Пазыўныя: “НМП…”

№ 45 (1016) 05.11.2011 - 11.11.2011 г

Нацыянальная музычная прэмія ў галіне эстраднага мастацтва выходзіць у святло пражэктараў СМІ.

Калі раней пра яе пісалі толькі асобныя (часцей - спецыялізаваныя) выданні, дык пасля прэс-канферэнцыі, невыпадкова праведзенай у Музеі Уладзіміра Мулявіна сталічнай філармоніі, прэмія застанецца ў цэнтры ўвагі да сярэдзіны снежня.

 Калі дагэтуль пра прэмію толькі гаварылі, дык цяпер яе можна і ўбачыць: зорка, што імкнецца ў неба ракетай, утрымлівае ў сярэдзіне нотку. А яшчэ - пачуць пазыўныя: Яўген Алейнік прыдумаў музычную застаўку, дзе спалучаюцца розныя эстрадныя стылі і кірункі. Дарэчы, яшчэ не позна даслаць сваю заяўку - да 15 лістапада. Тым больш, што ёсць і намінацыя "Новыя імёны", і спецпрыз "Аўтарскі дэбют", які прадугледжвае запіс песні, вызначанай журы, найлепшымі айчыннымі выканаўцамі. Усе пераможцы атрымаюць не толькі апісаныя вышэй памятныя статуэткі скульптара Андрэя Хацяноўскага - аўтара прызоў "Тэлевяршыні", але і грашовыя ўзнагароды. Узнагароджанне абяцае быць масавым: намінацый - шаснаццаць, спецыяльных прызоў - пяць.

 Прэмія, запэўніў першы намеснік міністра культуры краіны Уладзімір Карачэўскі, прадэманструе ўвесь пласт эстраднага мастацтва і дапаможа ўбачыць дасягненні ў розных яго сферах. Прычым менавіта за апошні час: да разгляду прымаюцца праекты ад снежня 2010-га (большая частка новых песень звычайна з'яўляецца ў пераднавагодні час) да лістапада 2011-га. Ацэньваць дасягненні будзе спачатку адборачная камісія, якая ў кожнай з намінацый пакіне ўсяго тройку прэтэндэнтаў, а потым - савет у складзе ажно сотні дзеячаў культуры. Уладальнік Прыза глядацкіх сімпатый вызначыцца праз інтэрнэті sms-галасаванне.

 Гала-канцэрт пройдзе ў Палацы Рэспублікі, яго рэжысёрамі выступяць Вячаслаў Панін і Аляксандр Вавілаў. Білеты коштам 20 - 50 тысяч рублёў, як запэўніў намеснік генеральнага дырэктара тэлеканала "СТБ" Павел Каранеўскі, дапамогуць сабраць папраўдзе зацікаўленую аўдыторыю.

 Уручэннем Нацыянальнай прэміі грамадская ўвага да нашай эстрады не абмяжуецца, а толькі, можна сказаць, распачнецца. Бо прэмія - адзін са шматлікіх праектаў, што падтрымліваюцца Міністэрствам культуры краіны, тэлеканалам "СТБ" і Маладзёжным тэатрам эстрады. Наперадзе - вызначэнне "Залатой калекцыі беларускіх песень".