Верасень — гэта… “Белая вежа”

№ 32 (1054) 11.08.2012 - 17.08.2012 г

Засталося менш за месяц да пачатку Міжнароднага тэатральнага фестывалю “Белая вежа”. Сёлета ён будзе ладзіцца ў Брэсце з 7 па 14 верасня. Гэтым разам арганізатары фестывалю ў якасці структураўтваральнага стрыжня абралі фармат “класіка плюс”, а гэта значыць, што гледачы і госці фестывалю змогуць пабачыць як пастаноўкі, створаныя па знакамітых творах сусветнага класічнага рэпертуару, так і спектаклі, створаныя па творах маладых аўтараў.

Тэатр.com...

Сёлета міжнародную частку афішы прадстаўляюць калектывы з 10 краін: Расіі, Эстоніі, Азербайджана, Японіі, Украіны, Польшчы, Ірана, Арменіі, Малдовы і Ізраіля.

/i/content/pi/cult/390/7778/1-4.jpeg

Самая прадстаўнічая "дэлегацыя" - расійская. У рамках фестывалю будуць паказаны разнажанравыя і рознастылёвыя работы: "Руская душа" Тэатра народнай песні "Сарока" і "Жаніхі" Наўгародскага акадэмічнага тэатра драмы імя Ф.Дастаеўскага, "Сэрца маці" і "72 небыліцы" Нацыянальнага драматычнага тэатра імя Б.Басангава з Элісты, "Важак" Нацыянальнага музычна-драматычнага тэатра Рэспублікі Комі з Сыктыўкара, а таксама "Таленты і прыхільнікі" Маскоўскага абласнога дзяржаўнага драматычнага тэатра імя А.Астроўскага, "Апошні тэрмін" Дзяржаўнага акадэмічнага Малога тэатра і "Маскарад" Маскоўскага драматычнага Тэатра на Пяроўскай і "Танцуем усе, або Рабочы дзень" Санкт-Пецярбургскага мужчынскага балета Валерыя Міхайлоўскага.

Польскае мастацтва прэзентуюць Драматычны тэатр імя А.Вянгеркі з Беластока са спектаклем "Тэатральныя істоты" і тэатр "Бюро падарожжаў" з Познані са спектаклем "Макбэт, хто той акрываўлены чалавек?". Украіну прадстаўляюць Ровенскі абласны акадэмічны ўкраінскі музычна-драматычны тэатр са спектаклем "Калігула" і Палтаўскі акадэмічны абласны тэатр лялек са спектаклем "Крылы для Дзюймовачкі".

Далей фестывальная "геаграфія" выглядае наступным чынам: "Гульцы" Рускага тэатра Эстоніі з Таліна, "Дон Рафаэле-трамбаніст" Азербайджанскага дзяржаўнага тэатра юнага гледача з Баку, "DOJO-JI" Макота Іноуэ з японскай Акінавы, "Іерма" Тэатральнай групы "ШАЯ" з Тэгерана, "Маці" Тэатра Ерэванскага дзяржаўнага інстытута тэатра і кіно, "Майстар і Маргарыта" Тэатра "Сатырыкус Іон Лука Караджале" з Кішынёва і "Жанчына ў пясках" Тэатра "ZERO" з ізраільскага Кір'ят-Ано.

...і тэатр.by

Традыцыйна для апошніх гадоў "Белая вежа" дэманструе шырокую панараму беларускіх творчых работ. Адкрыецца форум "Горам ад розуму" А.Грыбаедава Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя М.Горкага. Магілёўскі абласны драматычны тэатр прадставіць "Гаспадара кавярні" П.Пражко. Брэстаўчане адзначацца "Над прорваю ў жыце" Д.Сэлінджэра.

Прадстаўлены ў афішы і шэраг, так бы мовіць, "нефарматных" для фестываляў калектываў: Беларускі паэтычны тэатр аднаго акцёра "Зьніч" Белдзяржфілармоніі пакажа для маленькіх гледачоў спектакль "Ярык і дракон", Музычны тэатр "РАДА" з Гродна прапануе праграму "І льецца песня..."

Працягне фестываль і прэзентацыю пастановак, створаных па прынцыпах капрадукцыі. Сёлета брэсцкія гледачы пазнаёмяцца з праектам, ініцыятарамі і рэалізатарамі якога выступілі Цэнтр візуальных і выканальніцкіх мастацтваў (Мінск), Польскі інстытут у Мінску і Інстытут Адама Міцкевіча (Варшава), - спектаклем "Амазонія".