Неавантурны Чалышаў: “Прапаноўвалі застацца, але...”
— Апошнія два-тры гады ўсё маё асноўнае канцэртнае жыццё зводзіцца да выступленняў у Маскве, дзе мы працуем на прэстыжных клубных пляцоўках, — адкрыта кажа Яўген
ЧАЛЫШАЎ.
“Харлi” грае там тры праграмы. Першая разлічана адначасова на публіку патрабавальную і самую шырокую — гэткі “карпаратыўны набор”. Другая вытрымана ў духу Нью-Ёрка 1930 — 40-х. Пасля выхаду фільма “Вялікі Гэтсбі” такая стылістыка вельмі модная ў расійскай сталіцы. Трэцяя праграма — непасрэдна песні “Харлi”. І гэты рэпертуар таксама ідзе ў публікі: яна ўспрымае нас як нешта экзатычнае...
Іншы бок дзейнасці Яўгена — мінскі калектыў “Спадчына”, у якім заняты вядомыя беларускія музыканты, у тым ліку — колішнія ўдзельнікі Беларускага дзяржаўнага ансамбля “Песняры”. Каманда пакуль яшчэ не вызначылася, у якім кірунку рухацца: у рэпертуары — кампазіцыі старых “Песняроў”, сучасных айчынных аўтараў і нешта такое, што робяць “Беларускія песняры” (а-ля “Bee Gees”). Паволі Чалышаў стаў прыносіць у ансамбль і свае песні. З гастролямі калектыў ездзіць шмат, часта бывае ў Расіі.
— Маё супрацоўніцтва з гуртом “У нескладовае” скончылася года паўтара таму, — прызнаецца артыст. — Яго лідар Раман Арлоў тасаваў склад, пакуль не атрымалася так, што, акрамя яго, са старых музыкантаў, якія пачыналі праект, у ім нікога не засталося. Шкада, бо калектыў, якi так сенсацыйна стартаваў, мае сёння досыць неакрэсленую форму існавання...
У Маскве мне прапаноўвалі застацца, — працягвае Яўген, — але без асаблівай канкрэтыкі: так, проста размовы пра магчымы кантракт, а пра гастрольную сетку нават не заікаліся. Больш за тое: “Харлi” прапаноўвалі ўкласціся ў раскрутку самім, і гэта нармальна, але гаворка ішла пра такія грошы, што трэба было прадаваць свае кватэры ў Мінску. У выніку ў “аванцюру” мы не кінуліся...
Адукаваны Карпанаў: доўг выкананы
— Пасля конкурсу “Пяць зорак” у Сочы дзевяць гадоў таму пра гурт “Дразды” даведаліся па ўсім СНД: тое быў трохдзённы мегаўсплёск цікавасці да нас! — з гонарам успамінае лідар гурта Віталь
КАРПАНАЎ. — Тады ж нам прапанавалі некалькі кантрактаў з буйнымі расійскімі кампаніямі.
"У той час, — працягвае Віталь, — я вучыўся на другім курсе нашай Акадэміі музыкі, бацькі былі рады, што іх сын атрымлівае вышэйшую адукацыю. Але, па шчырасці, поспехі ў мяне былі сярэднія: я цвяроза ацэньваў, што ніякай асаблівай будучыні пасля заканчэння ВНУ мне не свеціць, аднак і кінуць “консу” дзеля не вельмі выразных і не зусім зразумелых абяцанняў не наважыўся..."
У 2006 годзе ў гурта выйшаў першы альбом “Прыляцелі”, і пад час прома-тура па Украіне, у Кіеве, на адным з музычных тэлеканалаў Віталю прапанавалі папрацаваць вядучым. Але Карпанаў усё яшчэ вучыўся ў Кансерваторыі — трэці курс — і зноў не адважыўся (у 23 гады) з’ехаць з краіны, нешта крута ламаць у жыцці, жыць на здымных кватэрах, змяняць побыт. Ён тады выразна для сябе вызначыў, што вучобу не кіне і давядзе пачатае да канца, бо не хацеў паўтарэння лёсаў многіх артыстаў, якія аднойчы засталіся па-за кар’ерай, а адноснай “падушкі бяспекі” ў выглядзе той жа вышэйшай адукацыі, у іх не было.
