Праект “Прэмія”

№ 42 (962) 16.10.2010 - 22.10.2010 г

Рэспубліканскі тэлеконкурс “Нацыянальная музычная прэмія” распачнецца ў снежні гэтага года паралельна з рэалізацыяй аналагічнага праекта Міністэрства культуры Беларусі.

 

Артысты розных узростаў з усёй краіны будуць змагацца за права звацца лепшымі ў некалькіх намінацыях. Пра гэта паведаміў на прэс-канферэнцыі ў Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі яе старшыня Аляксандр Зімоўскі.

"Лепшая песня года", "Лепшы выканаўца", "Лепшы гурт", "Адкрыццё года"- у гэтых ды іншых намінацыях паўдзельнічаюць артысты-пачаткоўцы і выканаўцы з досведам. Мяркуецца, што ў рамках праекта адбудуцца сустрэчы з кандыдатамі на Нацыянальную прэмію, туры па краіне разам з зоркамі, трансляцыі канцэртаў. Ініцыятыва ўзнікнення гэтай праграмы належыць Міністэрству культуры Рэспублікі Беларусь, а выключнае права на яе рэалізацыю - НДТРК. Мяркуецца, што будзе ўручаны таксама спецыяльны прыз "За ўклад у развіццё беларускай эстрады".

Аляксандр Зімоўскі агучыў яшчэ некалькі навін. Крыху іншая схема падрыхтоўкі выканаўцаў да дарослага "Еўрабачання" будзе апрабавана на Белтэлерадыёкампаніі. За ёй замацавана права правядзення конкурснага адбору, які будзе ацэньваць прафесійнае журы, а пераможцу падрыхтуе да фіналу з замежнымі канкурэнтамі пры падтрымцы любой іншай установы або прыватнай асобы.

Аматары музыкі пабачаць у новым сезоне "Першага" і "ЛАДу" не толькі айчынных музыкантаў, але і канцэрты каля паўсотні замежных зорак.