"Натхненне" на "Дабравесце"

№ 10 (1033) 10.03.2012 - 17.03.2012 г

Для Гродна канец зімы адзначыўся правядзеннем XI Міжнароднага фестывалю праваслаўных песняспеваў "Каложскі дабравест".

Сёлета ў конкуре прынялі ўдзел 45 царкоўных і свецкіх калектываў з Беларусі, Расіі, Украіны, Літвы, Польшчы, Румыніі, Сербіі і - упершыню - з Грэцыі. Праграма фестывалю, як заўсёды, была насычанай і разнастайнай. Так, акрамя конкурсных праслухоўванняў калектываў і канцэртаў прайшоў шэраг іншых мерапрыемстваў: вечар духоўнай паэзіі і аўтарскай песні, кіналекторыі, а ў Гродзенскім дзяржаўным музеі гісторыі рэлігіі наведвальнікі мелі магчымасць убачыць вышытыя бісерам іконы  - выстаўку майстрыхі Галіны Курносавай пад назвай "Прысвячаю Небу працу рук сваіх".

Па традыцыі, на гала-канцэрце ў Гродзенскім абласным драматычным тэатры былі названы лаўрэаты "Каложскага дабравесту", якіх вызначае міжнароднае журы на чале са старшынёй - протаіерэем, кампазітарам - Андрэем Бандарэнкам. Гран-пры фестывалю і бронзавы прыз работы гродзенскага скульптара Уладзіміра Панцялеева атрымаў маскоўскі хор "Натхненне" Дзіцячай музычна-харавой школы № 106 пад кіраўніцтвам Вольгі Скварцовай. Пераможцамі ў розных намінацыях былі прызнаны наступныя царкоўныя і свецкія калектывы: хор храма ў гонар Сабора Усіх Беларускіх Святых з Гродна, хор Свята-Пакроўскага мужчынскага манастыра з Харкава (Украіна), мужчынскі хор "Святы Лявонцій" з горада Рэдэуць (Румынія), маладзёжны хор "Brevis" Мінскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў, узорны хор "Санет" харавога аддзялення Гродзенскай дзіцячай музычнай школы № 1 імя Ю.Семянякі. Спецыяльныя прызы "Каложскага дабравесту" былі ўручаны візантыйскаму хору "IDIMELON" з грэчаскіх Фесалонікаў і хору Свята-Духава кафедральнага сабора горада Чарнаўцы (Украіна). А лепшым дырыжорам фестывалю прызнаны Авідзю Фока з Румыніі.

Епіскап Гродзенскі і Ваўкавыскі Арцемій у сваім выступленні адзначыў: "Каложскі дабравест" аб'ядноўвае людзей. І з гэтым нельга не пагадзіцца, паколькі штогод на мерапрыемстве павялічваецца прадстаўніцтва калектываў з розных краін свету, а гэта значыць - цікавасць да праваслаўных песняспеваў таксама пашыраецца.

Дар'я ЧАРКЕС

Гродна