Здавалася, мы ведаем усё...

№ 48 (1070) 01.12.2012 - 08.12.2012 г

Тыдзень Радзівілаў на "Беларусь 1": нашы Фаўст, Дракула, Робін Гуд…

Тры вечары — з 4 па 6 снежня — журналісты Агенцтва тэленавін Белтэлерадыёкампаніі прапануюць правесці разам з адным з самых вядомых родаў Беларусі. Новы праект "Радзівілы. Тайны сям’і", які яго стваральнікі зрабілі ў жанры гістарычнага дэтэктыва, распавядзе пра гісторыю знакамітай фаміліі, яе легенды і міфы.

"Міфічны продак і сямейныя войны, геніі і ізгоі, нашы Фаўст, Дракула, Робін Гуд і нават свой Радзівіл "Сіняя Барада", — менавіта так гучыць анонс трылогіі, заахвочваючы тэлегледачоў да знаёмства з серыяй. Ды яшчэ. "Журналісты прапануюць сапраўдную карціну велічы і неаднаразовага спусташэння родавага гнязда — Нясвіжа, выкрыюць самазванцаў, пакажуць супрацьстаянне Радзівілаў супраць Радзівілаў, зазірнуць у саркафагі", — так рэкламуе ўнікальны праект дырэктар Агенцтва тэленавін Кірыл Казакоў.

Паглыбленне ў таямніцы слыннага магнацкага роду пачалося для каманды тэлевізійшчыкаў яшчэ пад час працы над гістарычным трылерам "Слуцкія паясы. Тайныя знакі". "Мы ўзнялі цэлы пласт дэтэктыўных гісторый, — распавёў карэспандэнту "К" кіраўнік абодвух праектаў Міхась Равуцкі. — Гэты матэрыял патрабаваў развіцця і прымусіў нас пайсці далей у даследаванні нашай спадчыны".

Міхась Равуцкі прызнаўся, што лічыць новы цыкл своеасаблівай спробай гістарычнага аналізу, але трошкі з "жоўтым" адценнем. "Некаторыя факты мы не ставім пад сумненне, а нават аспрэчваем, — кажа тэлежурналіст, — бо многія постаці Радзівілаў успрымаліся ў розныя часы па-рознаму. І мы спрабуем разабрацца, дзе — міф, а дзе — усё ж такі набліжаныя да праўды звесткі".

Па меркаванні тэлежурналіста, сёння надышоў час "жыццёвага падыходу" да гісторыі і яе герояў, што мае на ўвазе разуменне як светлых, так і цёмных бакоў асобы чалавека. "Калі мы толькі даведаліся пра нашу багатую спадчыну, то адразу трапілі ў палон "рамантычных" успрыманняў, — лічыць Міхась Равуцкі, — але гістарычная навука патрабуе больш цвярозага стаўлення да нашых выбітных постацей, і мы паспрабавалі даведацца, якімі ўсё ж такі яны былі".

Тэлевізійны авантурны дэтэктыў, абяцаюць яго стваральнікі, будзе ўтрымліваць у сабе тэатр ценяў і элементы анімацыі. "У праекце сышліся жанры, якія раней не выкарыстоўваліся ў дакументалістыцы", — інтрыгуе Кірыл Казакоў.

У рамках Тыдня Радзівілаў, акрамя трылогіі, 7 снежня на канале выйдзе спецвыпуск праекта АТН "Нашы", прысвечаны Эльжбеце Радзівіл, а 8 снежня гледачы ўбачаць паўтор гістарычнага нашумелага трылера "Слуцкія паясы. Тайныя знакі".

Правядзенне адпаведнай акцыі канал "Беларусь 1" прымеркаваў да 465-годдзя атрымання Радзівіламі, першымі ў Вялікім Княстве Літоўскім, княжацкага тытула Святой Рымскай імперыі.

Д.А.