У грыбы на бібліобусе?, або Амбіцый тут замала, патрэбна ініцыятыва

№ 2 (1076) 12.01.2013 - 18.01.2013 г

Он-лайн-канферэнцыя: планы і праекты 2013-га / Пра алгарытм разумнай аптымізацыі, прыкметы прафесійнасці ды "прарастанне" крэатыву

У Інфацэнтры “Культура-інфа” днямі прайшла першая ў новым годзе он-лайн-канферэнцыя. Яна была прысвечана планам і праектам 2013-га, якія ў рэгіёнах лічаць прыярытэтнымі. Натуральна, гэтыя задумы не ўзяты са столі, а выпрацаваны цягам года папярэдняга з улікам не толькі мясцовых амбіцый, але і, што немалаважна, — магчымасцей ды асаблівасцей. Як вядома, рацыянальнае планаванне — аснова гарантаванага плёну. Мы паспрабавалі прааналізаваць ступень і ўзровень мясцовых ініцыятыў па ўдасканаленні праектнай дзейнасці, а таксама — творчай амбіцыйнасці абласцей і раёнаў пад час Года беражлівасці. Натуральна, гаворка зайшла і пра актуальную зараз аптымізацыю сеткі ўстаноў культуры.

Рэарганізацыя, мінімізацыя, аптымізацыя… Працэс узбуйнення сельскіх устаноў культуры распачаўся, як падаецца, яшчэ пад час аграгарадоцкіх пераўтварэнняў. Пакрысе СДК і бібліятэкі аграгарадкоў па тэхнічнай насычанасці і кадравым забеспячэнні сталі ўзорнымі шматпрофільнымі цэнтрамі, дзе пачаў канцэнтравацца апошні досвед рэгіянальных культурных намаганняў. Дэмаграфічная сітуацыя паўплывала на тое, што ўтрыманне ўстаноў галіны ў маланаселеных паселішчах аказалася эканамічна немэтазгодным. Мы паспрабавалі пагаварыць і пра гэта.

У канферэнцыі прынялі ўдзел начальнік упраўлення культуры Гомельскага аблвыканкама Алег РЫЖКОЎ, дырэктар Гродзенскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці і культасветработы Ірына ДЗЕМЯНЧУК, дырэктар Віцебскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці Кацярына ЛАБУКА, дырэктар Мінскага абласнога цэнтра народнай творчасці Раіса
ВАЙЦЯХОЎСКАЯ, начальнікі аддзелаў культуры: Клічаўскага райвыканкама — Уладзімір ВААКС, Ляхавіцкага — Ніна ПРЫХАЧ, Ушацкага — Сяргей ГАРБАЧОЎ, Гомельскага — Аксана ХІМАКОВА, Гродзенскага — Ігар ЛЯБЕЦКІ, Хоцімскага — Мікалай ХУЧАЎ, Мядзельскага — Ганна ПАДГОЛ, Жабінкаўскага — Васіль ЧАПЯЛЕВІЧ.

adm:

— Дык якія прыярытэты вы вызначылі для сябе ў новым годзе?

ryzskou:

— Прадоўжым тое, што распачалі ў мінулым. Кожны раён Гомельшчыны павінен займець сапраўды брэндавы музей. І справа тут не толькі ў змене назвы, але і ў якасна новым абліччы ўстаноў.

adm:

— Шэрагу вашых музеяў якраз абліччы змяняць і не варта — скажам, Веткаўскаму. Аднак і змена назвы, наколькі вядома, вымагае немалых высілкаў?

ryzskou:

— Не так усё і складана ў заканадаўчым плане. Той жа Веткаўскі музей народнай творчасці ўжо перайменаваны ў Музей стараверскай культуры. Галоўнае, каб было разуменне з боку мясцовых улад. Тады праходжанне адпаведных папер у сталіцы займае мінімум часу… А мясцовыя ўлады, урэшце, павінны памятаць, што сталы музейны брэнд працуе на прыцягненне турыстаў і інвестараў не толькі на карысць аддзела культуры, але і для пашырэння эканамічных магчымасцей усяго раёна.

liabecki:

— Безумоўна, для нашага прыгранічнага рэгіёна прыярытэтным застаецца развіццё турызму. Толькі на Аўгустоўскім канале з верасня па снежань мінулага года аддзел культуры Гродзенскага райвыканкама здолеў зарабіць 30 мільёнаў рублёў. Усе ўстановы культуры бліжэйшых ад канала вёсак ужо маюць сваё канкрэтнае іміджавае аблічча. Збіраемся “ажывіць” анімацыямі і мясцовыя фартыфікацыйныя збудаванні часоў Першай сусветнай вайны… Словам, і спектр паслуг пашырым, і колькасць турыстычных маршрутаў павялічым.

prychach:

— Сёлета ў нас пройдуць абласныя “Дажынкі”. На рамонт устаноў культуры з абласнога і раённага бюджэтаў выдаткавана 4 мільярды рублёў. У матэрыяльным плане, несумненна, падцягнемся. Аднак шмат клопатаў будзе не толькі ў будаўнікоў-рамонтнікаў, але і ў творчых калектываў, народных майстроў.

garbachou:

— Адна з першасных задач — далейшае ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы. Запланаваны рамонт музейнага даху, рэканструкцыя ДШМ. Неадкладна трэба змяняць музычнае і гукаўзмацняльнае абсталяванне: у пары клубаў нават мікрафонаў няма… Як і раней, для гэтага будзе выкарыстаны пазабюджэт.

ryzskou:

— Прыярытэты на Гомельшчыне вядомыя і для ўсебаковага развіцця клубнай сістэмы. Я хацеў бы, каб у 2013-м магчымасці клубнікаў сталі больш шматграннымі. Будучыня, як падаецца, — менавіта за культурна-сацыяльнымі цэнтрамі, якія змогуць прапанаваць і спартыўныя, гульнёвыя паслугі. Запатрабавана на сёння і пашырэнне сферы ўплыву дзіцячых школ мастацтваў. І ўсё гэта нельга не ўлічваць у бягучым годзе.

adm:

— Мы летась шмат пісалі пра Зашырскі культурна-спартыўны цэнтр Ельскага раёна. Алег Гар’евіч, вы збіраліся ўключыць аб’ект у абласную праграму развіцця культуры. Ажыццявілі намечанае?

ryzskou:

— Канешне! Крэатыў, што ідзе знізу ды абяцае якасную творчую аддачу, варты ўсебаковай падтрымкі, у тым ліку і фінансавай.

huchau:

— Само жыццё вымушае спадзявацца ў першую чаргу на ўласныя сілы. Маю на ўвазе далейшае развіццё пазабюджэтнай дзейнасці. Летась, да прыкладу, здолелі зарабіць на аказанні культурных паслуг насельніцтву больш за 300 мільёнаў рублёў. Сёлетні план мы самі павялічылі так, каб мець пэўныя дадатковыя сродкі. У тым ліку і за іх кошт набылі ў свой час камп’ютары для кожнай бібліятэкі. У Доме рамёстваў з’явіліся муфельная печ, кросны...

adm:

— Цікава, а па якім крытэрыі ацэньваеце эфектыўнасць работы Раённага дома рамёстваў?

huchau:

— Сувенірная крама, што дзейнічае пры РДР, прыносіць па 2-3 мільёны. Канешне, сума — мізэрная. Але самае галоўнае — развіваюцца нашы традыцыйныя рамёствы. І менавіта нашы, а не набытыя дзесьці, сувеніры на Рэспубліканскіх “Дажынках” у Горках карысталіся павышаным попытам… Таму выснову тут можна зрабіць адзіную: трэба вучыцца зарабляць за кошт якасці ўласнай творчасці. А ў тым, што якасць яе досыць высокая, пераканацца можна на прыкладзе Хоцімскай школы мастацтваў. Колькасць ахвотных паступіць сюды з кожным годам нязменна павялічваецца… А зарабляць вучымся і будзем вучыцца.

chapialevich:

— Фінансавання, безумоўна, не стае хранічна. Але мы паспелі прывесці да ладу ўсе нашы клубныя ўстановы, у тым ліку і з дапамогай аддзелаўскай гаспадарчай групы. На парадку дня — рэканструкцыя сельскага клуба ў вёсцы Арэпічы. Спадзяюся, што і тут справімся ўласнымі сіламі. Тым больш, адміністрацыя мясцовай сельскагаспадарчай арганізацыі абяцала пэўную фінансавую падтрымку.

