10 дзён для спевака

№ 30 (1001) 23.07.2011 - 29.07.2011 г

Стала традыцыяй, што пасля “Славянскага базару ў Віцебску” песенна-конкурсную эстафету прымае “Новая хваля” ў Юрмале (Латвія).

 

Беларусь на гэтым міжнародным форуме будзе прадстаўляць малады спявак Юзары. Конкурс стартуе 26 ліпеня, але яго ўдзельнікі ўжо не толькі з'ехаліся і перазнаёміліся, але і распачалі рэпетыцыі, якія працягнуцца дзесяць дзён. Асаблівасцю дадзенага конкурсу маладых выканаўцаў з'яўляецца сумяшчэнне ўласна спаборніцтва са своеасаблівымі "майстар-класамі".

У розныя гады ў гэтым конкурсе ўдзельнічалі такія нашы артысты, як Паліна Смолава, Аляксей Хлястоў, Макс Лорэнс (Максім Сапацькоў), гурт "Lite sound", які заняў летась шостае месца. Дзядзька Ваня (Іван Вабішчэвіч) пазалетась атрымаў спецыяльны прыз Алы Пугачовай. Менавіта на "Новай хвалі" ён займеў новы імідж. Што ж да Юзары, які навучаецца ў СанктПецярбургу, дык новае спеўнае аблічча гэтага саліста, аўтара і аранжыроўшчыка мы хутка ўбачым у тэлетрансляцыях.

Праз месяц, 20 - 22 жніўня, пройдзе і дзіцячая "Новая хваля-2011" у Артэку. Ад Беларусі туды паедзе Алена Гразнова - з мінскай гімназіі № 29.