У сувенірным кіёску Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь шыкоўны друкаваны альбом-каталог выстаўкі “Дзесяць стагоддзяў беларускага мастацтва” вагой чатыры з паловай кілаграмы і коштам каля 400 000 рублёў мае значна меншы попыт, чым флэшка з той жа інфармацыяй за 60 000 рублёў. Апошніх на дадзены момант прададзена прыблізна ў чатыры разы больш, чым альбомаў. А каб зрабіць больш даступным для аматараў мастацтва альбом-каталог беларускіх мастакоў Парыжскай школы, яго кошт давялося зменшыць на чвэрць ад зыходнага. Можна з вялікай доляй упэўненасці сцвярджаць, што згаданыя вышэй выдавецкія праекты не ажыццявіліся б без дапамогі спонсараў, для якіх укладанне ў культуру — праца на імідж. А вось ці ўзялося б хоць адно выдавецтва здзейсніць такое на ўласную рызыку — пытанне.
Сітуацыя, калі інфармацыя на лічбавым носьбіце абыходзіцца спажыўцу значна танней, чым тая, што выйшла з друкарні, для нашага інфармацыйнага рынку ўжо звыклая. Усё больш чытачоў аддае перавагу электронным кнігам. Здаецца, зусім нядаўна людзі бавілі час у доўгай дарозе, чытаючы кнігі і часопісы, а цяпер пасажыры ў электрычках ды міжгародніх аўтобусах глядзяць фільмы на ноўтбуках ды смартфонах.
Часта бываючы ў кніжных крамах, я здзіўляюся той акалічнасці, што кнігі, якія нават дзесяць-пятнаццаць гадоў таму былі б прадметам гордасці ўладальнка і якія фактычна з’яўляюцца бібліяграфічнай каштоўнасцю, можна набыць па смешнай цане. Выглядае так, нібыта збіраў хтосьці бібліятэку, кніга да кнігі, а ў вачах ягоных нашчадкаў — “вязняў” Сеціва — кнігазбор ужо ніякай каштоўнасці не ўяўляе. У лепшым выпадку, у букіністычную кнігарню знясуць, а могуць жа — і на сметнік...
Яшчэ калі ўзводзіўся новы будынак Нацыянальнай бібліятэкі, у друку выказваліся самыя розныя меркаванні адносна таго, якую ролю ў культурнай прасторы краіны наканавана адыграць апошняй. І было сярод меркаванняў такое: роля гэтая будзе нязначная, бо дзякуючы камп’ютарызацыі якую заўгодна інфармацыю, кнігу ці перыёдыку можна атрымаць “з дастаўкай на дом”; страчваецца сам сэнс наведвання бібліятэкі, працы ў чытальнай зале. На маю думку, гэта перабольшанне. Ды і сутнасць Нацыянальнай бібліятэкі не зводзіцца да схемы “кнігасховішча — чытальная зала”. “Нацыяналка” — структура шматфункцыянальная, і, сярод іншага, яна фактычна з’яўляецца даследчым інстытутам, цэнтрам інфармацыйных тэхналогій. І ўвогуле, яна ў нас адна такая. А вось рэгіянальным бібліятэкам, каб выжыць, даводзіцца прыцягваць публіку нязвыклым для такога роду ўстаноў крэатывам. У прыватнасці, далучэннем спажыўцоў інфармацыі да Інтэрнэту.
Сёння нярэдка друкаванае выданне ідзе ў продаж з дадаткам у выглядзе дыска, які можа лічыцца і цалкам самадастковым інфармацыйным чыннікам. Альбо да дыска прыкладаецца брашура з аповедам пра тое, што змешчана на лічбавым носьбіце, — скажам, зборнік вершаў і аўдыядыск з песнямі на гэтыя вершы ці відэашэраг славутасцей той або іншай краіны ў спалучэнні з друкаваным нарысам яе гісторыі.
Асабіста мне ўяўляецца малаверагодным, што кніга, нават калі яна будзе ссунута флэшкай і дыскам з першых пазіцый на перыферыю інфармацыйнага поля, можа знікнуць зусім, бо наяўнасць альтэрнатыўных носьбітаў — гэта, у рэшце рэшт, пытанне інфармацыйнай бяспекі. Папяроваму носьбіту, у адрозненне ад лічбавага, для актывацыі ды прагляду не патрэбна складанае тэхналагічнае забяспячэнне. Раскрыў сабе кнігу — і чытай. Дый згубіць флэшку прасцей, чым кнігу...
Хутчэй за ўсё, бібліятэкі — грамадскія і прыватныя, — саступаючы камп’ютару, у які загружаны кнігазбор, шмат якімі чыннікамі функцыянальнасці, застануцца знакамі элітарнасці і нязводнага сантыменту да друкаванага слова. Але, захоўваючы свае асноўныя рысы, кніга пад уплывам новых інфармацыйных тэхналогій усё ж такі мусіць змяніцца — і вонкава, і структурна. І кампакт-дыск у спецыяльнай “кішэні” на форзацы мне падаецца толькі пачаткам гэтых зме