Настрой — “бяседны”

№ 12 (880) 21.03.2009 - 27.03.2009 г

Ансамбль народнай музыкі “Бяседа” Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі Рэспублікі Беларусь — бы той фірменны знак, эмблема, ужо амаль брэнд добрага настрою, якім пазначаны многія нашыя святы. Нязменны ўдзельнік “Дажынак”, гэты калектыў ужо сам па сабе асацыюецца з багатым творчым ураджаем: новыя песні, адна за другую лепей, з’яўляюцца ў яго, бы грыбы пасля дажджу ці маладыя вясновыя парасткі пасля снежнай зімы. Тут і ўласна народныя песні ў адметных апрацоўках, і аўтарскія кампазіцыі, блізкія да народных (часам і не адрозніш: ці то народная гэта песня, што прайшла шліфоўку стагоддзямі, ці то — створаная і аранжыраваная літаральна сёння), і шырокі разліў узнёслай лірыкі, пазначанай кампазітарскай пячаткай кіраўніка ансамбля — народнага артыста Беларусі Леаніда Захлеўнага.

 /i/content/pi/cult/200/2286/Nastroj.jpg
Галоўнае, абсалютна ўсе песні (і асобныя, і аб’яднаныя ў цыклы) — аптымістычныя. Гавораць, прымусіць музыкай плакаць — лягчэй, чым усміхацца. Дый беларускі песенны фальклор — пераважна тужлівы, задумлівы. Нават жартоўныя песні (узгадайце хаця б самую, бадай, вядомую — “Чаму ж мне не пець?”). Праўда, у ХХ стагоддзі мэтанакіравана ствараўся іншы фальклорны вобраз — радасны, танцавальны: “Лявоніха”, “Бульба”, “Полька-Янка” — усё гэта танцы, іх мелодыка створана па танцавальных законах. А рэпертуар “Бяседы”, нягледзячы на прытанцоўванні артыстаў пад час выступленняў, — песенны не толькі паводле жанравых азначэнняў кампазіцый, а паводле сваёй сутнасці. Кожная “бяседаўская” інтанацыя — спеўная, вакалізаваная ўжо паводле сваёй прыроды.

Парадокс? Зусім не. Як і тое, што з’явіўся ансамбль у студзені 1991 года — у складаны час, калі многія трывалыя, здавалася б, калектывы народнага кірунку распадаліся. Адны — з-за грашовых праблем, іншыя — з-за адсутнасці веры ў сваю запатрабаванасць. Мабыць, толькі цяпер, праз нейкі прамежак часу, стала бачнай тая роля, якую без усялякіх лозунгаў і прамоў узяла на сябе “Бяседа”: не пакідаць чалавека без надзеі і ўмення ўсміхацца простым чалавечым радасцям.

Усё, да чаго “дакранаецца” ансамбль, нібы становіцца азораным сонечным святлом. Сонца ж не насміхаецца, нават калі і прыпальвае: яно — саграе. Так і “Бяседа”.
Нават звярнуўшыся да тэмы Вялікай Айчыннай вайны, Л.Захлеўны здолеў знайсці тыя настальгічна-лірычныя павароты, што не пярэчылі асноўнаму “бяседаўскаму” кірунку і яшчэ больш узмацнялі фінальную радасць перамогі: невыпадкова цыкл “С днем рождения, Победа!” быў адзначаны спецыяльнай прэміяй Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.

Ансамбль папулярызуе не проста беларускую песню — ён папулярызуе цяперашнюю квітнеючую Беларусь. Таму нядзіўна, што ў яго з’явіліся шматлікія “паслядоўнікі” і нават пераймальнікі. Але дасягнуць “бяседаўскага” прафесійнага ўзроўню не так проста: пры ўсёй шчыльнасці канцэртнага графіку ансамбль не спыняе ні рэпетыцыі, ні працу ў студыі.

Дарэчы, апошнім часам і сам ансамбль стаў нагадваць гэткую “студыю-майстэрню”, дзе выхоўваюцца творцы: артысты “Бяседы” маюць таксама свае сольныя праекты, а Мікалай Алешка паспяхова сумяшчае заліхвацкую ігру на гармоніку з напісаннем аранжыровак і ўласных кампазіцый. Нагадвае ансамбль і “міні-тэатр”, бо кожная яго песня — гэта псіхалагічна дакладная сцэна, у якую міжволі “зацягваюцца” гледачы-слухачы. Гэты відовішчны рад “бачны” нават у аўдыёзапісах: ён пульсуе ў рытміцы, грацыёзна “выглядае” са спеўных інтанацый. І — яшчэ больш вабіць прыхільнікаў.


Надзея БУНЦЭВІЧ
Фота Юрыя ІВАНОВА