vaaks:

— Найперш зазначу, што за мінулы год мы значна ўмацавалі (і не без падтрымкі артыкулаў у газеце “Культура”!) стасункі з патэнцыйнымі спонсарамі. У выніку яны ўклалі ў развіццё культуры Клічаўшчыны больш за 50 мільёнаў рублёў. Мы тое-сёе зрабілі па ўмацаванні матэрыяльнай базы, набылі сцэнічныя касцюмы… Паспяхова завяршылі летась і камп’ютарызацыю бібліятэчнай сеткі. Сёлетняя неадкладная задача — навучанне кадраў валоданнем гэтай сучаснай тэхнікай. І калі справа даходзіць да кадравых пераўтварэнняў, я на першае месца вылучаю не ўзроставы цэнз, а валоданне інфармацыйнымі тэхналогіямі: без гэтага сёння — і кроку не зробіш.

garbachou:

— Сярод галоўных кірункаў дзейнасці — і выкананне Дзяржпраграмы “Культура Беларусі”. Маю на ўвазе павелічэнне якасці ды колькасці мерапрыемстваў, а таксама — колькасці калектываў мастацкай творчасці.

liabecki:

— У дачыненні да названай дзяржпраграмы зазначу, што дзякуючы ёй мы з поспехам вырашаем праблему набыцця музычных інструментаў. Летась для гэтага нам было выдаткавана 100 мільёнаў рублёў. Сёлета сума перавысіць паўмільярдны паказчык. Дасягненне, лічу, — вельмі важкае.

adm:

— І ў дадзеным выпадку заслуга цалкам належыць і раённаму аддзелу, і ўпраўленню культуры Гродзенскага аблвыканкама, якія паклапаціліся ў свой час, каб Дзяржпраграма ўлічвала патрэбу вобласці ў канкрэтным і мэтавым фінансаванні. На жаль, не ўсе раёны могуць пахваліцца такой разваротлівасцю.

vaaks:

— Але ж з рахунку не варта скідваць і тое, што культура — гэта прадукт. Яго трэба навучыцца прадаваць. А няякасны прадукт хто набудзе? Інакш кажучы, я  — пра абавязковае развіццё пазабюджэтнай дзейнасці пры ўмове захавання высокай якасці нашай творчай аддачы.

adm:

— Гэта немагчыма аспрэчыць… У якім канкрэтна райцэнтры Гомельшчыны пройдзе сёлета Рэспубліканскі фестываль-кірмаш працаўнікоў вёскі “Дажынкі”?

ryszkou:

— Пакуль невядома… Штогадовым стане і Рэспубліканскі фестываль этнакультурных традыцый “Покліч Палесся”. Плануецца таксама правядзенне Міжнароднага фестывалю харэаграфічнага мастацтва “Сожскі карагод”.

adm:

— А якімі клопатамі жывуць сёння абласныя метадычныя цэнтры?

dzemianchuk:

— Клопатаў, як заўжды, вельмі шмат. Рыхтуемся, да прыкладу, да Міжнароднага фестывалю праваслаўных песняспеваў “Каложскі дабравест”. Ён фінансуецца не толькі аблвыканкамам, але і мясцовай епархіяй. Упершыню пройдзе Рэгіянальны фэст абрадаў і рамёстваў “Скарбы Гродзеншчыны” — гэта ініцыятыва Інстытута культуры Беларусі, падтрыманая АМЦ, работнікамі культуры Гродзенскага раёна, Ліды, супрацоўнікамі Гудзевіцкага музея Мастоўскага раёна. Увогуле, абласныя фестывалі ў нас ладзяцца літаральна ў кожным раёне.

vaiciahouskaya:

— Вельмі хацелася б, каб усе клубныя ўстановы Міншчыны займелі камп’ютарную тэхніку: без яе, пагадзіцеся, вельмі складана адпавядаць па ўзроўні мерапрыемстваў сучасным патрабаванням…

labuka:

— Увесь мінулы год, у ліку іншых пытанняў, Цэнтр вырашаў і праблему актывізацыі канцэртнай дзейнасці на сяле. Гэтаму нават калегія абласнога ўпраўлення была прысвечана. Справу на ўзроўні райметадцэнтраў прадоўжым і сёлета. Новым зместам, я ўпэўнена, павінна напоўніцца і дзейнасць аматарскіх аб’яднанняў. Неабходна, каб яны перыядычна прэзентавалі пэўную творчую справаздачу: прапаноўвалі ды рэалізоўвалі канкрэтны творчы праект.

adm:

— Не можам не задаць пытанне, звязанае з далейшым развіццём дамоў рамёстваў. Віцебшчына калісьці выступіла ініцыятарам іх паўсюднага стварэння… Дык вось, якія высновы вы зрабілі на сёння і ў якім кірунку збіраецеся рухацца далей?

labuka:

— Перспектывы тут, сапраўды, — самыя шырокія. Справа ў тым, што далёка наперад вырваліся ў Гарадоцкім, Лепельскім, Шумілінскім, Пастаўскім, Глыбоцкім, Шаркаўшчынскім раёнах. Тут і развіццё рамёстваў праходзіць маштабна, і даследчая дзейнасць наладжана як мае быць. Мяркуем, што дамы і цэнтры рамёстваў цяпер мэтазгодна аб’ядноўваць вакол пэўнага віду народнага мастацтва. Калі ў Лепелі выключна развіта ткацтва, дык і рамеснікі з бліжэйшых раёнаў вобласці маюць акумуляваць менавіта гэты досвед. Дарэчы, і не толькі рамеснікі — да агульнай справы падключыцца павінны работнікі клубных устаноў. Развіццё такой куставой брэндавасці, іміджавасці дазволіць значна павысіць якасць і важкасць нашай работы. Мы ў 2013-м з гэтай нагоды зменшылі і колькасць абласных, раённых святаў ды конкурсаў. На сёння турбуе менавіта іх якасны складнік.

adm:

— Абласны метадычны цэнтр вучыць рэгіянальшчыкаў нястомна адшукваць спонсараў, як гэта робіць, скажам, кіраўніцтва Клічаўскага аддзела культуры?

dzemianchuk:

— Безумоўна! Два разы на год ладзяцца школы дырэктараў РМЦ і клубных устаноў. А для развіцця трансгранічнага супрацоўніцтва аблвыканкам праводзіць мэтавыя семінары, дзе да драбніц тлумачыцца, што за дакументы і якім чынам павінны рыхтавацца для інвеставання таго або іншага праекта.

adm:

— І каго адшукалі апошнім разам?

dzemianchuk:

— Бізнесмена Аляксандра Кузьмянкова, які мяркуе аплаціць запрашэнне сусветна вядомых зорак на ўдзел у абласным джазавым фестывалі, што пройдзе ў Ваўкавыску.

padgol:

— А ў нас у вёсцы Камарова не першы год дзейнічае Цэнтр сельскага прадпрымальніцтва, якім кіруе Ала Вайцяхоўская. З яе канкрэтнай фінансавай падтрымкай ладзіцца не толькі Рэспубліканская выстаўка-кірмаш народных рамёстваў, але і шэраг іншых культурных мерапрыемстваў. Натуральна, без такіх актыўных інвестараў развіццё рэгіянальнай культуры ўявіць сёння цяжка…

adm:

— Ваша бачанне аптымізацыі метадычнай службы ў раёнах Гродзеншчыны.

dzemianchuk:

— Да пытання варта падыходзіць дыферэнцыравана. У такіх раёнах, як, да прыкладу, Лідскі, Ваўкавыскі, Ашмянскі ды Іўеўскі, на мой погляд, варта пакінуць і РМЦ, і метадслужбу РДК са статусамі юрыдычных асоб: з той простай прычыны, што рэгіёны — не з маленькіх, і сур’ёзных творчых высілкаў патрабуе арганізацыя працы і ў горадзе, і на раёне.

adm:

— Дайце, калі ласка, прыклады творчай ініцыятывы, народжанай, так бы мовіць, на месцах.

vaiciahouskaya:

