“Анімаёўка-2009”: намаляваць вялікае “маленькае” свята

№ 40 (908) 03.10.2009 - 09.10.2009 г

Пераможцамі XII Міжнароднага фестывалю анімацыйных фільмаў “Анімаёўка-2009” сталі беларусы: мультыплікацыйная стужка кінастудыі “Беларусьфільм” “Аповесць мінулых гадоў. Частка ІІІ” рэжысёраў Ігара Волчака, Аляксандра Ленкіна і Наталлі Хаткевіч была прызнана лепшай сярод 42 фільмаў з 11 краін конкурснай праграмы. Але, акрамя прызнання творчасці айчынных аніматараў, у скарбонцы “Анімаёўкі” назбіралася нямала не заўжды відавочных перамог і здзяйсненняў, якія хацелася б вылучыць і адзначыць асобна. Перамога першая: быць — яшчэ сто разоў!

/i/content/pi/cult/229/3093/9-1.jpgНазіраючы за адкрыццём сёлетняга магілёўскага форуму, ніколі і не падумала б, што сам факт правядзення "Анімаёўкі" яшчэ некалькі месяцаў таму заставаўся пад вялікім пытаннем. Нагадаю, летась форум дзіцячага кіно прайшоў без конкурснай праграмы - у звычайным (чытай: "нефестывальным") фармаце прагляду мультфільмаў; сёлета правядзенне "Анімаёўкі" апынулася пад пагрозай з прычын эканамічных. Але ж фестываль - адбыўся, а яго бліскучае адкрыццё запэўніла ўсіх: форуму анімацыі быць яшчэ сто гадоў - настолькі мажорна, урачыста і святочна яно прагучала! Натуральна, што "віноўнікамі" стварэння гэтай светлай атмасферы свята сталі дзеці - навучэнцы Заслужанага аматарскага калектыву Беларусі "Дзіцячая эстрадная студыя "Вясёлыя ноткі" і Магілёўскай гімназіі-каледжа харэаграфіі. Гледзячы на кранальна-сур'ёзныя твары маленькіх прынцэс у белых сукенках, кожны сведка ўрачыстага адкрыцця ва ўзросце ад 5 да 95 гадоў адчуваў сябе на мяжы казкі, калі набліжэнне цуду падобнае да набліжэння дажджу і застаецца самае простае: толькі яго, чараўніцтва, дачакацца. "Мне падаецца, што ніводнае дзіця з тых, хто быў у зале, гэтае прадстаўленне ніколі не забудзе", - падзяліўся сваімі ўражаннямі член журы, заслужаны артыст Украіны Аляксей Калеснік. І, безумоўна, меў рацыю. Ды ўсё ж, калі спусціцца з нябёс на зямлю, трэба зазначыць, што сённяшні цуд "Анімаёўкі" адбыўся дзякуючы канкрэтным і рэальным намаганням Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь і, у прыватнасці, Дэпартамента па кінематаграфіі, Магілёўскага абласнога і гарадскога выканаўчых камітэтаў, а таксама Магілёўскага вытворчага унітарнага прадпрыемства "Кінавідэапракат", які ўпершыню за гісторыю фестывалю стаў яго галоўным спонсарам. Аб'яднаўшы высілкі ўсіх энтузіястаў, фестываль зноў прагучаў, запэўніўшы публіку і гасцей у тым, што ў нас ёсць і жыве яшчэ адзін фестывальны брэнд, варты ўвагі і павагі.

/i/content/pi/cult/229/3093/9-3.jpg
“Аповесць мінулых гадоў. Частка ІІІ” (Беларусь).
/i/content/pi/cult/229/3093/9-4.jpg
“Мядзведзь ідзе” (Латвія).
/i/content/pi/cult/229/3093/9-5.jpg
“Жыла-была апошняя Мушка” (Беларусь).
/i/content/pi/cult/229/3093/9-6.jpg
“Пра дружбу, Шарыка і лятаючую талерку” (Беларусь).
Перамога другая: анімацыю - у масы

