Вуячыча “ Нерв”

№ 34 (902) 22.08.2009 - 28.08.2009 г

Днямі споўнілася 75 гадоў з дня нараджэння народнага артыста Беларусі Віктара Вуячыча — спевака папраўдзе легендарнага, з імем якога беларуская лірыка-патрыятычная песня горда ўзняла свой сцяг на ўсесаюзнай эстраднай вяршыні. А скарыць на той час гэты алімп і заставацца на ім трыумфатарам у далейшыя гады, калі “візітоўкай” Беларусі стануць “Песняры”, а яшчэ пазней — “Верасы” ды “Сябры”, было зусім не проста.

 Сенсацыя, параўнальная хіба з выбухам бомбы, здарылася ў 1966-м, калі ў Маскве праводзіўся Першы Усесаюзны конкурс артыстаў эстрады. Другое месца на ім падзялілі ўжо тады знакамітыя Іосіф Кабзон і Леў Лешчанка. Пераможцамі ж сталі— беларусы: кампазітар Ігар Лучанок, паэт-песеннік Міхаіл Ясень і спявак Віктар Вуячыч, якія прадставілі на конкурс песню “Памяць сэрца”. Дарэчы, конкурс той праводзіўся ажно ў тры туры, і рыхтаваць трэба было не адну-дзве, максімум — тры, як на цяперашніх спаборніцтвах, а ажно 15 (!) песень. Сэрца старшыні журы Леаніда Уцёсава “ёкнула” ўжо тады, калі Віктар Вуячыч заспяваў “Как много девушек хороших...”. Але канчаткова ўсё вырашыла песня Лучанка — з таго часу і склаўся іх “зорны тандэм”, папулярны настолькі, што быў нават любоўна занатаваны ў выглядзе сяброўскага шаржа на старонках усесаюзнага гумарыстычнага часопіса “Крокодил”.

Віктара Лук’янавіча няма з намі ўжо амаль 10 гадоў: ён пайшоў з жыцця ў верасні 1999-га. Але ягоны голас па-ранейшаму жыве — і на стужках у фондах Беларускага радыё, і ў перазапісе на сучасныя лічбавыя носьбіты. У ім і сёння адчуваецца той трапяткі “нерв”, што ствараўся самім тэмбрам яго барытона і адметнай вібрацыяй, якая надавала гучанню асаблівы “жывы подых”. Не ўсе, дарэчы, ведаюць, што голас Вуячыча захаваны не толькі ў сольных запісах, але і ў… харавых. Бо да сваёй “зорнай гадзіны-1966” ён спяваў не толькі ў Ансамблі песні і танца Беларускай ваеннай акругі, але і ў хоры радыё, не маючы за плячыма ніякай асаблівай музычнай падрыхтоўкі — адно прыродную пастаноўку голасу.

Такім жа “прыродным” паводле паходжання быў і ягоны непадробны шарм. Для свайго пакалення спявак быў увасабленнем еўрапейскай вытанчанасці густаў: бадай, першым на савецкай эстрадзе апрануў класічны фрак, замест гальштукаў стаў завязваць стыльныя хусткі, а манеры меў — бы ў лонданскага арыстакрата. І дзе толькі ўсяму гэтаму навучыўся? Бо нарадзіўся ў Харкаве, выхоўваўся ў расійскай глыбінцы, потым — у армейскай самадзейнасці. Праўда, жонку меў— артыстку балета, што саліравала ў Дзяржаўным ансамблі танца Беларусі. Можа, менавіта ад яе, Святланы, і набраўся той незвычайнай “пластычнасці” выканання? І, адначасова, — “пластычнасці” кіравання, бо ўзначальваў вядучыя канцэртныя арганізацыі: “Мінскканцэрт”, Рэспубліканскую дырэкцыю эстрадна-цыркавога мастацтва, “Белканцэрт”.

Стаяў ён і ля вытокаў “Залатога шлягера” ў Магілёве. Невыпадкова пасля яго смерці на Міжнародным конкурсе гэтага фестывалю быў заснаваны Спецыяльны прыз імя Віктара Вуячыча — гэтак жа, як і пазней Спецыяльны прыз імя Уладзіміра Мулявіна на конкурсе “Славянскага базару ў Віцебску”.

Але існаванне такой імянной узнагароды зусім не значыць, што “вуячычаў” стала больш. І пры яго жыцці, і пасля з’яўлялася нямала цудоўных лірыкапатрыятычных барытонаў — прыгожых, прыцягальных, але — іншых. Ягонае ж месца засталося не занятым, бо гэта — месца Асобы, а не “прадукту” прадзюсерска-“фабрычнай” вытворчасці.