— А вы іх цудоўна ведаеце. Тэатральны фестываль, ініцыяваны ў свой час у аграгарадку “Сарачы” Любанскага раёна з рэгіянальнага пераўтварыўся ў абласны. Гэткім жа шляхам прайшоў і фэст “Бярэзінская рампа”. У Салігорскай ДШМ нарадзілася ідэя правядзення эстраднага фестывалю “Джаз-тайм”. Ён прайшоў усяго толькі два разы, аднак неўзабаве набудзе статус міжнароднага…

garbachou:

— Днямі ва Ушацкім райвыканкаме праходзіла абарона творчых планаў аддзела. Сярод іх — і правядзенне рэгіянальнага фэсту пад рабочай назвай “Азёрны край”. Гэта — ініцыятыва нашых работнікаў культуры. Па колькасці азёр Ушаччына — другі раён Беларусі пасля Браслаўскага. Чаму, сапраўды, не зладзіць іміджавы фэст, які прадставіў бы мясцовыя дасягненні ў культуры, прамысловасці, гандлі, магчымасці турыстычнага развіцця?

vaaks:

— Ёсць два найважнейшыя складнікі нашай выніковай працы: належная матэрыяльная база і дасведчаныя кадры. Дык вось, ініцыятыва пастаянна “прарастае” там, дзе ёсць дасведчанасць. І яе неабходна стымуляваць — маральна і матэрыяльна. Абавязковасць крэатыву, да прыкладу, прапісана ў нас у Палажэнні аб прэміраванні. Нават у справаздачнасці, што паступае ў аддзел з раёна, прысутнічае графа: што прыдумаў, што прапанаваў і рэалізаваў сваімі сіламі…

prychach:

— Ініцыятыва — сапраўды, прадукт штучны… Кіраўніцтва Конькаўскага СДК падрыхтавала цікавую тэатралізацыю пра нашага земляка, выдатнага кінарэжысёра Міхаіла Пташука, якому 28 студзеня споўнілася б 70 гадоў. У Федзюках, дзе ён нарадзіўся, засталася хата, што належыць сям’і Пташука. Мы ўстанавілі на ёй мемарыяльную дошку, дапамагаем з добраўпарадкаваннем прылеглай тэрыторыі. Вырашылі, што з дапамогай кінаперасоўкі да творчасці славутага земляка павінны далучыцца ўсе жыхары Ляхавіцкага раёна…

adm:

— Начальнік упраўлення культуры Гомельскага аблвыканкама параіў пад час нашай он-лайн-канферэнцыі звярнуцца да начальніка аддзела культуры Гомельскага райвыканкама. І прычыны гэтай парады — адназначныя: у раёне — цяжкасці з аднаўленнем матэрыяльна-тэхнічнай базы… Яшчэ пад час выязной рэдакцыі “К” на Гомельшчыну абмяркоўвалі гэтае пытанне: рэгіён знаходзіцца, так бы мовіць, у ценю абласнога цэнтра, да выпраўлення сітуацыі з рамонтамі і рэканструкцыямі ва ўпраўлення іншым разам рукі не даходзяць… Карацей кажучы, звяртаемся да начальніка аддзела: як у новым годзе вырашаюцца праблемы культуры Гомельскага раёна?

himakova:

— Займаліся паляпшэннем матэрыяльнай базы і летась, працягваем справу, натуральна, і ў Год беражлівасці. Выйсце — у рэарганізацыі клубнай сеткі. У аграгарадку, скажам, застаецца галаўны СДК, а ўстановы ў бліжэйшых вёсках пераўтвараюцца ў філіялы. Кожная з іх — юрыдычная асоба. Такая структура набывае пэўную самастойнасць у фінансава-гаспадарчай дзейнасці, атрымлівае эканамічныя льготы. Вызваленыя сродкі можна выкарыстаць для ўмацавання матэрыяльнай базы. І прыклад такой аптымізацыі ў нас ужо ёсць: Урыцкі рэгіянальны цэнтр культуры і дасугу, які з’яўляецца юрыдычнай асобай і мае шэсць філіялаў.

chapialevich:

— Перакананы: рэарганізацыя сеткі сельскіх устаноў культуры не павінна нашкодзіць ні вяскоўцам, ні аўтарытэту аддзелаў…

vaaks:

— Людзей пакідаць без увагі проста злачынна…

adm:

— Пра тое і гаворка… Ці ёсць яшчэ красамоўныя прыклады эфектыўнай аптымізацыі ў сферы рэгіянальнай культуры?

padgol:

— Я хацела б распачаць гаворку не з канкрэтных прыкладаў, а з выключнай важнасці і далікатнасці названага працэсу. Рэарганізацыя сеткі нашых устаноў — адна з самых актуальных праблем Мядзельскага раёна. Вынікам аптымізацыі, як мне бачыцца, павінна стаць утварэнне ўзбуйненых комплексных ды шматпрофільных аб’ектаў. Але за працэсамі зліцця ўстаноў стаяць найперш людзі, якія аддалі культуры не адзін год жыцця. Таму аптымізацыю варта весці так, каб і кадры не пакрыўдзіць, і карысць агульнай справы не згубіць…

vaiciahouskaya:

— Аптымізацыя — непазбежная і змушаная па прычыне дэмаграфічнай сітуацыі. Але кожны крок тут павінен быць узважаным… Для Міншчыны ўзорнымі ў плане аптымізацыі клубных устаноў сталі Дзяржынскі і Салігорскі раёны. Самым бліжэйшым часам на пасяджэнні калегіі абласнога ўпраўлення культуры будуць разгледжаны першыя канкрэтныя вынікі ў гэтай няпростай справе.

adm:

— Думаецца, кожнага зацікаўленага цяпер турбуе, каб у Год беражлівасці не эканоміць за кошт інтарэсаў сельскага насельніцтва…

vaiciahouskaya:

— Таму гаворку варта весці не столькі пра скарачэнне, колькі пра грунтоўнае і ўсебакова прадуманае ўдасканаленне клубнай сеткі. Толькі тады, падаецца, аптымізацыя не паўплывае на якасць абслугоўвання вясковых жыхароў.

adm:

— У нашу рэдакцыю прыйшоў ліст, падпісаны: “Жыхары вёскі Гліняны Гродзенскага раёна”. У ім распавядаецца пра закрыццё летась у жніўні — мясцовай сельскай бібліятэкі, а напрыканцы 2012-га — і тамтэйшага клуба. Цудоўна разумеем, што рашэнне гэтае — не ад добрага эканамічнага жыцця. Але якія меры прымае аддзел культуры Гродзенскага райвыканкама па, так бы мовіць, мінімізацыі наступстваў аптымізацыі?

liabecki:

— Канешне, не ўсе вяскоўцы прынялі гэты працэс адназначна. Цалкам пагаджаюся: надзвычай хваравітае пытанне. Але рашэнне па Глінянах зацверджана райвыканкамам. І гэта таксама цалкам абгрунтавана: культурныя паслугі ў Глінянах — не надта запатрабаваныя, а ад Глінян да Скідзеля — усяго каля трох кіламетраў. Больш за тое: аўтабібліятэка наведвае вёску два разы на месяц. Перыядычнай будзе і работа аўтаклуба.

adm:

— А вось вяскоўцы ў асобных раёнах скардзяцца журналістам на тое, што бібліобус па выхадных скіроўваецца ў грыбы, а ў будні прыязджае ў аддаленыя вёскі ў рабочы час, таму кнігі могуць атрымаць толькі пенсіянеры…

vaaks:

— Не ведаю, як у асобных раёнах, а ў нашым мабільныя групы дзейнічаюць у рэжыме СДК. Выезды аўтаклуба і аўтабібліятэкі ўзгадняюцца з сельсаветамі. З улікам гэтага і складаецца графік маршрутаў. І любы работнік установы на колах дакладна ведае, што будзе рабіць праз тыдзень… Больш за тое: рэклама аб мабільным абслугоўванні вёсак пастаянна з’яўляецца ў мясцовым друку. Будзем пашыраць і ўдасканальваць сваю рэкламу і на райвыканкамаўскім сайце: за гэтым — вялікая перспектыва…

huchau:

— Я даўно сказаў сваім падначаленым: калі ў сельскай установе ёсць творчы калектыў са званнем “народны”, ніхто той клуб або бібліятэку не скароціць, не зачыніць.

