ТЭАТРАЛЬНАЕ “ФОРТЭ” НА ПАВЕТРАНАЙ ТРАПЕЦЫІ, або Як і калі нараджаецца чалавек?

№ 14 (882) 04.04.2009 - 10.04.2009 г

27 сакавіка ў Магілёве завяршыўся IV Міжнародны тэатральны форум “М.@rt.кантакт” — фестываль, які нарадзіўся зусім нядаўна, але за час свайго існавання паспеў стаць адной з вызначальных падзей у тэатральным жыцці нашай краіны. Сёлета ён стаўся для арганізатараў асабліва сур’ёзным выпрабаваннем. Не толькі таму, што, перайшоўшы трохгадовы ўстаноўчы тэрмін, форум чакала праверка “ўзростам” і выяўленне таго, наколькі ў айчыннай тэатральнай прасторы ідэя фестывалю пра маладых і для маладых здольная да цікавага і плённага самаразвіцця. “М.@rt.кантакту” першаму з беларускіх фестываляў давялося скарэкціраваць сваё існаванне з улікам новых эканамічных умоў. Аднак і яго дырэкцыя, і абласныя ўлады, на чыіх плячах ляжыць ільвіная доля фінансавання гэтага форуму, прадэманстравалі: наша дзяржава па-ранейшаму прытрымліваецца сацыяльна арыентаванай палітыкі, не забываючыся пры гэтым, што да “хлеба” патрабуюцца яшчэ і “відовішчы”. Прычым — створаныя на адпаведным узроўні.

Між тым, пэўныя змены, не звязаныя, аднак, з пытаннямі эканамічнага парадку, у час правядзення сёлетняга фестывалю ўсё ж адбыліся. Імкнучыся да яшчэ большай “дэмакратызацыі” форуму, арганізатары ў гэтым годзе адмовіліся ад прафесійнага журы і прапанавалі галоўны вердыкт вынесці самім гледачам. Лёс Гран-пры фестывалю — галоўнай і, зрэшты, адзінай сёлетняй узнагароды “М.@rt.кантакту” — вырашаўся маладзёжным “актывам” з улікам меркаванняў прафесійных крытыкаў, а таксама глядацкага галасавання пасля кожнага са спектакляў. І хаця сама працэдура аказалася не да канца празрыстай, яна дала важкія падставы для таго, каб гаварыць пра пэўную “спеласць” магілёўскай тэатральнай аўдыторыі. Як, зрэшты, і пра тое, што ўсе білеты на фестывальныя спектаклі былі раскуплены яшчэ да пачатку “М.@rt.кантакту”.

 
Калі заканчваецца дзяцінства, пачынаецца
Не стамляюся гаварыць пра тое, што ў прасторы беларускіх тэатральных фестываляў М.@rt.кантактзаўсёды вылучаецца сваёй адмыслова падабранай афішай, калі аднолькава заінтрыгаванымі аказваюцца як тыя гледачы, хто знаходзіць у тэатры культурны адпачынак, свята іежу духоўную”, так івысакалобыякрытыкі, якія разглядаюць конкурсную праграму як нагоду для грунтоўнай ішматсерыйнайпрафесійна-аналітычнай дыскусіі аб тэндэнцыях і пошуках сучаснага тэатра. І сёлетні фестываль не быў выключэннем: большасць спектакляў, заяўленых наМ.@rt.кантакце”, спалучалі і глыбінную прапрацоўку драматургічнага матэрыялу (як драматычных твораў класічных або сучасных аўтараў, так ісцэнарыяў”, што ўзніклі ў выніку акцёрскай імправізацыі на зададзеную тэму), і яркую, непрадказальную, а часамнават правакацыйна-эпатажную форму яго сцэнічнага ўвасаблення.
 /i/content/pi/cult/202/2334/Teatr1.jpg

Сцэна са спектакля “Back in the USSR”.

