Песні з мажорнай афарбоўкай

№ 38-39 (804-805) 29.09.2007 - 05.10.2007 г

Тыдзень таму ансамбль народнай музыкі “Бяседа” ўдзельнічаў у Дажынках, напярэдадні здымаўся ў праграме АНТ у Летнім амфітэатры ў Віцебску, 27 верасня даў вялікі сольнік у Канцэртнай зале “Мінск”. Вось таму сёння мы і прапануем чытачам песні народнага артыста Беларусі Леаніда ЗАХЛЕЎНАГА — заснавальніка і мастацкага кіраўніка калектыву, знакамітага кампазітара.

— Я вельмі рады, — распавёў Леанід Канстанцінавіч, — што вечар у “Мінску” прайшоў на такім жа творчым і духоўным уздыме, як і наш колішні юбілейны канцэрт, прысвечаны 15-годдзю ансамбля.

— Мабыць, ужо зараз пачалі рыхтавацца да 20-годдзя?

— Для мяне галоўным застаецца не ўзроставы паказчык, а творчы. Таму і этапамі развіцця калектыву трэба лічыць не пэўныя “даты”, а менавіта тыя ці іншыя творчыя дасягненні.

— Леанід Канстанцінавіч, апошнім часам у творчасці вашага калектыву з’явілася новая, як мне здаецца, тэндэнцыя — імкненне да цыклічных кампазіцый, складзеных з асобных песень, удала падабраных па змесце.

— Сапраўды, апошнім часам мяне больш цікавяць буйныя працы. Думаю, што такі кірунак застанецца для нас прыярытэтным і надалей. Бо выступленні “Бяседы” ўжо сёння ператвараюцца ў своеасаблівую музычна-тэатралізаваную дзею, дзе глядач можа сачыць як за ўласна песеннай сюжэтнай лініяй, так і за ўзаемаадносінамі паміж героямі гэтых песень.

— Пачалася гэтая тэндэнцыя, мабыць, з вашага песеннага цыкла “З днём нараджэння, Перамога!”, адзначанага спецыяльнай прэміяй Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.

— Дарэчы, зараз да пяці песень таго цыкла далучылася яшчэ адна — партызанская “Эх, туман”. Паводле агульнага сюжэтнага разгорту, які ахоплівае Вялікую Айчынную вайну з чэрвеня 1941-га да пераможнага мая 1945-га, яна ідзе трэцяй. З’явілася гэтая песня таму, што, нягледзячы на завершанасць працы над цыклам і яго высокае дзяржаўнае прызнанне, мне захацелася неяк азначыць яшчэ і партызанскую тэму, святую для беларускага народа. І тым самым прадоўжыць лепшыя традыцыі нашага класіка Уладзіміра Алоўнікава, чыя песня “Ой, бярозы ды сосны” стала сапраўдным сімвалам партызанскага руху і нашай памяці пра ваенныя гады. Але ж яне ставіў сабе мэтаю ўзмацняць трагедыйныя аспекты вайны, дый цяперашні час патрабуе навізны ў вырашэнні жанру. Таму і з’явілася ў цыкле мажорная афарбоўка, жартоўныя павароты. Лічу, што такія гульнёвыя песні, як “Таццяна Фёдараўна” ці “Тальянка”, адпавядаюць тым традыцыям Вялікай Айчыннай, што далі свету абагульнены вобраз Васі Цёркіна і яго прыгоды, апісаныя Твардоўскім.

— Калі сабраць разам вашы песні, прысвечаныя Дажынкам, дык яны таксама ўтвораць сапраўдны цыкл. Да сёлетніх Дажынак “бяседаўцы”, паводле традыцыі, падрыхтавалі чарговую прэм’еру песні “Аграгарадок” Івана Поклада на словы Івана Цітаўца. Але ж у творчасці вашага ансамбля не так часта з’яўляюцца песні “чужых” аўтараў — часцей за ўсё ансамбль выконвае вашы творы і кампазіцыі яшчэ аднаго ўдзельніка “Бяседы” — Мікалая Алешкі.

— Нам шмат прыносяць песень, але далёка не ўсе яны адпавядаюць стылю, што ўжо склаўся ў нашым ансамблі і які хочацца захаваць. Таму бывае складана штосьці з усяго гэтага выбраць. Але гэтая песня прыйшлася нам да душы, праўда, давялося яе крыху адрэдагаваць, наблізіўшы да таго гучання, якім яно павінна быць у “Бяседы”.

— У той жа час, песні “Бяседы” становяцца папраўдзе народнымі: іх спяваюць усе.

— Напярэдадні цяперашняга Свята ўраджаю я ў складзе пастановачнай групы шмат ездзіў па Гомельшчыне, каб адабраць лепшыя самадзейныя калектывы да ўдзелу ў Дажынках. І што вы думаеце? Ледзь не кожны народны гурт спяваў нашу песню “Хлеб ды соль”!

— Не меншай папулярнасцю (праўда, у выкананні стылёва іншых салістаў і калектываў) карыстаецца ваша песня “Каля Чырвонага касцёла”.

