі вёска перастане сарамліва знікаць у культурным плане пад маркай аптымізацыі.
Імя Паўлюка Труса
Раённая і дзіцячая бібліятэкі таксама месцяцца пад дахам Палаца. Мы бачылі, як бабулі з унукамі ды ўнучкамі чародкай ішлі ў дзіцячую. Таму завітаць вырашылі ў дарослую: маўляў, а як з чытачамі тут? Няблага. Пераканаліся па справаздачнасці, што за дзень у ліпені тут бывае ў сярэднім па 20-30 чытачоў. Для райцэнтра паказчык — больш чым неблагі. Але ж гэта толькі абанемент. А ёсць яшчэ і чытальная зала. І ў час нашай камандзіроўкі да апоўдня ва ўстанове паспеў пабываць ці не з дзясятак аматараў кнігі. Прывабліваюць іх, натуральна, не толькі шматабяцальныя вокладкі, але і шыкоўныя інтэр’еры, шматлікія пакоі.
Загадчык аддзела абслугоўвання і інфармацыі Райбібліятэкі імя Паўлюка Труса Святлана Нясцюк пераконвае, што ў графіку ліпеньскіх мерапрыемстваў проста месца не стае. Нам, да прыкладу, спадабаўся вось які праект, што рэалізуецца ў маштабе раёна. З дапамогай райгазеты цягам пэўнага часу ладзіцца літаратурная віктарына. Потым лепшыя яе ўдзельнікі збіраюцца ў “Літаратурнай гасцёўні” бібліятэкі. Сюды ж прыязджаюць знаныя пісьменнікі. Словам, узнагароджанне пераможцаў адбываецца ў святочнай абстаноўцы, якая застаецца ў памяці. Камп’ютарнай і “кнігавыдавецкай” тэхнікі ў бібліятэцы хапае. Няўжо ўсе бюджэтныя грошы пайшлі на ўзвядзенне і абсталяванне галоўнай установы раёна?..
Калі скіроўваліся на раён, заўважылі, што побач з Палацам культуры завяршаецца аддзелка гіпермаркета. Падумалі: расце ды багацее раённы цэнтр…
(Не)лірычнае адступленне Кастуся Антановіча
Даўно пераканаўся, што плённае супрацоўніцтва бібліятэк і мясцовых краязнаўцаў ідзе на карысць усім бакам, але найперш — чытачам. Вось і ў галоўнай уздзенскай бібліятэцы заўважыў дыскі штомесячнага мультымедыйнага часопіса “Вытокі Уздзеншчыны”, над якім працуе краязнаўца Васіль Лычкоўскі. Энтузіяст не толькі выпускае цікавы інфапрадукт, але яшчэ і працуе над аднайменным інтэрнэт-парталам, дзе можна адшукаць пазнаваўчыя дакументальныя стужкі, прысвечаныя Уздзеншчыне, запісы народных спеваў, фотаздымкі адметных мясцін раёна. Хочацца спадзявацца, што і ў іншых раёнах такіх энтузіястаў з кожным годам будзе з’яўляцца ўсё больш.
Кухцічы сумуюць
А вось у вёсцы Кухцічы (420 жыхароў), як мы пераканаліся, працэсы не такія аптымістычныя. Кіраўнік мясцовага СДК Ірына Ярмак адпрацоўвае кантрактны тэрмін і ўладкоўваецца… прадаўцом ва ўздзенскі гіпермаркет. Месца ўжо “забіла”. Кажа: “Хоць пажыву па-людску”. Дык мо яна — не прафесіянал? Ды не. Сямнаццаць гадоў — на адным працоўным месцы. За плячыма — Магілёўскае мастацкае вучылішча. Мы правялі апытанне — Ірыну Анатольеўну ў Кухцічах ведае кожны другі, не лічачы кожнага першага. Дык што здарылася? А вось гэта пытанне з пытанняў. Паспрабуем на яго адказаць, як кажуць, разгорнута.