Своеасаблівым лейтматывам фестывалю сталі пошукі адказу на спрадвечнае экзістэнцыйнае пытанне аб тым, хто такі чалавек, што засубстанцыюз сябе ён ўяўляе? Радыкальна жорсткай мовай гіньёлю (спектакль прапануюць для гледачоў пасля васемнаццаці гадоў) гэтую размову распачала песаЧалавек-падушкаЕкацярынбургскага тэатра юнага гледача ў пастаноўцы Алега Гетцэ. Спектакль па творы ірландца Марціна МакДонахааднаго з самыхгучныхсучасных драматургаўне толькі звярнуў увагу гледачоў на шмат у чым актуальную для сучаснага грамадства тэму побытавага насілля на самых розных узроўнях і паступовагапрызвычайванняда яго дзякуючы пошукампераканаўчыхматывіровак і абгрунтаванняў. Голасна ён агучыў і пытанне ступені аўтарскай адказнасці за тое, што той праз свае творы “транслюе” ў грамадства. Калі Міхал (Аляксей Жураўлёў) — хворы брат галоўнага героя спектакля Катурана (Ілля Скварцоў) — для таго, каб праверыць уласныя пачуцці пасля прачытання братавых апавяданняў, увасабляе крывавыя сюжэты з іх, жорстка забіваючы некалькі дзяцей на вуліцы, кім з’яўляецца сам пісьменнік: ахвярай ці злачынцам?..

Як людзі робяцца “ахвярамі абставін” і ці ёсць магчымасць гэтага пазбегнуць? Паразважаць на гэтую тэму прапанаваў спектакль “Чмо” творчага аб’яднання “Тэатр 19” з Харкава. Пастаноўка па п’есе Уладзіміра Жарабцова на тэму жорсткасці армейскіх будняў, што вельмі часта аказваюцца надта не падобнымі на тое параднае аблічча, якое існуе ў якасці “ідэальнай карцінкі”, два гады таму на М.@rt.кантакце прадставіў тэатр з Чэлябінска. Сёлета ж у пастаноўцы Ігара Ладэнкі ўкраінскія акцёры адышлі ад залішняга акцэнту на армейскі побыт, перавёўшы размову ў маральна-этычную сферу. З чаго, да прыкладу, вырастаюць такія паняцці, як мужчынскае сяброўства, вернасць і падтрымка адзін аднаго? Тэму “маленькага чалавека” ў няветлым і несправядлівым да яго свеце харкаўскі калектыў вырашае надзвычай… мякка, супрацьпастаўляючы жорсткасці, насіллю і культывацыі дагматаў сацыяльнай іерархіі неабвяргальную ў сваёй відавочнасці прастату спрадвечных каштоўнасцей: першынства павагі да чалавека як асобы, незалежна ад яго сацыяльнага статуса.

Пастаноўка “Ад чырвонага пацука да зялёнай зоркі” Дзяржаўнага “Пятага тэатра” з Омска, склалася з некалькіх гісторый жыхароў аднаго дома. У кожнай з іх — не важна, людзі ці пацукі — спрабуюць адшукаць, ухапіць за хвост сваё шчасце і, адначасова, уласнымі ж рукамі, словамі, яго разбураюць. Рэжысёр Сяргей Пускепаліс ад гісторыі да гісторыі ўзнімаецца ўсё вышэй да тэатральнага “фортэ”, нібыта заклікае нас зірнуць на саміх сябе збоку, спыніцца, узняцца над уласным побытам на паветранай трапецыі і… паспрабаваць пачаць жыццё спачатку.

І ўжо сапраўдным апафеозам разважанняў над прыродай чалавека стаў спектакль “Звер” Новага драматычнага тэатра па п’есе Міхаіла Гіндзіна і Уладзіміра Сінакевіча. Пастаноўка Вячаслава Далгачова і Наркас Іскандаравай праз стылістыку постапакаліптычнай фантастычнай гісторыі пра апошніх людзей, якія шукаюць сабе падобных, а разам з тым — і саміх сябе, справакавала гледачоў да сцэнічнай “праверкі” амаль што дарвінаўскага тэзіса, які вуснамі галоўнага героя — Звера (Андрэй Курылаў) сцвярджае, што “Чалавек — гэта вычварэнне звера”, а не наадварот.

Пра станаўленне асобы так ці іначай разважалі практычна ўсе спектаклі форуму. Сярод іх самае цёплае глядацкае прызнанне атрымалі дзве пастаноўкі — “Заўтра была вайна” Дзяржаўнага драматычнага тэатра імя А.Грыбаедава са Смаленска і “Back in the USSR” Незалежнага тэатра “АРТіШОК” з Алматы. Пастаноўка расійскіх акцёраў скарыла глядзельную залу найперш пранізлівасцю самога драматургічнага матэрыялу, у аснову якога лягла аднайменная аповесць Барыса Васільева, — кранальнай гісторыяй станаўлення асобы і выпрабавання маральных ідэалаў, праз якія ў свой час прайшоў бадай што кожны “савецкі чалавек”, незалежна ад таго, жыў ён у трыццатыя гады ці шмат пазней. Настальгіяй іншага парадку, якая, аднак, таксама палягае на трапяткіх адносінах да ўласнага дзяцінства і акцябрацка-піянерска-першадыскатэчнага перыяду, крануў спектакль “Back in the USSR” тэатральнага калектыву з Казахстана. Ён задзейнічаў увесь спектр савецкіх “брэндаў”, пазнавальных для кожнага “нашага” чалавека:
 /i/content/pi/cult/202/2334/Teatr2.jpg

Сцэна са спектакля “Чмо”.