chapialevich:

— Цяжка не пагадзіцца з такой высновай. Два аматарскія калектывы нашых вясковых клубных устаноў займеюць неўзабаве званне “народны”. Я таксама ўпэўнены, што гэты паказчык наўпрост звязаны з вызначэннем эфектыўнасці работы любога клуба, і не толькі сельскага.

adm:

— Прадоўжым аналіз асноўных планаў 2013-га.

labuka:

— Да ўсяго, што паспела ўжо назваць, дадам, што наш метадычны цэнтр сёлета мяркуе значна актывізаваць выдавецкую дзейнасць. Шмат навуковых матэрыялаў назапашана па развіцці нацыянальнага строю, выцінанкі, наіўнага мастацтва Віцебшчыны. Апошняму нават можна музейныя экспазіцыі прысвячаць. Сапраўды, ці ёсць у рэспубліцы музеі інсітнай творчасці? З цягам часу створым яго на Віцебшчыне абавязкова.

padgol:

— Для нас адной з прыярытэтных была і застаецца Дзяржаўная праграма “Развіццё курортнай зоны Нарачанскага рэгіёна на 2011 — 2015 гады”. Вы пыталіся пра ініцыятывы “знізу”. Дык вось, большасць з іх звязаны на Мядзельшчыне з якасным развіццём не толькі творчага, але і турыстычнага патэнцыялу. “К” пісала, што ў 2011-м мы правялі Свята рыбы, летась — вады, сёлета запланавана Свята возера. Нагадаю, што ў раёне — 52 возеры, прыкладна столькі ж і аграсядзіб. Але і ўплыў аддзела культуры на развіццё турызму з кожным годам павялічваецца. Інакш кажучы, кожнае возера Мядзельшчыны павінна набыць з дапамогай нашых работнікаў культуры сваё ўласнае і непаўторнае творчае гучанне.

himakova:

— Галоўную задачу на 2013 год для нас, работнікаў культуры, вызначыў Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь, які зазначыў, што цяпер неабходна павышаць якасць культурных паслуг сельскаму насельніцтву, усяляк набліжаць іх да гарадскога ўзроўню… Усё ж ёсць перавагі ў тым, што мы не маем раённага цэнтра: яго функцыі для нас выконвае цэнтр абласны. Прадастаўляем транспарт для таго, каб сельскія жыхары маглі наведаць музеі горада, цырк, драмтэатр… Але гэта не азначае, што вясковыя ўстановы культуры спыніліся ў сваім развіцці.

adm:

— Гэта і абнадзейвае… Вялікі дзякуй усім удзельнікам чарговай он-лайн-канферэнцыі за шчырасць, дасведчанасць і неабыякавасць да надзённых праблем рэгіянальнай культуры!..

Ад рэдакцыі. Імкліва прайшлі першыя тыдні новага года. Якім ён будзе для рэгіянальнай культуры? Няма сумневаў, што — яркім ды непаўторным. Урэшце, важкасць творчай дзейнасці пакуль не вызначаецца адпаведным рублёвым эквівалентам заробкаў, які атрымливаюць клубнікі, бібліятэкары, музейшчыкі. Будзем спадзявацца — пакуль. Але, у любым выпадку, вашы ініцыятыўнасць, прафесійнасць ды шчырасць напоўняць сэнсам і духоўнасцю любую вашу справу. Толькі тады залы не застануцца пустымі. І ці не самай галоўнай думкай сённяшняй канферэнцыі падаецца тое, што не паднімецца рука закрыць сельскі клуб, калі там і калектывы знаныя, і сцены “намоленыя”, і сцэна ад выступленняў сцёртая ўшчэнт... У Год беражлівасці беражыце сябе, штодня даказвайце сваю высокую запатрабаванасць і высакароднае прызначэнне!

Паважаныя чытачы! Нам цікавае ваша меркаванне па тэмах нумара. Пішыце на адрас: 220013, г. Мінск, пр-т Незалежнасці, 77 або kultura@tut.by, тэлефануйце ў рэдакцыю па нумары 8-017-286-07-97, абмяркоўвайце тэму на facebook.com/kimpressby і twitter.com/kultura_by!

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"