Намінанты — у панядзелак

№ 48 (1070) 01.12.2012 - 08.12.2012 г

ІІ Нацыянальная музычная прэмія: да фіналу засталося…

Сёння, у першы дзень зімы, завяршаецца прыём заявак на Другую Нацыянальную музычную прэмію ў галіне эстраднага мастацтва. Паводле традыцыі, арганізатарамі свята выступаюць Міністэрства культуры Беларусі і "Сталічнае тэлебачанне".

Сёлета тэрміны правядзення гэтага рэспубліканскага конкурсу куды больш сціслыя, чым летась. Прыём заявак пачаўся толькі 16 лістапада і, такім чынам, займае ўсяго два тыдні. Яшчэ больш хутка будуць абраны пераможцы. У самым пачатку наступнага тыдня адборачная камісія вывучыць прынятыя заяўкі і вылучыць удзельнікаў другога этапа конкурсу. У кожнай з дзевятнаццаці намінацый павінна застацца не больш як пяцёра прэтэндэнтаў. На гэтым этапе падключыцца да працы прафесійнае журы, і ўжо 12 снежня мы даведаемся імёны пераможцаў. Урачыстая цырымонія ўзнагароджання пройдзе ў Палацы спорту, яе правядзенне таксама будзе адрознівацца ад леташняга.

/i/content/pi/cult/402/8178/2-1.jpeg

— Нацыянальная музычная прэмія, — кажа намеснік генеральнага дырэктара СТБ Павел Каранеўскі, — гэта жывы арганізм. Таму абсалютна натуральна, што з кожным годам будуць змяняцца ды ўдасканальвацца і самі намінацыі, і працэдура вылучэння на прэмію, і адбор пераможцаў, і ўласна цырымонія ўзнагароджання. Напярэдадні мне шмат тэлефанавалі, шмат звярталіся з просьбамі і пытаннямі. Часцей за ўсё, пыталіся, што рабіць, калі цяжка выявіць, на якую з намінацый вылучаць таго або іншага кандыдата ды яго творчасць. Я заўсёды адказваў прыблізна наступнае: афармляйце ўсё ў адпаведнасці з прынятай формай заяўкі, дасылайце ўсе матэрыялы, а адборачная камісія будзе ўсё разглядаць. Сёлета, як вы маглі заўважыць, з’явіліся некаторыя новыя намінацыі, якія, трэба спадзявацца, дапамогуць лепш сарыентавацца ў шматстылёвай музычнай палітры нашай эстрады. Бо адбыўся падзел на лепшыя поп-выканаўцы ці гурты, рок, джаз, этнафольк. Але ж і гэта не канчатковы склад, бо ў мастацтве бывае цяжка зрабіць нейкія "водападзелы". Мэта ж прэміі — вылучыць усе яркія творчыя асобы, якія з’яўляюцца на нашым музычным гарызонце. Таму калі той або іншы нумар не падыходзіць пад пэўныя намінацыі (а іх, нагадаю, ажно дзевятнаццаць!), дык журы ўсё роўна будзе гэта разглядаць, галоўнае — каб самі творы былі вартыя. Больш за тое: журы мае такую магчымасць не толькі вызначыць пераможцаў па ўсіх намінацыях, але і падтрымаць кожную добрую з’яву, кожны перспектыўны "парастак", які з’яўляецца. Таму калі ёсць адметная з’ява — мы яе абавязкова вылучым, незалежна ад сеткі распрацаваных намінацый…

Некаторыя падрабязнасці дадала прэс-сакратар СТБ Настасся Савіцкая:

— Адборачная камісія збіралася ўжо два разы, наступнае пасяджэнне — 3 снежня. Менавіта на ім канчаткова будуць вылучаны кандыдаты ў кожнай з намінацый. Папярэдне іх было вырашана пакінуць па тры. Толькі ў тых намінацыях, дзе заявак больш, чым у іншых, колькасць прэтэндэнтаў можа быць павялічана, але яна не павінна перавысіць лічбу "5" — усё ў адпаведнасці з Палажэннем аб прэміі. Колькасць пададзенных заявак пакуль прыблізна такая ж, як і летась, але, як паказвае практыка, звычайна пік актыўнасці прыпадае на апошні дзень. Так што ўжо зараз можна лічыць, што заявак сёлета, пэўна, атрымаеца больш. Самай папулярнай намінацыяй, як і раней, застаецца "Лепшая песня года". Як заўсёды, самай актыўнай аказваецца сталіца: менавіта адсюль паступае больш заявак, бо і саміх артыстаў тут сканцэнтравана куды больш, чым у рэгіёнах. Але ж прыходзяць заяўкі і з абласных цэнтраў, нават раённых. Усё гэта сведчыць аб тым, што Нацыянальная прэмія стала сапраўднай грамадскай з’явай і прыцягнула ўсіх зацікаўленых…

Што ж, дачакаемся вылучэння намінантаў. І будзем спадзявацца, што прадстаўнікоў рэгіёнаў сярод іх будзе больш, чым летась. Думаецца, гэтаму мог паспрыяць хаця б такі праект СТБ, як "Спеўныя гарады", скіраваны на ахоп песеннай культуры ўсёй краіны: ад сталіцы да ўскраін, як спявалася калісьці.

Н.Б.