Канцэрт у сэрцы Беларусі

№ 26 (1049) 30.06.2012 - 06.07.2012 г

3 ліпеня ў парку Перамогі запланаваны гала-канцэрт “Беларусь у маім сэрцы”.

/i/content/pi/cult/384/7612/1-2.jpeg

Як паведаміла "К" галоўны рэжысёр мерапрыемства Ніна Осіпава, урачыстая дзея распачнецца а 9-й вечара. Гала-канцэрт будзе складацца з дзвюх частак. У першай, афіцыйна-ўрачыстай, прыме ўдзел шэраг вядомых беларускіх ансамбляў і выканаўцаў. У прыватнасці, запланаваны выступленні Дзяржаўнага ансамбля танца Беларусі, духавога аркестра Узброеных Сіл краіны, Беларускага дзяржаўнага ансамбля "Песняры", Анатоля Ярмоленкі, Іны Афанасьевай, Ірыны Дарафеевай... Акрамя таго, у мерапрыемстве паўдзельнічаюць пераможцы праектаў канала "АНТ" "Акадэмія талентаў" і "Я пяю". Таксама, як распавяла Ніна Осіпава, на гала-канцэрце выступяць найлепшыя калектывы з кожнай вобласці Беларусі.

Урачыстая частка завершыцца традыцыйнай акцыяй "Спяём гімн разам!" і святочным салютам. У правядзенні апошняга, як распавёў на прэс-канферэнцыі, прысвечанай святкаванню Дня Незалежнасці, ваенны камендант ваеннай камендатуры Узброеных Сіл Беларусі Анатоль Грыцаў, будуць задзейнічаны тры залпавыя ўстаноўкі. Цягам дзесяці хвілін пад музычнае суправаджэнне мінчане і госці сталіцы змогуць назіраць у небе трыццаць рознакаляровых салютаў.

Другая частка гала-канцэрта запланавана для ўсіх тых, хто захоча прадоўжыць святкаванне. У парку Перамогі адбудзецца начная маладзёжная дыскатэка, на якой выступяць гурты "Лепрыконсы" і "Дразды", Юзары, Аляксей Хлястоў ды іншыя.