“Каложскі Дабравест”: музыка па-за часам

№ 4 (1443) 25.01.2020 - 01.02.2020 г

Неўзабаве Гродна стане цэнтрам духоўнага прыцягнення. Больш за 800 удзельнікаў харавых калектываў ужо выступіла ў адборачных турах Міжнароднага фестывалю праваслаўных песнапенняў “Каложскі Дабравест”. 19 лютага маштабная падзея збярэ ў горадзе над Нёманам 37 лепшых хароў з Беларусі, Расіі, Украіны, Польшчы, Латвіі, Сербіі, Румыніі, Узбекістана. Упершыню прыхільнікаў “…Дабравеста” чакаюць выступленні калектываў з Фінляндыі, Нідэрландаў і Эстоніі. Да слова, апошнім часам на фестываль прыязджае рэкордная колькасць калектываў-удзельнікаў!

/i/content/pi/cult/782/16861/8_6.jpgАдкрыццё фэсту адбудзецца ў Гродзенскім абласным драматычным тэатры. 20—21 конкурсныя выступленні распачнуцца ў Свята-Пакроўскім кафедральным саборы. Узнагароджанне пераможцаў і гала-канцэрт запланаваны на 22 лютага. Гродзенская епархія арганізуе на сваім партале онлайн-трансляцыю выступленняў.

“Каложскі Дабравест” на сёння — галоўны фестываль праваслаўных спеваў на постсавецкай прасторы. Удзельнікі свята прапануюць публіцы творчыя справаздачы ў спеўным мастацтве, якое цягам стагоддзяў захоўвае аўтэнтычнасць, не губляе актуальнасці і набліжае слухачоў да вечных жыццёвых ідэалаў.

Падчас фэсту кінатэатры горада запрашаюць на прагляд і абмеркаванне фільмаў праваслаўнай тэматыкі. У актавай зале царкоўна-парафіяльнага комплексу Свята-Пакроўскага кафедральнага сабора адбудзецца вечар духоўнай паэзіі і аўтарскай песні. Музычнымі падарункамі для гарадзенцаў стануць вячэрнія канцэрты харавых калектываў.

Ала БЯЛЬКЕВІЧ, рэдактар Гродзенскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці