“Іду на Пола!”

№ 6 (1497) 06.02.2021 - 13.02.2021 г

Да 100-годдзя з дня нараджэння непаўторнай артысткі
Напрыканцы 1950-х і 1970-х гадоў мне давялося наведаць больш за 20 спектакляў на той час Беларускага драматычнага тэатра імя Я.Купалы, у якіх галоўную або адну з галоўных роляў выконвала народная артыстка БССР Вера Мікалаеўна Пола. І, шчыра кажучы, ніколі не быў расчараваны ігрой гэтай чароўнай актрысы. Наадварот, яна была маёй любімай актрысай. Неаднаразова, пакідаючы гардэроб тэатра імя Я.Купалы, я чуў за сваёй спінай такія размовы жанчын і мужчын: “І ўсё ж самай яркай, безумоўна, была Пола…”, “Вера Мікалаеўна сёння іграла лепш за ўсіх…” Рэдка здараецца, калі тэатральны акцёр або актрыса працуюць у адным тэатры больш чым паўстагоддзя. Што датычыцца Веры Пола, то яе жыццё было звязана з калектывам купалаўцаў на працягу 55 гадоў (1922 — 1977), у тым ліку ў 1943 — 1944 гадах, калі яна выступала ў франтавой тэатральнай брыгадзе.

Малая радзіма Веры Пола — Мінск. Тут у мяшчанскай сям’і Міколы Пола ў самым пачатку ХХ стагоддзя — 7 лютага 1901 года — пачаўся яе жыццёвы шлях.

Вера Пола атрымала прафесійную падрыхтоўку ад рэжысёра, драматурга, педагога, аднаго са стваральнікаў беларускага савецкага тэатра Еўсцігнея Афінагенавіча Міровіча, які ў 1921 — 1931 гадах працаваў мастацкім кіраўніком Беларускага тэатра імя Я.Купалы.

/i/content/pi/cult/836/17817/14_1.jpg

Вера Пола з прыёмным сынам.

Яўген Сцяпанавіч Рамановіч (1905 — 1979) быў беларускім драматургам, празаікам, тэатральным дзеячам, заслужаным артыстам Беларусі. У 1922 — 1948 гадах ён з’яўляўся акцёрам, рэжысёрам, загадчыкам літаратурнай часткі Беларускага тэатра імя Я.Купалы, а ў 1949 — 1963 гадах працаваў у Міністэрстве культуры БССР. Яўген Рамановіч добра ведаў Веру Мікалаеўну, бываў на большасці спектакляў з яе ўдзелам.

У 1955 годзе ён канстатаваў: “У 1922 годзе ў Першы беларускі дзяржаўны, зараз ордэна Працоўнага Чырвонага Сцяга драматычны тэатр імя Янкі Купалы, на зары яго дзейнасці, лёгкай хадой увайшла маладая, высокая жанчына ў доўгім чорным раманаўскім кажуху і яркай хустцы з намалёванымі на ёй вялікімі чырвонымі ружамі. Яе прыгожы твар з мяккімі, ветлівымі рысамі і пышнай капной светларусых валасоў ніяк не гаварыў аб тым, што гэта актрыса камедыйнага жанру, хутчэй яе можна было палічыць за гераіню.

Аднак Вера Мікалаеўна Пола ўжо з першых сваіх ролей вызначылася, як яркі і таленавіты майстар камедыйных вобразаў.

Вось перад вачыма як жывы вырысоўваецца надзвычай яркі і маляўнічы вобраз кулацкай дачкі Маланні ў камедыі-сатыры “Кар’ера таварыша Брызгаліна”. Ганарлівая, упэўненая ў сваёй прыгажосці Малання ў выкананні Полы ў той жа час раскрывалася перад гледачом, як дзяўчына пустая, нікчэмная, абмежаваная ва ўсіх сваіх жаданнях і паводзінах. Бацька лёгка выкарыстоўвае дачку, падобную на размаляваную ляльку, для сваіх кулацкіх мэт.

/i/content/pi/cult/836/17817/14_2.jpg

“Пяюць жаваранкі”.

Зусім іншыя акцёрскія фарбы і сцэнічныя прыёмы ўжывае Пола ў паказе кулацкай дачкі Кацярыны ў п’есе К.Крапівы “Партызаны”. Яна зачароўвае сваёй прыгажосцю маладога, але беднага сялянскага хлопца Рыгора і хоча выкарыстаць яго ў сваіх мэтах, каб выкрасць начальніка партызанскага атрада Данілу Дрыля і выдаць яго акупантам за вялікія грошы. Чалавечае жыццё для бессардэчнай Кацярыны нічога не вартае. За грошы яна можа загубіць любога чалавека. тым больш калі гэты чалавек варожы яе класу” (Рамановіч Я.С. Вера Мікалаеўна Пола// Мастацтва Савецкай Беларусі. Мінск, 1955, с.429 — 430).

Беларускі тэатразнавец А.Бутакоў заўважыў: “Важную ролю ў вырашэнні галоўнага канфлікту адыгрывала сюжэтная лінія бедняка Рыгора і дачкі кулака Маргуна Кацярыны. Прыгожай драпежніцай, якая дзеля дасягнення сваёй мэты можа забіць чалавека, прадставала яна ў выкананні В.Пола. Актрыса развенчвала сваю гераіню да канца. Драматычнасць вобраза ішла ад драматычнасці сітуацыі, што было асэнсавана і пераканаўча сыграна В.Пола” (Бутакоў А. Першы Беларускі дзяржаўны тэатр//Гісторыя беларускага тэатра. Т.2. Мінск, 1985, с.302).

Валодаючы прыемным нізкім грудным голасам, Пола ў 20-х гадах мінулага стагоддзя карысталася вялікай папулярнацю ў гледачоў, як выканаўца беларускіх народных спеваў, пераважна жартоўнага характару.

Тэатразнавец А.Грыгор’ева назвала В.М.Пола “артысткай яркіх вобразаў”. Характарызуючы Веру Мікалаеўну, пісала: “…Яна нарадзілася ў Беларусі, добра ведае вёску, яе звычаі, нацыянальны гумар, прывабную і чароўную беларускую песню”.

Творчы шлях артысткі пачаўся ў Беларускім дзяржаўным драматычным тэатры імя Я.Купалы ў 1922 годзе. Першы кіраўнік гэтага тэатра — Еўсцігней Афінагенавіч Міровіч — зацікавіўся яе артыстычным талентам. В.М.Пола паступіла спачатку ў харавую групу, але хутка была пераведзена ў склад акцёраў. Е.А.Міровіч уважліва назіраў за яе творчым ростам, не стрымліваў яе багатай фантазіі. Першы поспех прыйшоў да Пола ў 1927 годзе ў спектаклі па п’есе Е.Міровіча “Кар’ера Брызгаліна” (дакладней, “Кар’ера таварыша Брызгаліна” — Э.І.).

/i/content/pi/cult/836/17817/14_3.jpg

“Хвоі гамоняць”.

Але “найбольш значнай работай В.М.Пола ў перадваенны перыяд была Ганна Паўлаўна, жонка Гарлахвацкага (“Хто смяецца апошнім” К.Крапівы). Артыстка стварыла вострахарактарны, нават гратэскавы вобраз, глыбока і бязлітасна выкрыла сваю гераіню. Аднак, перабольшваючы і завастраючы рысы характару вобраза, яна ніколі не адрывае яго ад рэалістычнай асновы…

У Ганны Паўлаўны ўсяго дзве сцэны ў спектаклі. Але яны праводзяцца выканаўцай па-майстэрску. Заўсёды з вялікім поспехам ідзе сцэна, калі раз’юшаная Гарлахвацкая пачынае рваць дзверы, за якімі, як ёй здаецца, павінен быць муж з палюбоўніцай.

Артыстка сакавіта, па-майстэрску выносіць прысуд мяшчанству, грубасці і абмежаванасці” (Грыгор’ева А. Артыстка яркіх вобразаў//Майстры беларускай сцэны (В.М.Пола). Мінск, 1960. с.193, 194 — 195).

/i/content/pi/cult/836/17817/14_4.jpg

“Несцерка”.

Нельга не згадзіцца з Яўгенам Рамановічам, што маючы яркую творчую індывідуальнасць Вера Пола нідзе не паўтараецца ў сваіх вобразах. І станоўчыя і адмоўныя ролі ў яе выкананні мелі заўсёды новыя і яркія рысы. Пола вельмі лёгка і хутка даносіла да гледача пачуццё гумару, дзякуючы яе сакавітай і народнай сцэнічнай мове.