калекцыянаванне цукерачных фанцікаў, гаршчкі, школьная форма, гіпсавы бюст Леніна і чырвоны сцяг з ягонай выявай…

Пры гэтым абедзве пастаноўкі — сентыментальна-традыцыяналісцкая па сваёй сцэнічнай форме “Заўтра была вайна” і правакатыўна-буфонная гульня-імправізацыя “Back in the USSR” — праз пазнавальнасць і апеляцыю да “культурнай памяці” гледачоў імкнуцца адысці ад штампаў таго ці іншага перыяду нашай гісторыі і распавесці пра рэчы, якія не залежаць ад часу і ўлад. Пра тое, што рана ці позна любы чалавек мусіць стаць Чалавекам.

На фоне непрыхаванага гуманістычнага пафасу большасці фестывальных спектакляў узнікла і тэма, якая, на першы погляд, можа падацца дзіўнай: тэма псіхічнай “нармальнасці” і “ненармальнасці”, а дакладней — крытэрыяў вызначэння гэтай нормы. Вось толькі на паверку аказалася, што нашмат больш ненармальнымі і небяспечнымі ў рэшце рэшт аказваюцца не людзі “з дыягназам”, а само грамадства, дзе ім даводзіцца існаваць: ці то фашысцкая Германія з яе агрэсіяй да тых, хто не ўпісваўся ў партрэт “сапраўднага арыйца” (“Сволачы” Творчай майстэрні “Тэатр марыянетак” з Кіева), ці то сучаснае “прасунутае” грамадства, дзе любая жорсткасць здольная легалізавацца, знайсці для яе належную матывіроўку (“Чалавек-падушка”), ці то фантастычная “будучыня”, жахлівая ў сваёй пустаце і адсутнасці ў герояў гістарычнай памяці ці хаця б якога-небудзь уяўлення пра тое, кім жа яны з’яўляюцца (“Звер”).

Ці спрагназуеш “драйв”?

Як ніколі раней, сёлета ў праграме форуму беларускія калектывы выглядалі надзвычай непераканаўча. Але гэткая карціна, як ні хацелася б думаць іначай, дэманстравала нашу рэальную сітуацыю ў сферы маладзёжных тэатральных пошукаў.

Гаспадар фестывальнай пляцоўкі — Магілёўскі абласны драматычны тэатр — прапанаваў “Жаніцьбу Фігара” П.А. Бамаршэ, якую ажыццявіла пастановачная група з Санкт-Пецярбурга на чале з рэжысёрам Барысам Гурэвічам. Аднак чаканага “піцерскага духу” пастаноўка гэтая не прынесла: эфектны з пункта гледжання тэатральнага ўспрыняцця прыём сцэнічнай гульні аказаўся не такім лёгкім. І калі акцёры старэйшага пакалення ў ролях другога плана — Бартала (Васіль Галец), Антоніо (Канстанцін Печнікаў), Марселіна (Яўгенія Белацаркоўская) — стварылі насамрэч сакавітыя, глыбокія вобразы, то маладым выканаўцам галоўных роляў вельмі часта не хапала імправізацыйнай лёгкасці і таго, што сучасны глядач называе акцёрскім “драйвам”.

 /i/content/pi/cult/202/2334/Teatr3.jpg

Сцэна са спектакля “Жаніцьба Фігара”.

Спектакль “Дадому” Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа, якому вось ужо другі фестываль запар “шчасціць” закрываць фестывальную афішу, таксама прадэманстраваў цікавы ансамбль маладых акцёраў. Аднак тут іх сцэнічнае існаванне аказалася ўзятым у моцныя “абцугі” рэжысёрскага мыслення Віталя Баркоўскага, і з гэтай прычыны постмадэрнісцкая структура пастаноўкі ў значнай ступені паглынула іх на карысць агульнай атмасфернай эмацыянальнасці.