— І вось я скончыў кансерваторыю, абавязак перад сабой і бацькамі выканаў, дыплом — у кішэні, — працягвае музыкант. — Гэта значыць, нічога не трымала і, быццам бы, можна куды-небудзь сарвацца, дапусцім, у Маскву, куды вельмі хацеў трапіць. Але... Ні там, ні ў Кіеве мяне ўжо ніхто не чакаў: час сышоў. І стала незразумела, што рабіць далей. Але было і ўсведамленне: трэба запісваць песні, паказваць іх людзям...
У 2008-м Віталь запісаў другі альбом “Каханак-герой” — без прадзюсараў і памочнікаў. У 2013 годзе ў каманды выйшаў альбом “Тры рублі”, якім зацікавіліся ў расійскай сталіцы і там жа выпусцілі яго. Сёлета ж “Дразды” запісалі новы альбом пад назвай “Шчасце”.
— За мінулыя гады я шмат чаму навучыўся ў музыцы, завязаў патрэбныя знаёмствы і выразна разумею, што і як працуе ў нашым усё ж шоу-бізнесе, — кажа Карпанаў. — Сёння я ні пра што не шкадую, бо выразна разумею: не важна, дзе ты знаходзішся — у Мінску, Маскве ці Кіеве, — важна, што і як ты робіш. Бо, калі няма песень і артыст, па вялікім рахунку, нічога з сябе не ўяўляе, ён не будзе цікавы нікому...
Хатні Кулінковіч: не ў “мегашакаладзе”, але не шкадуе
Напрыканцы 1990-х мала каму вядомы нават на радзіме беларускі музыкант — папулярны сёння ў краінах блізкага замежжа — пераконваў лідара “Нейра дзюбеля” (а сёння — і нашага калегу па журналісцкім цэху — калумніста газеты "Советская Белоруссия") Аляксандра
КУЛІНКОВІЧА: “Трэба адсюль валіць, Саня!”
— Зараз ён — у “мегашакаладзе”, а я... — іранізуе Кулінковіч. — Хочацца сказаць: шкадую, маўляў, што не “зваліў”, — дык не, не шкадую. У нас у гурце часам заходзіць размова пра Бельгію. Не пра тую, якая ў рэальнасці, а як пра нейкую выдуманую краіну. “Жылі б мы ў Бельгіі, мелі б па лiмузiне, асабняку, ні ў чым бы сабе не адмаўлялі...” Гэта мары з ліку “ўбачыць Клаўдзію Шыфер і памерці”. Але гэта ж трэба знайсці адрас Шыфер, сабрацца, паехаць... Самая ж канкрэтная прапанова аб пераездзе — у Маскву — нам паступіла ў пачатку 2000-х ад вельмі вядомага расійскага прадзюсара. Пераезд ён аргументаваў тым, што, каб чагосьці дамагчыся, трэба жыць, натуральна, у тым горадзе. Мы, па сутнасці, я, нават не разважалі доўга, а амаль адразу адмовіліся. Лянота было зрывацца з месца, ды і, шчыра кажучы, спалохаліся пераменаў і невядомасці. А яшчэ я вельмі хатні чалавек: з’язджаючы куды-небудзь нават на пару дзён, страшна сумую — не па Мiнску, а менавіта па хатнім агмені... Да таго ж, мы ў Маскве ў тыя дні далі некалькі клубных канцэртаў, і іх абстаноўка нас неяк не моцна ўразіла...
У сярэдзіне 2000-х “Нейра дзюбелем” цікавіліся з Літвы і Польшчы — на прадмет, а ці не жадае гурт пераехаць туды. Але і гэтага не сталася.
— Папрокаў ад музыкантаў, што мы, маўляў, маглі хоць бы паспрабаваць з’ехаць, я ні разу не чуў, — заяўляе Аляксандр. — Але наш першы дырэктар Аляксей Маўзон ужо шмат гадоў жыве ў Вільнюсе, шчаслівы ў шлюбе, працуе ў паспяховай фірме. Касмапаліт. А былы гітарыст Максім Паравы ўжо дзесяць гадоў як масквіч. Працуе ў прыватнай кампаніі, якая займаецца дызайнам памяшканняў. І ўліваецца ў склад “Нейра дзюбеля”, калі мы выступаем у расійскай сталіцы...
