Склікае Каложа

№ 9 (877) 28.02.2009 - 06.03.2009 г

З 8 па 21 лютага ў Гродне праходзіў фестываль праваслаўных песняспеваў “Каложскі Дабравест”, які ўжо восьмы год ззяе яркім дыяментам у “кароне” фестываляў Беларусі. Па найменні ён з’яўляецца абласным, а па сутнасці — міжнародным, бо ў гэтым годзе ў горад над Нёманам завіталі больш за сорак харавых калектываў з Расіі, Украіны, Літвы і Польшчы. Беларусь на гэтай імпрэзе была прадстаўлена хорам тэалагічнага факультэта БДУ, прыходскімі хорамі епархій, калектывамі з Брэста, Гомеля, Оршы і іншых гарадоў.

 /i/content/pi/cult/197/2214/Kalozha.jpg
Выступленні ацэньвала кампетэнтнае журы, у склад якога ўвайшлі, у прыватнасці, член Беларускага саюза кампазітараў, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь, лаўрэат прэміі “За духоўнае адраджэнне” іерэй Андрэй Бандарэнка, народны артыст Рэспублікі Беларусь, прафесар Міхась Дрынеўскі, мастацкі кіраўнік Міжнароднага харавога фестывалю ў Эстоніі Валерый Пятроў, сакратар Саюза кампазітараў Украіны Іван Тараненка і сябра Саюза кампазітараў Расіі Мікалай Дзянісаў.

Запатрабаванасць фестывалю “Каложскі Дабравест” — відавочная. З кожным годам узрастае колькасць удзельнікаў, а галоўнае — пашыраецца кола слухачоў. У гэтым годзе адноўленая пасля рэканструкцыі зала Гродзенскага абласнога драматычнага тэатра не змагла змясціць усіх меламанаў, якія пажадалі даведацца імёны пераможцаў і атрымаць асалоду ад гала-канцэрта.

Па выніках фестывалю шэсць лепшых калектываў былі адзначаны дыпломамі лаўрэатаў. У іх ліку — хоры з Гродна, Калінінграда, Луцка. А ўвогуле, незаўважаным не застаўся ніводны з удзельнікаў. Галоўнай узнагародай для ўсіх сталі натхнёныя спевы, якія дораць пачуццё духоўнай радасці, і апладысменты ўдзячных слухачоў.

Аляксандра ДУБРАВІНА
Гродна

На здымку: спявае хор святароў Гродзенскай епархіі

пад кіраўніцтвам іерэя Андрэя Бандарэнкі.

Фота аўтара