 Карэспандэнт "К" на "Анімаёўцы" сам стаў ахвярай (у добрым сэнсе) і сведкай уздзеяння магутных чараў анімацыі: паглядзеўшы ўсе фільмы фестывалю і паназіраўшы за тым, як зацягвала гэтая справа іншых. Знаходкай і вялікай удачай арганізатараў сёлетняга форуму стала размяшчэнне святлодыёднага экрана на знакамітай плошчы Зорак. На вялізным экране, устаноўленым перад кінатэатрам "Радзіма" - цэнтральнай пляцоўкай "Анімаёўкі", трансліраваліся анімацыйныя фільмы разнастайных праграм фэсту, даючы магчымасць усім цікаўным глядзець мультфільмы проста на вуліцы. У чарговы раз выходзячы з кінатэатра, карэспандэнт "К" заўважаў на плошчы то вясёлую дзятву, то моладзь, то дарослых, якія пасміхаліся з жартаў мультыплікацыйных герояў, а то і сур'ёзную бабулю, якая, прысеўшы на лаўцы, пільна ўглядалася ў дзею на экране. Колькі разоў мы чулі, што, маўляў, сучасны глядач "разбэшчаны" Інтэрнетам і тэлебачаннем, і выцягнуць яго ў кінатэатр - справа сёння амаль немагчымая. Але ж, зрабіўшы пэўныя крэатыўныя захады, праблема - на прыкладзе "ноў-хаў" "Магілёўскага кінавідэапракату" - аказалася не такой ужо невырашальнай. Нават калі спакушаны юны глядач не рынецца пасля гэткага рэкламнага ходу ў кінатэатр, ён здолее спрычыніцца да фестывальнага свята. Для стварэння агульнай карціны фестывалю зазначым, што праграмы фільмаў-удзельнікаў "Анімаёўкі" дэманстраваліся не толькі на плошчы Зорак, і не толькі ў кінатэатрах горада, а па ўсёй рэспубліцы, стварыўшы такім чынам своеасаблівы мультыплікацыйны марафон у час правядзення форуму. Арганізатары фэсту патурбаваліся і пра разнастайнасць "маленькага кіно" для маленькага гледача: у праграму "Анімаёўкі" былі ўключаны як нашумелыя блокбастэры - мультфільм "Дзевяць" Цімура Бекмамбетава (Вось толькі з-за праблем з дыстрыб'ютэрам стужка не дабралася да Магілёва.

 - Д.А.), "Праўдзівая гісторыя Ката ў ботах" Жэрома Дэшампа, так і менш вядомыя, але не менш таленавітыя работы аніматараў з Кітая, Латвіі, Украіны, Расіі, Ірана, Беларусі... Крэда "Анімацыю - у масы!" падтрымала і выстаўка дзіцячых вырабаў, якая прайшла ў межах фестывалю. Любімых мультыплікацыйных герояў дзеці рабілі з саломкі, дрэва, паперы... "Мы вырашылі прапанаваць маленькім гледачам стварыць штосьці новае, - кажа дырэктар абласнога кінавідэапракату Ірына Белякова, - не намаляваць персанажаў, а зрабіць іх сваімі рукамі. І атрымалася сапраўднае казачнае царства".

