Мінск. Кірмаш. Кнігі

№ 6 (874) 07.02.2009 - 13.02.2009 г

Лепшыя навінкі айчынных і замежных выдавецтваў можна будзе ўбачыць на XVI Мінскай міжнароднай выстаўцы-кірмашы “Кнігі Беларусі-2009”, што пройдзе з 11 па 15 лютага ў Нацыянальным выставачным цэнтры “БелЭкспа”.

Як адзначыла начальнік упраўлення выдавецкай дзейнасці і кніжнага гандлю Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь Алена Паўлава, на сённяшні дзень плануецца ўдзел выдаўцоў з 25 краін свету, у тым ліку, упершыню наведаюць мінскі кірмаш госці з Азербайджана, Балгарыі, Бельгіі, Венгрыі, Ірана, Карэі і Эстоніі.

Пасля афіцыйнага адкрыцця прадстаўнічага форуму, 11 лютага распачнецца ўрачыстае прадстаўленне экспазіцыі Рэспублікі Казахстан — ганаровага госця сёлетняй выстаўкі. У яе межах адбудзецца прэзентацыя кніг серыі “Дружба народаў”, “Анталогія казахскай музыкі” і “Гісторыя казахскай літаратуры”, выданняў мясцовых класікаў, твораў членаў грамадскага аб’яднання мастакоў-кніжных графікаў Казахстана.

Па словах Алены Паўлавай, айчынныя выдавецтвы на выстаўцы-кірмашы прадставяць такую прадукцыю, як альбомы “Белавежскае дзіва”, “Мінск — падарожжа ў часе” і “Адам Міцкевіч на паштоўках 19 — пачатку 20 стагоддзя”, “Михаил Высоцкий. Генеральный конструктор. История жизни”. Акрамя гэтага, адбудуцца прэзентацыі “Вялікага гістарычнага атласа Рэспублікі Беларусь”, кніг серыі “Бібліятэка Саюза пісьменнікаў Беларусі”.

Пад час выстаўкі-кірмашу пройдзе семінар па сістэме кнігараспаўсюджвання ў Германіі, міжнародны “круглы стол” на тэму “У садружнасці братэрскай: узаемасувязі краін СНД праз узаемапераклад”, адкрыццё фотавыстаўкі Сяргея Плыткевіча “Планета Беларусь”, сустрэча-дыялог, прысвечаны стану кніжнага рынку Расіі. Таксама разнастайныя мерапрыемствы пройдуць каля стэндаў пасольстваў.

Наш кар.