ДА ЦЯБЕ, З НАДЗЕЯЙ І ВЕРАЙ
У гэтым нумары “Культура” зноў звяртаецца да тэмы рэканструкцыі Навагрудскага замка і правядзення Рэспубліканскай грашова-рэчавай латарэі “Скарбніца”. Такая цікавасць з боку нашай газеты зусім не выпадковая. Зноў і зноў паўтараемся: увага да помнікаў мінуўшчыны, іх зберажэння ды аднаўлення была і застаецца адным з прыярытэтаў дзяржаўнай палітыкі ў галіне культуры. З’яўляецца яна і адным з вядучых накірункаў на палосах “К”. На гэтым тыдні нашы журналісты даследавалі пытанне наконт продажу білетаў “Скарбніцы” з розных ракурсаў і прыйшлі да высновы: праблем у рэалізацыі латарэі наспела нямала. І найпершыя з іх — рэклама і саміх білетаў, і ўласна аднаўлення Навагрудскага замка. А таксама піар, піар і яшчэ раз піар самога Навагрудка... Неаднойчы мы пісалі: набыўшы адзін білет “Скарбніцы”, вы дадаяце дзве цаглінкі для рэканструкцыі замка. Часу да розыгрышу тыражу засталося не так ужо і шмат. Таму пара запытацца: “А вы ўклалі свае дзве цаглінкі ў падмурак будучыні?” Што ж, пагадзіцеся, перад намі сёння — прыклад ні больш ні менш як агульнанацыянальнай кампаніі. Падтрымаць яе, на нашу думку, — абавязак кожнага. Выдадзена 36 тысяч білетаў “Скарбніцы”. Як рэалізоўваецца тыраж у абласцях? Не нашмат лепш, чым у сталіцы. І ёсць таму шэраг канкрэтных прычын. Мы пацікавіліся сітуацыяй з распаўсюджваннем білетаў у шэрагу абласцей Беларусі.
Далей