Перамога трэцяя: "Антошка" на фестывалі

Пералічыўшы ўсе вышэйзгаданыя "плюсы" форуму, самы час падысці да галоўных. Што робіць фестываль адметным і ўдалым, як не яго госці і фільмы? Старшынёй журы "Анімаёўкі-2009" быў Леанід Носыраў - стваральнік незабыўнага "Антошкі" ("Рыжий,рыжий, конопатый...", памятаеце?), мультфільмаў "Чароўнае кольца", "Тыграня на сланечніку", "Камароў", "Жыў у бабулі казёл" ды іншых. "Антошку", кажа майстар, акурат сёлета спаўняецца 40 гадоў. Нягледзячы на такі салідны ўзрост, героя знакамітай гісторыі з "Вясёлай каруселі" і па сёння ведаюць ды цытуюць усе. Не дзіва, што стваральнік вядомага персанажа не застаўся ў баку славы свайго мультыплікацыйнага дзіцяці. Сёння Леанід Віктаравіч выкладае ва Усерасійскім дзяржаўным інстытуце кінематаграфіі і, натуральна, чакае запуску новай анімацыйнай карціны. Апошні ягоны мультфільм - "Пінежскі Пушкін" - выйшаў у 2003 годзе, але цяпер з-за праблем на студыі "Союзмультфильм" многія работы засталіся ў "замарожаным" стане. "Гэта вельмі добра, што вашы аніматары знаходзяцца ў штаце студыі анімацыі "Беларусьфільма". Мы ж гэтым пахваліцца не можам",- кажа заслужаны дзеяч мастацтваў Расійскай Федэрацыі. Леанід Віктаравіч адзначыў добрым словам не толькі падыход Нацыянальнай кінастудыі да рэжысёраў, а і ўласна творы айчынных мультыплікатараў. "Беларуская анімацыя выглядала на фестывалі вельмі годна, - адзначыў майстар, - і многія вашы стужкі былі ў фаварытах журы". Леанід Носыраў прызнаўся, што акурат ягоны голас стаў вырашальным пры вызначэнні пераможцы: "Аповесць мінулых гадоў" падалася мне творам, які трымае ў сабе ўсё. Ён вылучаецца і высокай анімацыйнай культурай, і густам, і актуальнай тэмай. Гэта гісторыя роднага краю, асветніцтва - толькі такі мультфільм быў варты несці карону пераможцы". Да меркавання расійскага рэжысёра-аніматара далучылася і дырэктар латышскай студыі "АВ", член журы Рыта Дадзітэ: "Любоў да сваёй зямлі- гэта вельмі важна, - падкрэсліла яна. - Тым больш, "Аповесць мінулых гадоў" вырашана такой яснай анімацыйнай мовай, што гісторыя гербаў гарадоў Беларусі будзе зразумелая кожнаму". Трэба адзначыць, што спаборніцтва паміж фільмамі конкурснай праграмы было па-сапраўднаму жорсткім. Дзесяць стужак розных краін, адзначыла журы, прэтэндавалі на галоўны прыз фестывалю (намінацыя "Лепшы мультыплікацыйны фільм"). Сярод іх - "Старадаўняя аповесць пра жыццё, каханне і іншыя цуды" І.Кадзюковай (Беларусь), "Глінка" С.Каваля (Расія), "Жыла-была апошняя Мушка" У.Пяткевіча (Беларусь), "Мядзведзь ідзе" Я.Цімерманіса (Латвія) ды іншыя годныя работы. Ды ўсё ж - перамагла Беларусь, і мы гэтым можам ганарыцца.

Перамога чацвёртая: будучая

Безумоўна, падводзячы вынікі фестывалю, хочацца зазірнуць наперад і загадаць, скрыжаваць пальцы на будучыя здзяйсненні "Анімаёўкі". Папершае, пажадаць фестывалю выстаяць у магчымых эканамічных катаклізмах дня сённяшняга. Падругое, выбраць дэвіз фестывалю - ягонае крэда, якое адразу вылучала б "Анімаёўку" сярод іншых форумаў мультыплікацыі. Па-трэцяе, фестываль міжнароднага ўзроўню патрабуе да сябе і адпаведнага стаўлення, а значыць, ён павінен займець паўнавартасную дырэкцыю, якая адразу, як толькі сціхнуць апошнія акорды закрыцця, пачынала б рыхтавацца да наступнага фэсту. І, безумоўна, "Анімаёўцы" не хапае прамой і ўскоснай рэкламы. Ужо сёння арганізатары магілёўскага форуму агучылі слушную ініцыятыву: раскручваць брэнд "Анімаёўкі" праз прадукцыю прадпрыемстваў, якія маюць дачыненне да "дзіцячай тэмы". І сапраўды: наяўнасць эмблемы фестывалю на ўпакоўках марожанага, сокаў паспрыяе павелічэнню працэнту пазнавання фэсту "маленькага кіно" з кожным набытым прысмакам. А там - і да вялікага фэсту "маленькага кіно" недалёка.

Галоўныя прызёры фестывалю:

 Гран-пры (намінацыя "Лепшы мультыплікацыйны фільм") атрымала "Аповесць мінулых гадоў. Частка ІІІ" рэжысёраў Ігара Волчака, Аляксандра Ленкіна, Наталлі Хаткевіч (Беларусь).

Прызам у намінацыі "Лепшы мультфільм для дзяцей" узнагароджана стужка "Мядзведзь ідзе" рэжысёра Яніса Цімерманіса (Латвія).

Прызёр у намінацыі "Лепшы эксперыментальны фільм" - "Калыханка" рэжысёра Андрэя Залатухіна (Расія).

Прыз у намінацыі "Майстру" ўручаны рэжысёру Яўгену Сіваконю за асабісты ўклад у развіццё анімацыі (Украіна).

У намінацыі "Прыз глядацкіх сімпатый" адзначаны мультыплікацыйны фільм "Пра сяброўства, Шарыка і лятаючую талерку" рэжысёра Аляксандра Ленкіна (Беларусь). 

 

Аўтар: Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"