Нацыянальная музычная прэмія: канцэпцыя старту

№ 14 (985) 02.04.2011 - 08.04.2011 г

Эталоннае вымярэнне для айчыннай эстрады

/i/content/pi/cult/316/5550/5-1

Жанр песні заўсёды ў цэнтры ўвагі. А з часоў удзелу Беларусі ў "Еўрабачанні" ўвогуле стаў ледзь не галоўным у айчыннай музычнай прасторы. Стварэнне нацыянальнага рэпертуару немагчымае без прытоку ў айчынную эстраду крэатыўных прафесіяналаў. Гэта - адзін з надзённых тэзісаў у дадзенай сферы. Каб стымуляваць яго рэалізацыю на дзяржаўным узроўні, быў заснаваны Рэспубліканскі конкурс "Нацыянальная музычная прэмія ў галіне эстраднага мастацтва". Палажэнне аб ім, нагадаем, было зацверджана Саветам Міністраў Рэспублікі Беларусь 24 снежня 2010 года.

У нацыянальным "фармаце"

- З ініцыятывай стварэння гэтай прэміі,- распавёў начальнік упраўлення мастацтваў Міністэрства культуры Беларусі Міхаіл Казловіч, - выступіла Міністэрства культуры. Распрацоўваліся арганізацыйныя пытанні, звязаныя з яе заснаваннем, уласна ўмовы, паводле якіх яна будзе прысуджацца. Прынята пастанова Урада аб заснаванні такой прэміі, распрацавана Палажэнне аб прэміі. Прэмія невыпадкова будзе прысуджацца менавіта ў сферы эстрады. Вядома, музычнае мастацтва куды больш шырокае і ўсеабдымнае, яно ахоплівае многія іншыя кірункі, жанры, дзе дасягненні нашых кампазітараў ды выканаўцаў на міжнародным і нават сусветным узроўні, можа, больш высокія. Але ў сферы акадэмічнай музыкі ўжо існуюць свае прэміі. Творцы, якія працуюць у гэтай галіне, могуць прэтэндаваць і на Дзяржаўную прэмію Рэспублікі Беларусь, і на прэмію "За духоўнае адраджэнне", а таксама на спецыяльныя прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзеячам культуры і мастацтва, што ахопліваюць як кампазітарскую і выканальніцкую дзейнасць у сферы музычнага мастацтва, так і педагагічную. Ладзіліся ў нас і ўласна эстрадныя конкурсы, але не такога рангу. Так, у межах як усёй краіны, так і асобных рэгіёнаў праводзіліся разнастайныя выканальніцкія конкурсы, але гэта зусім іншае: там ацэньваюцца найперш вакальныя здольнасці спевакоў, іх уменне трымацца на сцэне, густ у выбары рэпертуару. Акрамя таго, штогод узнікалі шматлікія хіт-парады, агляды песень года і, вядома, звязаныя з усім гэтым прэміі. Але наўрад ці яны мелі асаблівую вагу. Іх заснавальнікамі выступалі і тэлеканалы, і іншыя СМІ, часта такія конкурсы набліжаліся да шоу, былі разлічаны найперш на прыцягненне публікі, насілі забаўляльны характар. Да таго ж, зразумела, калі прэмію прысуджаў той або іншы канал ці радыёстанцыя, яны ўлічвалі, безумоўна, найперш свой фармат і адпаведнасць яму твораў. Усё гэта было, можа, і няблага, але недастаткова. З'яўленне Нацыянальнай прэміі ні ў якім выпадку не азначае, што ўсе астатнія творча-відовішчныя спаборніцтвы будуць скасаваны. Навошта? Хай існуюць, кожны - у сваёй прасторы. Але відавочна, што пры такой, здавалася б, размаітасці лакальных узнагарод даўно наспела патрэба ў менавіта Нацыянальнай прэміі, якая будзе стымуляваць развіццё - падкрэслю - нацыянальнага мастацтва ў сферы эстрады.

Радасць - з клопатам, трукі - з трэкамі

 У тым, што такая прэмія неабходна, з апытаных намі дзеячаў культуры не сумняваецца ніхто. Але як толькі размова заходзіць пра ўвасабленне распрацаваных правілаў, многія выказваюць і няўпэўненасць, і свае прапановы, і нават контрпрапановы. Яно і зразумела: узнятая тэма не можа не хваляваць, бо зачапіла, што называецца, за жывое.