Спачатку — пра тое, што было. А былі акампаніятар (са сваёй апаратурай і баянам) ды мастацкі кіраўнік (прыязджалі з Уздзенскай ДШМ і працавалі ў Кухцічах на паўстаўкі), сем гурткоў, шматлюдныя дыскатэкі. Летась, па словах Ярмак, клубнікі рабілі ўлетку падворны (!) абыход жыхароў з баянам. Уявіце сабе гэтую карцінку: клуб прыходзіць да вас у госці, віншуе з днём народзінаў, спявае, танчыць і зычыць дабрабыту! Пагадзіцеся, ад усяго гэтага толькі каменнае сэрца не здрыганецца ад радасці. Таму і быў СДК — рабочым. Інакш кажучы, кожная структура яго працавала з максімальнай аддачай, так, як і вучылі колісь — педагогі культасветвучылішча ды ўласнае сумленне творцы…
А зараз — пра тое, што ёсць. Дакладней, пра тое, што засталося. У выніку скарачэнняў знік не толькі акампаніятар, а і баян ды якасная музычная апаратура, што належыла настаўніку. Моладзь была імгненна згублена… Сапраўды, якія танцы пад кепскі музычны цэнтр ды састарэлую да немагчымасці светлаканаўскую апаратуру? На нуль былі зведзены і святочныя падворныя канцэрт-туры. Замест сямі гурткоў засталося тры. Але самае галоўнае — скончылася цярпенне ў клубнага кіраўніка (у нас яно, на жаль, не вечнае). Адрамантаваны, дагледжаны СДК, які яшчэ год таму быў жывы, змушаны сканаць на сум кожнага з 420 вясковых жыхароў. Ці ж па-гаспадарску гэта? Не, мы верым, што і ў гіпермаркеце Ірына Анатольеўна знойдзе сябе (прычым зусім за іншыя грошы): таленавіты чалавек ва ўсім — таленавіты. Мо і камерныя імправізаваныя канцэрты для пакупнікоў будзе ладзіць? Але адназначна іншае: замену прафесіяналу знайсці цяпер амаль немагчыма і Кухцічы асуджаны сумнай цішынёй на невядомы тэрмін…
(Не)лірычнае адступленне Яўгена Рагіна
Мы раскідваемся золатам. Ці варта забывацца на тое, што ў галіне культуры кадры — своеасаблівыя, часам — незаменныя? Да прыкладу, той жа клубнік працаваць у краме — зможа. У яго хопіць артыстызму ды імправізацыйнага майстэрства, каб знайсці ключык да душы любога пакупніка, а падлічыць рэшту — не самая галоўная праблема. Праблема, калі клубнай творчасцю зоймецца крамніца, якая здолее хіба што толькі мізэрны прыбытак ад нецікавай дыскатэкі падсумаваць. Работнікі гандлю, не крыўдуйце! Але я не памятаю, калі мне апошнім часам прыязна ўсміхаліся з-за касы… Відаць, у вас таксама кадравыя праблемы. А вось як цудоўна ўсміхаюцца культработніцы-жанчыны, бачу ці не штотыднёва, тым і натхняюся… Калі ж я памыляюся, папраўце аргументавана, і мы разам паспрабуем глыбакадумна паразважаць пра важкі ўклад жывёлаводаў, прадаўцоў і работнікаў нашай слаўнай адукацыі ў мэтанакіраванае развіццё сельскай культуры Беларусі.
Будны і Завішы
Зробім перадышку. І сабе, і чытачам. Уздзеншчына падарыла нам і шмат шчаслівых хвілін. Шчасце гэтае звязана са знаёмствам пашанотных руін, што засталіся ад колісь велічных маёнткаў, і сядзіб выбітных гістарычных асоб, якія разумелі ролю культуры ды мастацтва ў развіцці “паспалітага” грамадства. Яшчэ пры падрыхтоўцы да аўтатура вырашылі пазнаёміцца са спадчынай роду Завішаў, таму, па шчырасці, і скіраваліся ў Кухцічы...
А пра гэта — наступным разам.
Агульнае (не)лірычнае адступленне
Яно не будзе доўгім. Спрактыкаваныя кадры трэба пеставаць і захоўваць з гаспадарлівасцю. І ўзрост тут, як падаецца, не пры чым. Калі збуёдаем ядро бібліятэкараў і клубнікаў, што маюць не проста працоўны стаж, а неацэнны досвед, дык хто будзе ставіць на крыло тых маладзёнаў, што толькі прыйшлі ў клубы і бібліятэкі пасля каледжаў ды ВНУ і яшчэ жыцця не бачылі? Прафесіяналы, беражыце сябе!..
Фота аўтараў
Працяг матэрыялаў аўтатура пра культуру Уздзеншчыны і Салігоршчыны чытайце ў наступных нумарах газеты.
Чытайце ранейшыя аўтападарожжы журналістаў "К":
Магілёўшчына і Гомельшчына;
Міншчына, Брэстчына, Гродзеншчына;
Віцебшчына, Магілёўшчына;
Гродзеншчына, Віцебшчына і Міншчына;
Міншчына, Віцебшчына, Магілёўшчына;
Міншчына, Гродзеншчына, Брэстчына.