Сегмент недзяржаўных праектаў гэтым годам прадставіў сталічны Тэатр “Кампанія” са спектаклем “Эмігранты” ў рэжысуры Андрэя Саўчанкі. Аднак і ён не здзівіў фестывальную публіку сваёй адрознасцю ад традыцыйнага беларускага рэпертуарнага тэатра. І нягледзячы на тое, што Славамір Мрожак, да чыёй п’есы звярнулася “Кампанія”, з’яўляецца адным з класікаў еўрапейскага тэатра абсурду, прапанаваная мінчанамі пастаноўка патыхала цэлым “камплектам” хадоў і штампаў нібыта рэалістычнага тэатра, аб якія разбіваўся ўвесь парадаксалізм аўтарскай гісторыі.

Зрэшты, пра крызіс сучаснай беларускай рэжысуры пры любым зручным выпадку не кажа сёння толькі абыякавы. А вось “М.@rt.кантакт” ад самага свайго пачатку мэтанакіравана займаецца канкрэтнай працай з маладымі рэжысёрамі, даючы ім магчымасць “сустрэцца з прафесійным тэатрам” — праз сістэму майстар-класаў у рамках форуму (сёлета іх праводзіў вядомы літоўскі рэжысёр Саулюс Варнас) і, канешне ж, дзякуючы дзейнасці Лабараторыі маладой рэжысуры. Сёлета ў яе рабоце прынялі ўдзел не студэнты Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, як гэта было раней, а маладыя рэжысёры, якія ўжо зрабілі свае першыя крокі ў тэатральным мастацтве.

І гэта самым станоўчым чынам паўплывала на вынік лабараторнай працы, відавочна павысіўшы яе ККД. Таццяна Траяновіч, Сяргей Гіргель і Кацярына Аверкава прадэманстравалі ўсім зацікаўленым, якія ледзьве змясціліся на Малой сцэне тэатра, тры невялікія сцэнічныя работы: “Шахіды” Андрэя Шчуцкага, “Добрыя людзі” Сяргея Гіргеля і “Ана і ананас” Мікалая Рудкоўскага. Безумоўна, гэтыя невялічкія работы наўрад ці варта залічваць да паўнавартасных сцэнічных пастановак, ды нават у іх было відавочна, што маладыя рэжысёры не толькі “не баяцца” акцёраў і сцэнічнай прасторы, але і маюць сваё адметнае тэатральнае мысленне, якое чакае моманту, калі ўдасца выйсці на вялікую сцэну, каб разгарнуцца. Урэшце, глядацкі інтарэс да вынікаў работы лабараторыі (як і рэакцыя тэатральнай публікі на фестывальныя спектаклі “М.@rt.кантакту” ўвогуле) прадэманстраваў: сучасны глядач ужо ў пэўнай ступені стаміўся ад “прагназуемага” тэатральнага мастацтва і чакае ад яго новых думак і новых форм. Няхай гэта і гучыць у нечым банальна.

“Мне зверху бачна ўсё…”

Традыцыйна “М.@rt.кантакт” не абмяжоўваецца адно толькі фестывальнымі паказамі спектакляў, але і стварае прастору для тэарэтычна-аналітычнага асэнсавання праблем сучаснага тэатральнага мастацтва ўвогуле. У сувязі з гэтым асаблівы інтарэс сёлета выклікаў “круглы стол” пад назвай “Сучасны беларускі тэатр: погляд збоку”, у якім прынялі ўдзел запрошаныя крытыкі і рэжысёры з Расіі, Украіны, Літвы, Германіі, Польшчы.

Акурат яны сталі асноўнымі “дакладчыкамі”, пакліканымі вядучым Сяргеем Кавалёвым дапамагчы нам з пошукам адказаў на спрадвечныя пытанні: “Хто вінаваты?” і “Што рабіць?”.

Лейтматыў размовы: веды пра сучасны беларускі тэатр за мяжой надзвычай скупыя, разрозненыя і вельмі часта — выпадковыя. Настолькі, што беларускія крытыкі часам не маглі “ідэнтыфікаваць” з рэальнымі асобы тых людзей, якіх замежны Інтэрнет прапагандаваў як прагрэсіўных тэатральных дзеячаў нашай краіны.