— З ёй звязана цікавая гісторыя. Я ў той час выкладаў у Рэспубліканскім каледжы пры Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі. Неяк да мяне ў клас, што змяшчаўся на шостым паверсе, зазірнуў Леанід Пранчак. Аддаў мне тэкст, а сам пайшоў. Я адразу сеў за раяль, і ледзь ён толькі выйшаў на вуліцу, як я ўжо паклікаў яго праз адчыненае вакно: маўляў, вяртайся — песня гатова. Увогуле, не разумею выраз “Працаваць над песняй”: калі мелодыя не з’явіцца адразу, надалей “працаваць над ёй” не мае сэнсу — яна атрымаецца вымушанай, ненатуральнай. Іншая справа — далейшае ўдасканальванне ўсіх складнікаў песні, уключаючы аранжыроўку. І тут я вельмі ўдзячны Юрыю Багаткевічу, які зрабіў да песні “Каля Чырвонага касцёла” такую ўдалую аранжыроўку, з якой яна і атрымала папулярнасць.

— А не крытыкавалі вас, што вы ў тыя савецкія гады “да касцёла” звярнуліся?

— Даводзілася чуць усялякае. Але гэты касцёл для мяне і тады ўспрымаўся не проста нашай гісторыяй, а сапраўдным сімвалам Мінска, матэрыялізаваным у архітэктуры вобразам духоўнасці. Таму, мабыць, песня жыве і зараз.


Распытвала Надзея БУНЦЭВІЧ

 

 

 

Хлеб ды соль 

Музыка Л.Захлеўнага

Словы Л.Пранчака

Сонца ўсходзіць — дорыць радасць дню.                           
 /i/content/pi/cult/130/653/Hleb1.jpg

Птушкам — голас, небу — цішыню.
Зорны жнівень — шчодрае жніво,
Водар караваю — лета хараство.
Выйду ў поле, звоняць каласы —
Родных ніў жывыя галасы.
І плывуць высока дзіўнаю красой,
Песняй велічальнай льюцца над зямлёй.

Прыпеў:
Хлеб ды соль, хлеб ды соль,
Вышыты абрус.
Хлеб ды соль, хлеб ды соль,
Маці-Беларусь!
Хлеб ды соль, хлеб ды соль
Мы падносім вам.
Хлеб ды соль
І наш паклон
Дарагім гасцям!

Кружыцца жыцця вадаварот.
Дні бягуць, бясконцы іх палёт.
А над пожняй скошаных палёў
Развітальным клінам вырай жураўлёў.
Бохан хлеба — сонца на руках!
Шчасце ў сэрцы, радасць у вачах.
Зорны спеўны жнівень — шчодрае жніво,
Водар караваю — лета хараство.

Прыпеў.

Бяседа


Музыка Л.Захлеўнага

Словы Л.Пранчака

1. Добры звычай старадаўні —                                 
 /i/content/pi/cult/130/653/Byaseda1.jpg
           

Запрашаць гасцей у дом,
Сабірацца на бяседу
За святочным за сталом.
На бяседу, на бяседу,
Каб душою адпачыць!
Мы жывём і жыць мы будзем,
Покуль песня будзе жыць!

Прыпеў:

Спявай, бяседа звонкая,
спявай,
сяброў збірай!
Хай радасць неўгамонная
ільецца
цераз край!
Як сэрцу свята хочацца —
на стол
сцялі абрус!
Паднімем кубкі поўныя
за нашу
Беларусь!
 

2. Каб бяседа не змаўкала,
Каб звінела і гула,
I на чарку, і на скварку
Запрашаем да стала.
На бяседу, на бяседу
Мы прыходзім да сяброў,
Прывітаць іх добрым словам,
Праспяваць ім “Сто гадоў!”.

Прыпеў.

3. Сэрцы шчырыя гамоняць,
Сэрцы блізкія пяюць
Над азёрнаю старонкай
Песні родныя плывуць.
Запрашаем на бяседу,
Каб душою адпачыць!
Мы жывём і жыць мы будзем,
Покуль песня будзе жыць!
 

  

Тальянка 

Музыка Л.Захлеўнага

Словы В.Кавальчука

 1. После боя, на привале, в светлый тёплый день весны
Развернул боец тальянку на поляне у сосны.
И мотив простой той песни тронул души и сердца:
Каждый вспомнил о любимой, вспомнил маму и отца.

Припев:
Ах, тальяночка-тальянка,                                    
 /i/content/pi/cult/130/650/Talyanka1.jpg

Ты пошире развернись!
Поиграй-ка нам, двухрядка,
Поиграй-ка, не ленись!
Ох, как хочется солдату
Ласки нежных милых рук.
Мы в Победу верим свято
И любимым, что нас ждут!

2.
И сказал боец Иван — от любви в глазах туман:
“За мою Елизавету я всю жизнь свою отдам!”
А Мыкола Полищук вдруг сказал: “Я так грущу!
Як до Гали повэрнуся — попрошу зварыць борщу!”
В разговор вступил Петрусь —  пулемётчик-белорус:
“В Бресте ждёт меня Алеся, як вярнуся — ажанюсь!”

Припев.

3. После боя, на привале на исходе той войны
Всё вокруг весной дышало, той весной, что ждали мы!
И солдаты улыбнулись, стали в богатырский рост.
А до взятия Берлина оставалось десять вёрст!

Припев.