Многія тэатральныя гледачы не скрывалі мэты свайго наведвання тэатральных спектакляў. Яны адзначалі: “Іду на Пола”.

Аб прызнанні яе артыстычнага таленту сведчыць і той факт, што калі ў 1940 годзе ў Маскве пачалася першая дэкада беларускага мастацтва, у Веры Пола быў цікавы рэпертуар. Яна іграла ролю Сцепаніды ў спектаклі “Пагібель воўка” Э.Самуйлёнка, Ганны Паўлаўны і Кацярыны у п’есах “Хто смяецца апошнім” і “Партызаны” К.Крапівы.

У перыяд Вялікай Айчыннай вайны, калі тэатр імя Я.Купалы знаходзіўся ў Томску, Вера Пола выконвала шмат роляў. Але вяршыняй яе творчасці ў той час з’яўляўся вобраз Агаты Пустарэвіч у камедыі Я.Купалы “Паўлінка”.

За таленавітае выкананне ролі Паўліны Бохан, глыбокае разуменне вобразаў жанчын з народа ў спектаклі “Пяюць жаваранкі” Вера Пола ў 1952 годзе была ўдастоена Сталінскай (Дзяржаўнай прэміі СССР). Дарэчы ў час сустрэчы аўтара гэтых радкоў у 1970 годзе з Кандратам Крапівой пісьменнік даў вельмі высокую ацэнку выкананню Верай Мікалаеўнай вобразаў у спектаклях па яго п’есах.

Вельмі важна, што актрыса вялікую ўвагу надавала вонкаваму малюнку ролі, асабліва трапным дэталям, маляўнічым жэстам, грыму, касцюму. Найбольш ярка артыстычны талент Веры Мікалаеўны праявіўся ў беларускай драматургіі, дзе кожны вобраз прасякнуты народным гумарам, багаццем інтанацый моўнай характарыстыкі персанажаў.

У пачатку сваёй творчай дзейнасці Вера Пола, працуючы ў тэатры, выступала і ў канцэртах на эстрадзе як выканаўца беларускіх народных песень — жартоўных і працяглых, вясёлых і сардэчных. Шмат якія з песень выконваліся ёй упершыню і толькі ў далейшым трывала ўвайшлі ў рэпертуар іншых выканаўцаў. Артыстка мела вялікі поспех на эстрадзе, бо добра перадавала каларыт беларускай песні. Аб яе афіцыйным прызнанні як добрай спявачкі сведчыць той факт, што Вера Мікалаеўна прымала ўдзел у канцэрце на IV з’ездзе Саветаў у Маскве.

Здымалася Вера Пола і ў кіно (“Хвоі гамоняць”, 1929, “Паўлінка”, “Пяюць жаваранкі”, “Несцерка”, 1955).

Вера Мікалаеўна была замужам за вядомым беларускім тэатральным мастаком Барысам Яўсеевічам Малкіным (1908 — 1972), пасля смерці якога стала ініцыятарам выставы яго твораў. Выстава адбылася ў 1974 годзе ў будынку Саюза мастакоў БССР на Цэнтральнай плошчы. Куратарам выставы была мастацтвазнаўца Ларыса Фінкельштэйн. Вера Мікалаеўна разам з дачкой Ляляй прывезла вялікую колькасць малюнкаў, эстампаў, плакатаў, жанравых экспазіцый, партрэтаў, нацюрмортаў. Але толькі чацвёртая частка ўсяго гэтага змясцілася ў дзве маленькія выставачныя залы.

За выдатныя заслугі ў справе развіцця беларускага мастацтва Веры Пола было прысвоена ганаровае званне “Народная артыстка БССР”. Акрамя таго, яна была ўзнагароджана ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцягу, “Знак Пашаны” і многімі медалямі.

На працягу сваёй шматгадовай работы ў тэатры імя Янкі Купалы Вера Пола набыла вялікі сцэнічны вопыт, бліскучую камедыйную тэхніку, авалодала высокай тэатральнай культурай, таму па праву заслужыла неафіцыйнае званне “самай яркай драматычнай актрысы” свайго часу.

Эмануіл Іофе,
прафесар,
доктар гістарычных навук