 - Беларускамоўныя песні, - дапаўняючы адно аднаго, разважаюць удзельнікі дуэта "Аляксандра & Канстанцін", - сёння, здараецца, цяжка "прасунуць". Іх бяруць хіба дзяржаўныя радыёстанцыі, астатнія ж "круцяць", у асноўным, рускамоўныя. Нават на 75-і працэнтах айчыннага гэта ніяк не адбіваецца. Вынікі хіт-парадаў часам папросту бянтэжаць, бо там ацэньваецца не музычны ўзровень песень, а, хутчэй, густы рэдактараў і слухачоў. Дый беларускамоўных хіт-парадаў практычна не існуе - хіба толькі адзін, інтэрнэтаўскі. А ўлічваючы, што запіс песні ў прафесійнай студыі каштуе ад 500 да 1 тысячы долараў, у многіх выканаўцаў узнікае пытанне: навошта ўкладаць такія грошы, калі твор потым не будзе гучаць? Нацыянальная прэмія і той грамадскі розгалас, які яна атрымае, здольныя калі не выправіць сітуацыю, дык, дакладна, зрушыць яе ў лепшы бок. Таму вельмі важна, хто будзе ў журы і па якіх крытэрыях будуць ацэньвацца намінанты. Бо публіка часцей рэагуе (і тое ж "Еўрабачанне" - таму доказам) ці на сваіх улюбёнцаў, прычым незалежна ад таго, што тыя зараз спяваюць, ці на нейкае шоу. Рашэнне ж прафесійнага журы павінна ўстанаўліваць нейкую планку. І на яе будуць раўняцца іншыя. А яшчэ вельмі важна, каб мы маглі сачыць за творчым лёсам пераможцаў і ўладальнікаў узнагарод. Бо любы знак прызнання яшчэ і абавязвае, стымулюе. І паглядзець на творчы рост тых, хто быў адзначаны, бывае цікава не толькі "канкурэнтам", але і шырокаму колу слухачоў.

 - Нацыянальная прэмія, - дзеліцца сваім меркаваннем галоўны рэдактар музычнага вяшчання Першага нацыянальнага канала Беларускага радыё Таццяна Якушава, - патрабуе адпаведнага ўзроўню. Цяперашняя ж эстрада, на якой пануе аматарства - у супрацьвагу інтэлігентнаму прафесіяналізму мінулых гадоў,- у большасці сваёй яшчэ не дарасла да яго. Прычына таму - у жаданні хутчэй зарабіць грошы, а самы лёгкі шлях да гэтага - у перайманні расійскай эстрады, што трывала мае свайго слухача, у скарачэнні выдаткаў менавіта на песню: маўляў, напішам самі (гэта ж так проста!) - танней будзе. Вось і атрымліваюцца нават не песні, а... трэкі. Вядома, прэмія стане стымулам, але яе ўручэнне павінна папярэджвацца вялізным этапам напружанай працы - не толькі дзеячаў культуры, але і арганізатараў. Давайце будзем рэалістамі: вынік, якога мы чакаем, можа быць дасягнуты далёка не адразу, а толькі праз некалькі гадоў. Першнаперш патрэбны нейкі праект, які збярэ намаганні дзеячаў эстрады па стварэнні нацыянальнага рэпертуару. Ён мог бы стаць той базай, на аснове якой і будзе праводзіцца далейшы конкурс. Бо маладых выканаўцаў шмат, але ім не хапае добрых песень. Я толькі што прыехала з Маладзечна, дзе праходзіў ІV фестываль-конкурс "Маладзічок",- тыя ж самыя праблемы: таленавітых дзяцей шмат, але што яны спяваюць? Арганізатары конкурсаў нават наўмысна прапісваюць ва ўмовах абавязковае выкананне беларускамоўных песень- пажадана, новых. На тым жа "Белазаўскім акордзе", які мае статус Адкрытага рэспубліканскага конкурсу, аўтарам лепшай беларускамоўнай песні нават асобную прэмію ўручаюць. На Беларускім радыё з 1 красавіка стартуе конкурс "Маладыя таленты Беларусі": зноў-такі, ва ўсіх намінацыях прапісана абавязковае выкананне беларускага рэпертуару.

 Іншымі словамі, нацыянальны рэпертуар трэба падтрымліваць, "раскручваць" - тады будзе з чаго выбіраць песні, годныя высокага гонару - Нацыянальнай прэміі.

Разам з тым, сярод дзеячаў культуры існуюць і цалкам аптымістычныя прагнозы, таксама, што цікава, заснаваныя на параўнанні з ранейшым станам у галіне эстрады.

 - Без прэмій нецікава, - усміхаецца аўтар безлічы песень, выканаўца і прадзюсар Сяргей Сухамлін.- Мы нават не бачымся! Кожны сядзіць у сваёй студыі. На гала-канцэртах - выходзіць са сваёй грымёркі. На такіх жа праектах, як "Песня года", а яшчэ раней - "Песню бярыце з сабой!", мы ўсе збіраліся разам, песні адно аднаго былі на віду. І гэта таксама вымушала працаваць "на зайздрасць суседу", у лепшым сэнсе слова. Нацыянальная прэмія - гэта, найперш, стымул. Не трэба, думаю, ставіцца да яе як да нейкага "фактара круцізны", як да гэткага "абсалютнага паказчыка прафесіяналізму ў апошняй інстанцыі". Давайце з радасцю прымаць усё новае, што ўзнікае, і, адначасова, не забывацца на лепшыя традыцыі. Нацыянальная прэмія - акурат такая падзея, што яднае мінулае з будучым.

50 на 50: кіт альбо слон?

Як жа будзе праходзіць вызначэнне пераможцаў? Гэтае пытанне хвалюе не толькі патэнцыйных намінантаў на прэмію, але бадай кожнага з нас: хочам мы таго ці не, а да эстрады спрычыняемся, хаця б у ролі слухачоў, амаль штодзень.

- Медыйным партнёрам Міністэрства культуры, - тлумачыць начальнік упраўлення мастацтваў Мінкультуры Міхаіл Казловіч, - выступае "Сталічнае тэлебачанне". У канцы года па СТБ пройдзе гала-канцэрт, па выніках якога і абяруць пераможцаў. Прэмія вызначаецца па тых песнях, што з'явіліся і з'явяцца сёлета, заяўкі на конкурс могуць падаваць і творчыя калектывы, і ўстановы культуры, і самі музыканты. Галоўнае, каб песні былі годныя. Рашэнне будзе прымацца, можна сказаць, калегіяльна, у самым шырокім сэнсе гэтага слова, бо 50 працэнтаў ацэнкі складуць меркаванні прафесійнага журы, а яшчэ 50 - вынікі галасавання гледачоў. Дарэчы, нагадаю, прэмія вызначаецца па розных намінацыях. Акрамя галоўнай - "Лепшая песня года", ёсць шмат іншых. Прычым штогод Аргкамітэт можа змяняць намінацыі, каб закцэнтаваць увагу творцаў менавіта на тых складніках песні, якія маюць на сёння найбольшае значэнне для далейшага развіцця нашай эстрады. Такі падыход да намінацый не новы, ён практыкуецца на многіх конкурсах, але часта вызначаецца па тых заяўках, якія ўжо пададзены. Здараецца, на тую або іншую намінацыю набіраецца недастатковая колькасць прэтэндэнтаў, ці ўзровень удзельнікаў нейкай катэгорыі недастаткова высокі. І журы пакідае за сабой права не прысуджаць ў гэтай намінацыі прэмію- атрымліваецца "натуральны адбор"... Літаральна ў бліжэйшыя два тыдні Аргкамітэт вызначыцца з намінацыямі канчаткова - калі ласка, творцы, працуйце!/i/content/pi/cult/316/5550/5-2.jpg

Сапраўды, вызначэнне намінацыі- гэта яшчэ і вызначэнне тых крытэрыяў, па якіх будзе ацэньвацца твор, на што ў ім у першую чаргу будзе звяртацца ўвага: уласна на музыку, на словы, аранжыроўку, выкананне. І хаця ўсе, зразумела, пагодзяцца, што добрая песня - гэта гармонія пералічаных складнікаў, у вылучэнні асобных элементаў з іх далейшым паяднаннем заключаецца яшчэ і навуковы падыход да песеннага жанру.

 - Самае галоўнае ў любым конкурсе, у любым вылучэнні на тую або іншую прэмію,- лічыць народны артыст Беларусі, кампазітар Эдуард Зарыцкі, - гэта дасканалая распрацоўка саміх умоў, так бы мовіць, "правілаў гульні". Мне шмат даводзілася і самому ўдзельнічаць у розных праектах, і працаваць у складзе журы, разнастайных экспертных камісій, нават быць старшынёй журы некалькіх міжнародных конкурсаў. І я заўважыў адну заканамернасць. Калі самі патрабаванні да намінантаў прапісаны дакладна, калі ў іх максімальна ўлічваюцца ўсе магчымыя абставіны, да журы ніколі не ўзнікае ніякіх пытанняў: маўляў, чаму не мне, а яму, і г. д. Ды і самому журы працаваць у такіх умовах вельмі зручна, бо паміж членамі не ўзнікае непаразуменняў, выкліканых менавіта рознымі падыходамі: адзін, да прыкладу, ацэньвае ўласна вакал, другі - саму песню, а трэці - яе відовішчнае данясенне да публікі. Атрымліваецца амаль паводле басні Крылова: "лебедзь, рак ды шчупак". І вынікі такога "судзейства" могуць быць самымі непрадказальнымі, бо журы, вобразна кажучы, намагаецца вырашыць пытанне, невырашальнае ўжо паводле самой сваёй пастаноўкі. Вось вы можаце адказаць, хто мацнейшы: кіт ці слон? Так і тут...

Дадамо яшчэ і тое, што творцы- людзі імпульсіўныя, у іх насамрэч вельмі тонкая душэўная арганізацыя, яны ўжо паводле роду сваёй дзейнасці не могуць быць "таўстаскурымі". І сам факт параўнання іх з кімсьці іншым, ды не на карысць сабе, стварае стрэсавую сітуацыю, якая зусім не спрыяе творчасці. Але ж, прабачце, ніхто з іх не пакутуе, што яго не прызналі, да прыкладу, алімпійскім чэмпіёнам. Бо ў спорце - цалкам зразумелыя ўмовы. У мастацтве ж, асабліва - эстрадным, сёння многія крытэрыі размытыя. Камусьці яно ўвогуле ўяўляецца звышпростым і даступным: намурлыкаў тры ноткі - і ты кампазітар, прыдумаў рыфму - ты паэт, заспяваў - ужо і спявак. А вось прафесіянал пачувае сябе ў такім асяродку няўтульна.

- Прыцягненне прафесіяналаў,- лічыць прадзюсар Юрый Саваш, - магчымае тады, калі прэмія- заўважная: перамогай, да прыкладу, становіцца грант, на які можна падрыхтаваць новую праграму, змяніць канцэпцыю сваёй творчасці, рызыкнуўшы на эксперымент. Калі ж прэмія- сімвалічная, дык праект збірае найперш аматараў, каму бывае важнае прызнанне само па сабе - часцяком усё роўна, у якой сферы. А эстрада ўяўляецца "лёгкай"...

Памеры прэміі ў Палажэнні, вядома, прапісаны: ад 62-х базавых адзінак да 95-і, у залежнасці ад намінацый. Прадугледжана і стварэнне кліпа на лепшую песню. Слова - за творцамі!

- Любое ўручэнне прэмій, - кажа Юрый Саваш, - гэта заўсёды самая рэйтынгавая тэлепраграма. І яе ўдзельнікі ўжо самі па сабе становяцца вядомымі на ўсю краіну. Але не гэта галоўнае! Прэмія- гэта ўсталяванне арыенціраў, своеасаблівых эталонных вымярэнняў. І Нацыянальная прэмія - гэта творчы арыенцір для эстрады на ўсю краіну.

 - У добра арганізаваным конкурсе, - працягвае Эдуард Зарыцкі, - не бывае пацярпелых і прайграўшых. І наадварот: больш за ўсё непаразуменняў узнікае, калі, паўтаруся, "правілы гульні" не ўдакладнены ці, яшчэ горш, раптоўна змяняюцца ўжо пад час спаборніцтва. А такое, на жаль, таксама здараецца. Нетактоўным бывае і паяднанне ў адной намінацыі прафесіяналаў і аматараў: у такіх праектах, часцей за ўсё, прафесіяналы ўвогуле вырашаюць не ўдзельнічаць...

Конкурсаў, хіт-парадаў, прэмій сёння шмат. Кожны можа выбраць тое, што яму бліжэй. Мэта ж Нацыянальнай прэміі вызначана ўжо ў самой яе назве, у статусе- Нацыянальная. Таму пажадаем ёй добрага, упэўненага старту!

 

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"