Асабліва глыбока “схаванай часткай” гэтага айсберга сталася сфера драматургіі: аказваецца, што ў інтэрнет-прасторы Расіі вылучаецца шэраг асоб, якія пішуць п’есы, ці, як модна сёння казаць, тэксты, і пазіцыянуюць сябе ў якасці беларускіх драматургаў. Гэта сведчыць, з аднаго боку, пра тое, што на дадзены момант на тэрыторыі нашай краіны існуе магутны драматургічны патэнцыял, які можна было б паспрабаваць скіраваць на развіццё айчыннага тэатра. Але, у той жа час, гэта — яскравы доказ: беларускі тэатр не гатовы ўсур’ёз зацікавіцца згаданым пластом сучаснай літаратуры і, адначасова, — зацікавіць гэтых людзей перспектывамі творчай дзейнасці на радзіме.

 /i/content/pi/cult/202/2334/Teatr4.jpg
Сцэна са спектакля “Звер”.

Шмат гаварылася і пра адсутнасць замацаванага ў свядомасці еўрапейскага тэатральнага спажыўца “брэнда” беларускага тэатра — ланцужка асацыяцый, знакавых прозвішчаў тэатральных дзеячаў, якія б у прасунутага тэатрала з той жа Украіны, Літвы, Германіі альбо Польшчы выклікалі радасны і прыветны выраз твару, які звычайна ўзнікае пры сустрэчы са старым знаёмым. Для іх мы, як зазначыла Ніна Мазур з Германіі,— тэатральныя “іншамоўцы”, якія могуць быць вельмі цікавымі, незвычайнымі, шчырымі, але… такімі незразумелымі. Зрэшты, тэма “беларускага брэнда” за мяжой высветліла і тое, што вельмі часта наш тэатр, беручы ўдзел у пэўнага роду фестывалях ці проста гастралюючы за мяжой, сутыкаецца і з такім фактам, як… неапраўданыя чаканні гледачоў, якія палягаюць у плоскасці пошукаў зусім не творчых.

У той жа час, нельга сказаць, што на Беларусі не адбываецца мастацкіх падзей, здольных змяніць стаўленне той жа Еўропы да нашага тэатра. Аднак акурат яны вельмі часта не знаходзяць належнай падтрымкі для таго, каб змяніць статус “хатніх радасцей” на больш высокі.

Прыкладам сталася мінулагодняя трыумфальная пастаноўка “Не танцы” маладога рэжысёра Яўгена Карняга, якая выклікала непадробны інтарэс на фестывалі як тэатральных крытыкаў з розных краін, так і магілёўскіх гледачоў. На жаль, на далейшы лёс гэтага спектакля яго фестывальны трыумф не паўплываў. “А я, — сказала Вікторыя Амінава з Санкт-Пецярбурга, — вельмі часта ўспамінаю “Не танцы” і лічу яго сапраўднай тэатральнай падзеяй і прыкладам такога тэатра, якім сучасная Беларусь магла б ганарыцца. Я нават пачала сябраваць з гэтым рэжысёрам у Інтэрнеце, каб мець магчымасць больш даведацца пра ягоную творчасць. Толькі ён, на жаль, нічога не піша пра сябе”.

Вынікі гэтай, не сказаць што непрадказальнай, але надзвычай цікавай размовы яшчэ раз упэўнілі мяне (ды, думаю, і многіх іншых прысутных) у тым, што фарміраванне “брэнда” (а мне дык больш падабаецца казаць — твару беларускага тэатра) за мяжой у надзвычай вялікай ступені залежыць ад нашага ўласнага стаўлення да айчыннага тэатральнага мастацтва. І акурат адказ на філасофскае пытанне адносна таго, чым жа з’яўляецца сёння беларускі тэатр для саміх беларусаў і якую нішу ў культурнай прасторы сваёй краіны ён займае і варты займаць, натуральным чынам выкрышталізуе і яго пазіцыянаванне на прасторы еўрапейскага тэатральнага мастацтва. Пакуль жа мы будзем імкнуцца выязджаць за мяжу толькі каб пацешыць уласныя амбіцыі фактам таго, што “і мы там былі”, альбо каб вывозіць выключна тыя спектаклі, якія “ўпішуцца ў патрабаванні пэўнага міжнароднага фестывалю” і “спадабаюцца замежнай крытыцы”, беларускаму тэатру будзе надзвычай цяжка вырвацца з “зачараванага кола” чужых неапраўданых надзей.


Таццяна КОМАНАВА,

наш спецыяльны карэспандэнт

Мінск — Магілёў — Мінск

Фота Паўла СЕДЫШАВА
і Яўгеніі АЛЕФІРЭНКА