Рызыкоўныя “The Stokes”: аддалі перавагу Маскве
— Такім чынам, лета 1998 года, — Аляксей СМАЛЯКОЎ і Кірыл СЕНІН з гурта “The Stokes” выступаюць у дадзеным матэрыяле апавядальнікам калектыўным. — Мы распачалі працу над новым альбомам і вырашылі, што, калі ён будзе англамоўны, то і рэалізаваць яго трэба за мяжой. У нас было пару прапаноў з Германіі: мы сабралі ў мікрааўтобус свае гітары, узялі працоўны матэрыял альбома, купілі шмат тушонкі і паехалі. Па прыездзе высветлілася, што выступаць нам прапануюць практычна на вуліцы і сур’ёзных сувязей у мясцовым шоу-бізнесе, які запрашаў нас, няма. Вось тут і прыгадалі, што ў Германіі жыве наш зямляк — гітарыст Віктар Смольскі, які ўжо тады граў у сур’ёзных праектах і супрацоўнічаў з вядомымі лэйбламі. Патэлефанавалі яму, і ён запрасіў нас да сябе ў студыю. Пасля сумеснага праслухоўвання нашага матэрыялу з саўнд-прадзюсарам Чарлі Чайкоўскі, Віця прапанаваў нам выдаць альбом у Германіі на мясцовым падраздзяленні буйной міжнароднай кампаніі. Быў падпісаны кантракт на выпуск дыску і прадстаўленне нашых інтарэсаў, надрукаваны невялікі наклад дыскаў для прома і прадстаўлення нас у каталогу кампаніі.
Далей усё пайшло не так сонечна. Мы вярнуліся ў Мінск і пачалі рыхтаваць матэрыял для другога рэлізу, беручы ў разлік усе сучасныя тэндэнцыі цяжкай музыкі на той час. Але, улічваючы многія фактары, нямецкія інвестары ўсё ж не захацелі ўкладваць сродкі ў гэты альбом, і ўвесь рух паступова сцішыўся. Ёсць версія, што, калі б гурт застаўся там, то шанцаў на прасоўванне было б больш. Але... Хто ведае... Мы ўдзячныя Віктару і Чарлі за вялікі досвед працы з гукам, які нам вельмі прыдаўся. А альбом той запампоўваюць і па сёння!..
Але ў 2006-м у гісторыі гурта здарыўся, быць можа, вырашальны паварот. Пасля прэзентацыі чарговага альбома ў Мінску ўдзельнікі каманды паехалі ў Маскву. На грошы, назапашаныя ад канцэртаў, знялі адну кватэру на ўсіх і пачалі зноў усё з нуля. І хоць беларускіх рокераў там ніхто не чакаў, знайшліся людзі, каму іх музыка спадабалася, і з’явілася магчымасць запісваць альбомы ды выступаць на фестывалях і ў клубах.
— Пра радзіму не забываемся, — ва ўнісон кажуць Аляксей і Кірыл, — і па магчымасці прыязджаем з канцэртамі. Ды і Інтэрнэт цяпер сцёр усе межы. Не важна, дзе ты — важна, што ты яшчэ камусьці патрэбен і твая музыка запатрабаваная...
Але гэта яшчэ не ўсё
Амаль падышла да канца серыя нашых публікацый, што знаёміла вас з гісторыямі беларускіх музыкантаў, якія сёння працуюць у іншых дзяржавах, тых, што, паспрабаваўшы чужыну “на зуб”, вярнуліся на радзіму, а таксама пра айчынных артыстаў, якія не пажадалі прадоўжыць сваю кар’еру за межамі краіны. У заключным матэрыяле паспрабуем расставіць хаця б адну кропку над “і” ў пытанні таго, што лепш — журавель у небе ці сініца ў руках...
Папярэднія матэрыялы серыі: