Метрыка для песні

№ 7 (979) 12.02.2011 - 18.02.2011 г

Міхась ДРЫНЕЎСКІ: драматургія нот і любoві

/i/content/pi/cult/309/5320/pic_10.jpgАкурат сёння народнаму артысту Беларусі, прафесару Міхасю ДРЫНЕЎСКАМУ спаўняецца 70 гадоў. Няўжо сапраўды так? Паводле энцыклапедый - круглая дата ў яго толькі праз год. На афішах - ніякіх юбілейных канцэртаў Нацыянальнага акадэмічнага народнага хору Беларусі імя Г.Цітовіча, якім Дрынеўскі кіруе ўжо 35 гадоў, а працуе ў гэтым калектыве ўвогуле 42. Дый выглядае Міхась Паўлавіч гадоў на дваццаць маладзейшым. Можа, нейкі піяр-ход? З высвятлення абставін, бы ў дэтэктыве, і пачалася наша сустрэча.

- Ды ўсё ж, Міхась Паўлавіч, як вам удалося дзень нараджэння ажно на цэлы год перасунуць? Ці гэта энцыклапедыі хлусяць?

 - Ды не хлусяць яны зусім. Проста, скажам так, састарэлыя звесткі. Калі я ў Гомель паехаў у музычнае вучылішча паступаць, патрабаваўся пашпарт: мне ж было ўжо 18. А ў нас у вёсцы пашпартоў не выдавалі. Ды і бацькоўскія пашпарты ляжалі ў сельсавеце, іх на рукі не атрымлівалі, каб хто ў горад выпадкам не з'ехаў. Дык маці мая са знаёмым міліяцыянерам дамовілася, каб мне ў Гомелі пашпарт зрабілі. Той павёў мяне ў нейкі кабінет, а там пытаюцца: калі нарадзіўся? Я так разгубіўся, што ляпнуў: 12 лютага 1942-га. Так і запісалі. Не да ўдакладненняў было: добра, што хоць нейкі дакумент цяпер ёсць. А пазней - маці ніяк не магла знайсці метрыкі (так раней пасведчанне аб нараджэнні называлі), каб пацвердзіць правільную дату. Знайшлася тая метрыка, у вузельчыку завязаная, - толькі калі хату бацькоўскую па бервяне разбіралі... Вось і вырашыў я ўсё ж унесці папраўку.

 - Знойдзеная метрыка дапамагла вам "пасталець" на год. А што дапамагае заставацца маладым? Можа, вашы сваякі-медыкі нейкі рэцэпт асаблівы знайшлі?

- Так, сын у мяне сам захацеў вучыцца вакалу, а дачка і трое маіх старэйшых братоў - усе медыкі. Але я, насамрэч, быў не чацвёртым дзіцем у сям'і - ажно восьмым. Астатнія, на жаль, памерлі малымі. Так што... які там рэцэпт? Дзяцінства было цяжкое. Яшчэ падлеткам рукі сапсаваў: копны сена цягаў - усё на выцягнутых, і ў ваду, у бруд яго не пакладзеш. Вось і расцягнуў жылы - яно і цяпер даецца ў знакі. Калі спазнаеш гора, лепей разумееш іншых. Жыццё не песціла, затое ўсё ўмею: і касіць, і сталярнічаць. Але ж, як казала мая маці: дай божа ўсё ўмець, ды не ўсё рабіць. Добра працаваць, калі ў радасць. У 84-м бацька хатку зрубіў - на летніку, 5 на 6 метраў. Я там і веранду прыбудаваў, і другі паверх, і падлогу пераклаў, усё - сам. Здароўе, дзякаваць богу, не падводзіць. Выратоўвае і вернасць людзям, што ў цябе паверылі. Дый песня - папраўдзе, як гаворыцца, жыць дапамагае. У вёсцы людзі песняй згуртоўваліся на працу, дапамагалі адно аднаму. З песняй весялей!

- Але ж адна справа - спяваць для душы, не дбаючы пра публіку, і зусім іншая - працаваць над той песняй...

- Бывае, выношваеш задуму гадамі, як тую або іншую песню апрацаваць. Першыя свае пералажэнні, дарэчы, я рабіў пад кіраўніцтвам Эдзі Майсееўны Тырманд. Гэта знаная наша кампазітарка сваю першую адукацыю - фартэпіянную і хормайстарскую - атрымлівала ў Варшаве, напярэдадні Другой сусветнай вайны. Ну, а моцныя прафесійныя веды мне дала, вядома, Ганна Паўлаўна Зелянкова: у гэтага цудоўнага спецыяліста вучылася большасць нашых харавікоў. Яна падрыхтавала мяне ў асістэнтуру, але загадчык кафедры сказаў: не, пойдзе іншы. Усе на выпускным вечары гуляюць, а ў мяне настрою няма, пайшоў дадому. Раптам тэлефануе той, каму замест мяне далі накіраванне: ён на радасцях дыплом згубіў, і запытвае, ці не я гэта "дапамог". Затое праз два гады знакаміты Віктар Роўда нават Аляксандру Свешнікаву, які ў той час быў рэктарам Маскоўскай кансерваторыі, ліст пісаў, каб мяне туды ў аспірантуру адправіць. Але паехаць не давялося: я ўжо працаваў у народным хоры. І шмат чаму навучыўся ў заснавальніка калектыву Генадзя Цітовіча. Ён жа па ўсёй Беларусі праехаў, збіраючы песні! І паўсюль быў свой сярод сваіх. А вось з хорам займаўся, здавалася б, мала, творы развучвалі штатныя хормайстры (і я сярод іх). Было гэта не так проста: у калектыве на той час працавала шмат артыстаў без аніякай музычнай адукацыі, яны ўсё вучылі выключна па слуху. Затое з усяго развучанага Цітовіч умеў зрабіць музыку, а не толькі паслядоўнасць праспяваных нот. Ён адчуваў музычную драматургію не на ўзроўні "цішэй - гучней", а так, як тая дыхала. І менавіта гэтага дабіваўся ад хору. Я сам стаў іначай ставіцца да песні, уцяміў, што куплетная форма зусім не азначае простыя паўторы ды хаджэнне па крузе: у апрацоўках тыя куплеты павінны быць рознымі. І адметнасць іх дыктуецца інтанацыяй кожнага слова. Я маю на ўвазе не вышыню музычных гукаў, а псіхалагічнае, сэнсавае адчуванне кожнага слова, тую інтанацыю, што закладзена на няўлоўным узроўні духоўнасці, самога подыху душы. Дасягніце гэтага, і песня ў вашым выкананні будзе дыхаць.

 - Невыпадкова, што маючы такія веды і ўменне так запальна выказваць свае думкі, вы пайшлі яшчэ і выкладаць...

- Педагагічная дзейнасць у мяне пачалася ці не адначасова з хормайстарскай. З 13-і гадоў, яшчэ не ведаючы нот, я працаваў са сваім школьным хорам, з калгасным хорам. І калі наш калектыў атрымаў першае месца ў раёне, мне далі прэмію - 50 рублёў (гэта яшчэ да рэформы 1960-х, калі нулікі скасавалі). Для мяне гэта былі такія вялікія грошы, што я не ведаў, куды іх пакласці, каб толькі не згубіць! Аддаў дырыжору, і потым купіў на іх сабе боты. А калі ў музычным вучылішчы займаўся, на апошнім курсе да мяне двух двоечнікаў "прычапілі", каб я іх падцягваў. Таксама добрая практыка! Дый пасля кансерваторыі адначасова і ў Мінскім музычным вучылішчы выкладаў, і ў народнай капэле Трактарнага завода, што была замацавана за капэлай Шырмы, працаваў, і ў хоры Цітовіча - за 6- 7 рублёў заробку. Нават Цітовіч раіў: пераходзь у капэлу Шырмы - кар'еру хутчэй зробіш!

- Вы часта адмаўляецеся ад нейкіх прапаноў?

- Не заўсёды даю згоду быць старшынёй камісіі на дзяржаўных іспытах: гэта могуць зрабіць і іншыя. А вось у журы працаваць цікава: гэта дазваляе ўявіць панараму развіцця мастацтва. І, зразумела, падтрымаць найбольш таленавітых. Ад кагосьці са студэнтаў, здараецца, адмаўляюся: з-за іх абыякавасці ды ляноты, імкнення хутка, без аніякай унутранай самааддачы, атрымаць нейкі прыбытак. Я калісьці сам начамі ноты перапісваў, каб вучыцца! І каб хору даць партыі, бо тады ніякага ксераксу не было. Сёння ў моладзі больш магчымасцей, ёсць вельмі адораныя ад прыроды, і гэта вельмі важна, бо калі Бог не даў - ніхто не навучыць. Але ж павінна быць і жаданне вучыцца! Па адным толькі дыпломе ацэньваць чалавека немагчыма. Тая ж Валянціна Крыловіч- салістка нашага хору, заслужаная артыстка Беларусі, узнагароджаная ордэнам Францыска Скарыны, - нічога не заканчвала. Як я кажу, яно і добра: ніхто не сапсаваў прыроджаныя вакальныя даныя. Бывае, некаторыя песні, акрамя яе, ніхто так не праспявае, каб за сэрца кранала. Ды ў нас кожны артыст - наш залаты фонд, як і песні!

- Пошукі рэпертуару - заўсёдны клопат любога выканаўцы, а тым больш - кіраўніка калектыву, за плячыма якога столькі творчых індывідуальнасцей. Але вось парадокс! У 1930-я ў Заходняй Беларусі Рыгор Шырма стварыў хор, што выконваў менавіта беларускія народныя песні. Той набыў статус дзяржаўнай капэлы, стаў з цягам часу цалкам акадэмічным калектывам, які хаця і закранае ўсе жанры, але спецыялізуецца на класіцы. Таму ў 1952-м і ўзнік хор Генадзя Цітовіча, які паставіў за мэту выконваць менавіта беларускія народныя песні і - што вельмі важна - у народнай манеры. Але ж сёння рэпертуар вашага калектыву намнога шырэйшы, уключае нават духоўную музыку. Ці не паўторыцца гісторыя?

- Ні ў якім выпадку! Царкоўная музыка - гэта не толькі найвышэйшы выканальніцкі пілатаж, але і духоўная патрэба кожнага чалавека. Да ўсяго, у такім спалучэнні бачыцца і працяг нашых нацыянальных традыцый: тыя ж беларускія канты былі і рэлігійнай тэматыкі (называліся псальмамі), і любоўнай, і жанрава-побытавай. Некаторыя ўвогуле спяваліся на мелодыі народных песень! Я пачаў патроху звяртацца да духоўнай класікі яшчэ гадоў 30 таму. Не ўсе артысты падтрымлівалі: маўляў, не наша гэта. Але з часам выхаваўся густ, адчуўся смак. І ў 2004-м мы атрымалі Гран-пры на знакамітым фестывалі-конкурсе духоўнай музыкі ў Гайнаўцы ў Польшчы. У маі нас зноў туды запрасілі- на юбілейны, 30-ы, такі фестываль. Выступім там не толькі з духоўнымі творамі, але і з уласнай праграмай. А я буду ў журы конкурсу...

Фота Юрыя ІВАНОВА

 

Дарэчы
Якраз сёння Нацыянальны акадэмічны народны хор Беларусі імя Г.Цітовіча на чале з М.Дрынеўскім з'язджае яшчэ на адзін польскі форум - Усеагульны конкурс беларускай песні. 16-га лютага - адкрывае IХ Міжнародны конкурс "Каложскі дабравест" у Гродне. 17-га-20-га - праводзіць канцэрты на Брэстчыне. Нармальны графік! А ў самога Міхася Паўлавіча - яшчэ больш шчыльны. І не толькі ў юбілейны час - заўсёды.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"