Палац Рэспублікі — гучыць дзяржаўна

№ 40 (806) 06.10.2007 - 12.10.2007 г

“10 гадоў у сэрцы нашай краіны” — пад такім лозунгам 4 кастрычніка адбыліся юбілейныя ўрачыстасці, прысвечаныя Дню нараджэння Палаца Рэспублікі. Пэўна, ніводны 10-гадовы юбіляр не зможа пахваліцца такім святкаваннем дня нараджэння, якое было ў Палаца Рэспублікі. Бо тут, “у сэрцы нашай краіны”, пачыналася многае, што сталася лёсавызначальным як для жыцця ўсёй Беларусі, так і для творчасці многіх дзеячаў культуры.

/i/content/pi/cult/131/656/Palaz1.jpg 
Віншаванне ад Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі зачытаў кіраўнік справамі Прэзідэнта Аляксандр Кулічкоў. Былі ўнесены на сцэну кветкі ад Прэзідэнта, якія падчас усяго канцэрта радавалі выступоўцаў і публіку сваёй урачыстай прыгажосцю.
Са словамі ўдзячнасці выступіў дырэктар Палаца Рэспублікі Пётр Волкаў. Канцэрт вялі тры пары вядучых, якія прадстаўлялі ўсе тэлеканалы Беларусі. А гледачы былі ў паўнюткай зале і адначасова — на плошчы перад Палацам, бо абрысы яго будынка былі змешчаны на задніку: нібы сам юбіляр таксама глядзеў выступленні.
Гаспадарыў на ўрачыстасцях “сын юбіляра” — Прэзідэнцкі аркестр Рэспублікі Беларусь пад кіраўніцтвам Віктара Бабарыкіна: гэты калектыў з’яўляецца адным са штатных падраздзяленняў Палаца і мае ўдвая меншы ўзрост (аркестру сёлета спаўняецца 5 гадоў). Народныя артысты Беларусі Ядвіга Паплаўская і Аляксандр Ціхановіч, заслужаныя артысты краіны Іна Афанасьева, Алена Шведава, лаўрэаты міжнародных конкурсаў Іскуі Абалян, Аляксандр Шувалаў, Аляксей Хлястоў, вядомыя салісты Уладзімір Громаў, Тарыел Майсурадзэ, Аляксандра Гайдук, пераможцы дзіцячага “Еўрабачання” Ксенія Сітнік і Андрэй Кунец, ансамблі “Бяседа”, “Чысты голас” — кожны дарыў юбіляру і публіцы свае лепшыя творы.
Дый самі не заставаліся без падарунка, атрымліваючы дыпломы і адметныя эпітэты:
 /i/content/pi/cult/131/656/Palaz2.jpg
“Самай прыгожай і стыльнай”, “Самаму задушэўнаму”, “Cамай распазнавальнай” і г. д. Вельмі ўпрыгожылі канцэрт харэаграфічныя нумары — выступленне Дзяржаўнага ансамбля танца пад кіраўніцтвам народнага артыста Беларусі Валянціна Дудкевіча і зорныя салісты Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра балета Ірына і Алег Яромкіны.
У якасці “відовішчнай паўзы” было прапанавана лазернае шоу — і на імправізаваным экране з’явіліся зоркі расійскай эстрады Іосіф Кабзон, які прысутнічаў калісьці пры нараджэнні Палаца (выступаў на яго адкрыцці), Эдзіта П’еха, Тамара Гвердцытэлі, Лаліта, Валерыя, Сяргей Лазараў. Усе яны звярталіся з самымі цёплымі і сардэчнымі словамі віншаванняў, адзначаючы надзвычай чыстую, добрую атмасферу, што пануе ў Палацы і ва ўсёй нашай краіне. Увогуле, віншаванняў, у тым ліку ад дзяржаўных устаноў і творчых калектываў Беларусі, было так многа, што калі б вядучыя не проста пералічылі, а зачыталі б іх, дык святкаванне расцягнулася б да раніцы. А завяршыўся больш як трохгадзінны канцэрт выступленнем народнай артысткі СССР Сафіі Ратару, якая на сёлетнім “Славянскім базары ў Віцебску” была адзначана спецыяльнай узнагародай Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь “Праз мастацтва — да міру і ўзаемапаразумення”.


Надзея БУНЦЭВІЧ