Хваляванні перад “...Хваляй”

№ 16 (987) 16.04.2011 - 22.04.2011 г

27 ліпеня ў Юрмале стартуе юбілейны, Х Міжнародны конкурс маладых выканаўцаў папулярнай музыкі "Новая хваля". Беларусь на ім прадставіць спявак Юзары - Юрый Наўроцкі. А на "Дзіцячую Новую хвалю-2011", што 19 - 21 жніўня збярэ ў Артэку спеўную дзятву ад васьмі да трынаццаці гадоў, ад нашай краіны паедзе 11-гадовая Алена Гразнова - выхаванка тэатральна-эстраднай школы "Талент груп".

/i/content/pi/cult/318/5630/pic_23.jpg"Новая хваля" апошнім часам сакцэнтавала менавіта першае слова ў сваёй назве: расійскі бок, вызначаючы канчатковы склад канкурсантаў, намагаецца знайсці невядомых пакуль выканаўцаў, прычым не столькі з адметным голасам і добрай спеўнай школай, колькі са сваёй "разыначкай", артыстычнымі здольнасцямі, запамінальным візуальным вобразам. Таму ўсе адборы да гэтага конкурсу, што праводзяцца ўнутры краін-удзельніц, застаюцца толькі папярэднім раскладам. Канчаткова ўсё вырашаецца непасрэдна ў Маскве, куды і накіраваліся тыдзень таму нашы салісты Яўген Літвінковіч, Юрый Наўроцкі і гурт "Шалом Бэнд". У выніку арганізатары спыніліся на Юрыі. Ці, адпаведна сцэнічнаму псеўданіму, - на Юзары.

Дарэчы, гэтая "мянушка" не мае дачынення да камп'ютарных карыстальнікаў: так хлопчыка збіраліся назваць пры нараджэнні, падкрэсліўшы яго цыганскае паходжанне па лініі бацькі. 20 гадоў таму перамагло больш традыцыйнае, распаўсюджанае імя. Сцэна ж, наадварот, патрабуе адметнасці. А ці перадасца ў залу "Дзінтары" разам з імем запальная энергетыка Ю.Наўроцкага, паглядзім на трох конкурсных турах фіналу. Пакуль жа спеваку трэба канчаткова вызначыцца з рэпертуарам: пасля 25 красавіка ніякія песенныя змены не прымаюцца. А вось рэжысёрскія ды іміджавыя эксперыменты пачнуцца менавіта ў Юрмале, за некалькі дзён да спаборніцтва: з усімі ўдзельнікамі, паводле традыцыі, працуюць спецыялісты, каб конкурс набыў максімальную відовішчнасць і нават элементы тэлешоу.

Дарэчы, сюрпрызаў на сёлетняй "Новай хвалі" паболее: юбілей, як-ніяк! Плануюцца і "абменна-віншавальныя" мерапрыемствы паміж цяперашняй "...Хваляй" і сёлетнім ХХ "Славянскім базарам у Віцебску". Пакуль жа ёсць магчымасць напоўніцу ацаніць леташніх беларускіх удзельнікаў "Новай хвалі" - гурт "Лайт Саунд", які заняў 6-е месца: праз два тыдні - іхні сольнік у Палацы Рэспублікі.

На здымку: Юзары.

 

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"