Нацыянальная музычная: заяўкі — прымаюцца

№ 44 (1118) 02.11.2013 - 09.11.2013 г

Конкурсы
Днямі ў памяшканні Белдзяржфілармоніі адбылася прэс-канферэнцыя. З журналістамі сустрэліся намеснік генеральнага дырэктара ЗАТ “Сталічнае тэлебачанне” Павел Каранеўскі, першы намеснік міністра культуры Рэспублікі Беларусь Уладзімір Карачэўскі і спявак Саша Нэма. Гаворка ішла пра сёлетнюю Нацыянальную музычную прэмію.

Прэмія ўзнікла пяць гадоў таму па ініцыятыве “Сталічнага тэлебачання”, а тры апошнія гады мае статус Нацыянальнай. Спадар Карачэўскі адзначыў, што, нягледзячы на значную колькасць высакакласных фестываляў, якія ладзяцца ў нашай краіне, Нацыянальная музычная прэмія з года ў год набывае ўсё больш прыхільнікаў сярод прафесіяналаў ды аматараў мастацтва. Сёлета ў ёй — 19 намінацый. Конкурс па традыцыі праводзіцца ў два этапы: першы — адборачны, другі — заключны. Пераможца намінацыі “Лепшая песня года” атрымае суму, што адпавядае 95 базавым велічыням. Збор заявак — з 1 па 21 лістапада. Заяўка, дарэчы, можа быць даслана як па пошце, так і на электронны адрас.

Прымаюцца творы, якія гучалі з леташняга лістапада па сёлетні. Удзельнік конкурсу мусіць быць грамадзянінам Беларусі, але пры гэтым можа творча працаваць і за яе межамі. Заключны канцэрт адбудзецца на галоўнай сцэнічнай пляцоўцы краіны — у Палацы Рэспублікі. Кошт білетаў на фінальнае шоу — ад 50 да 150 тысяч рублёў.

Спадар Каранеўскі ўдакладніў, што пры вызначэнні пераможцы конкурсу ўлічваецца і творчая актыўнаcць прэтэндэнта на працягу года. Казаць пра рэжысуру заключнага канцэрта пакуль рана, да таго ж, хацелася б захаваць інтрыгу. Аднак спадар Каранеўскі запэўніў, што над імпрэзай працуе каманда прафесіяналаў, здольная здзівіць гледачоў. Будуць і спецыяльна запрошаныя госці, чый імідж надасць ёй дадатковую прывабнасць ды значнасць. Прагучаць песні, якія публіка ўжо палюбіла, а таксама і прэм’еры.

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"