Прайм-тайм для гісторыі. “Нерафінаванай”

№ 3 (1129) 18.01.2014 - 24.01.2014 г

Спецыяльная прэмія Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзеячам культуры і мастацтва
Адзін з жывучых міфаў нашага тэлебачання безапеляцыйна сцвярджае: экскурсы ў беларускую гісторыю не надта падыходзяць для прайм-тайма, бо струджаны пасля працоўнага дня “просты глядач” прагне толькі “забаўлянак” ды шоу. Другі не менш жывучы міф тычыцца тэлевізійнай “незапатрабаванасці” беларускай мовы. Цудам ацалелыя рудыменты старога фармату пазнавальных перадач (агучванне энцыклапедычных звестак пад спакойную музыку) гэтыя міфы толькі падмацоўваюць.

/i/content/pi/cult/463/9799/6-1.jpg

Тэндэнцыя іх разбурэння ў мінулым тэлесезоне стала яшчэ больш выразнай. Ці не самая яскравая яе праява — серыя фільмаў Агенцтва тэлевізійных навін, прысвечаных падзеям беларускай мінуўшчыны. Вынікі пераканаўча засведчылі: якасны, дынамічны, сучасны і незанудлівы тэлепрадукт абавязкова знойдзе шлях да вачэй і розуму тэлегледача. Таму цалкам заканамерна, што аўтарскі калектыў гэтых стужак у складзе рэдактара Алены Борматавай, рэжысёра Марыі Жукавай і загадчыка аддзела навін культуры АТН Міхала Равуцкага атрымаў высокую ўзнагароду — спецыяльную прэмію Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзеячам культуры і мастацтва.

— Глядацкая ўвага да нашых фільмаў была цалкам заканамернай, — перакананы Міхал РАВУЦКІ. — Мы проста спатолілі той інфармацыйны голад, які выразна адчуваецца ў апошнія гады. Усё больш нашых суайчыннікаў усур’ёз задумваюцца наконт нацыянальнай самаідэнтыфікацыі, шукаюць вытокі беларускай дзяржаўнасці. А менавіта гэтая тэма і стала скразной ніткай, што аб’яднала стужкі пра гісторыю роду Радзівілаў, таямніцы слуцкіх паясоў, нацыянальную сімволіку...

Калі нешта мяне і здзівіла, дык гэта ўвага інтэрнэт-аўдыторыі. Нагадаю, што адначасова з тэлепрэм’ерай нашы стужкі з’яўляліся і на буйным партале. Такога раней не было, ды нават і думкі не ўзнікала, бо ўсім здавалася, быццам відэа ў Інтэрнэце — гэта выключна нейкія “прыкольныя” ролікі на пару хвілін, а паўнавартасныя тэлефільмы ніхто глядзець не будзе. Таму шалёная колькасць праглядаў, спампоўванняў, каментарыяў стала прыемнай неспадзяванкай.

— Падыход да гістарычных падзей у гэтых стужках моцна адрозніваецца ад “падручнікавага”...

— Сапраўды, мы не імкнуліся зразаць “вострыя вуглы” — тыя складаныя перыпетыі, якімі насычана беларуская гісторыя. Многія лічаць за лепшае абмінаць іх увагай, не разумеючы, што гэта робіць расповед прэсным і нецікавым. Мы ж паказваем “нерафінаваную” гісторыю. І, як засведчыў досвед, пакручастыя сюжэты з нашай рэальнай мінуўшчыны здатныя захапляць гледачоў не меней, чым якісьці серыяльны “экшн”.

— У апошнія гады “прыкметай добрага густу” ў тэледакументалістыцы лічацца пастановачныя сцэны. Чаму вы ад іх адмовіліся?

 — Наконт добрага густу я б тут паспрачаўся... Пастановачныя сцэны — гэта не якісьці звышкрэатыў, а акурат шлях найменшага супраціву. Няма вялікай праблемы апрануць пару-тройку акцёраў у гістарычныя строі альбо сабраць масоўку. Чаму ж мы гэтага не рабілі? Тут спрацаваў стары закон, які тычыцца інфармацыйнага вяшчання і дбайна выконваецца ў Агенцтве тэленавін: журналіст ні ў якім выпадку не павінен ілюстраваць рэальныя падзеі пастаноўкамі. Думаецца, гэты прынцып аднолькава да месца і ў крымінальнай хроніцы, і ў гістарычных стужках. Трэба вытрымліваць мяжу паміж дакументалістыкай і мастацкім кіно.

Таму давялося вынаходзіць іншую выяўленчую мову — тыя ж анімацыйныя ўстаўкі, народныя выразанкі... Малады рэжысёр Марыя Жукава, якая толькі-толькі скончыла экранны факультэт Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў (спадзяюся, ён стане для нас сапраўднай “кузняй кадраў”), прыўнесла ў праект сваё бачанне, сваё адчуванне нашай гісторыі, якой яна папраўдзе глыбока прасякнулася.

— Ужо вядома, што цыкл, прысвечаны роду Радзівілаў, неўзабаве займее своеасаблівы працяг — стужкі пра іншыя шляхецкія фаміліі...

— Гэты працяг цалкам лагічны — варта згадаць, што да прывілеяванага саслоўя на Беларусі прыналежалі не толькі Радзівілы... Як мы ведаем з гісторыі, працэнт шляхты ў нас быў шматкроць большы, чым у іншых краінах Еўропы. Таму і многія нашы сучаснікі маюць шляхецкія прозвішчы — напрыклад... ну, хай сабе нават “Равуцкі”. Але мала хто з нас пра гэта хоць некалі задумваўся. Тым больш, у скуру ўеліся тыя старыя ідэалагічныя стэрэатыпы пра шляхецкае саслоўе як нешта чужароднае і варожае: “эксплуататары”, “крывасмокі”, “польскія паны” і г.д. Хаця, па вялікім рахунку, шляхта — гэта мы самі! Гэта не толькі насельнікі велічных замкаў і палацаў мінулага, але і звычайныя хлопцы ды дзяўчаты, якія носяць джынсы і ездзяць у метро.

Менавіта такім чынам можна сфармуляваць лейтматыў новай серыі фільмаў. Мы ставім перад сабой задачу абудзіць у суайчынніках цікавасць да сваіх каранёў — каб не толькі нашчадкі Радзівілаў ведалі гісторыю свайго роду ажно да дзевятнаццатага калена.

На здымку: Міхал Равуцкі і Алена Борматава.

Фота Юрыя ІВАНОВА