Спрадвечная песня ў пластычнай формуле часоў

№ 28 (846) 12.07.2008 - 18.07.2008 г

Гала-канцэрт майстроў мастацтваў Беларусі на “Славянскім базары ў Віцебску” рэжысіруе дырэктар — мастацкі кіраўнік Дзяржаўнага ансамбля танца, народны артыст краіны Валянцін Дудкевіч.

 /i/content/pi/cult/168/1553/Spradvechnaja-pesnya1.jpg
— Не ведаю, як для вас, а для мяне гэты фестываль заўсёды асацыіруецца з канцом канцэртна-тэатральнага сезона, — кажа Валянцін Дудкевіч. — А таму адыгрывае ролю нейкага дадатковага абагульнення, падсумавання, сінтэзу ўсяго, што было зроблена за год. Дарэчы, гэты год у нас прайшоў пад знакам маштабнай грамадска-культурнай акцыі “Мы — беларусы!”. Яе лагічным працягам трэба лічыць і фестывальны гала-канцэрт у Дзень Беларусі.

— Тым больш, што і рыхтаваўся гэты канцэрт, як паведаміў на адной з перадфестывальных прэс-канферэнцый першы намеснік міністра культуры Беларусі Уладзімір Рылатка, на працягу года.

— Так, канцэпцыя канцэрта і яго агульны сцэнарый былі гатовы ўжо ў лютым. А дагэтуль мы правялі ажно два адборачныя туры. На першы запрашалі ўсіх, каго ведалі, каго ўжо бачылі на тых ці іншых канцэртах, у тым ліку рэгіянальных. Калі тое, што прапаноўвалі нам салісты ці калектывы, не падыходзіла, цікавіліся, што яшчэ ёсць у іх рэпертуары. У выніку спыніліся на пэўнай колькасці нумароў. І адабраныя намі выканаўцы пачалі рыхтавацца да другога тура. Ён праходзіў ужо ў сцэнічных строях, абавязкова з падтанцоўкамі ды іншым антуражам, неабходным для такой вялізнай канцэртнай пляцоўкі, як сцэна Летняга амфітэатра ў Віцебску. Усе кандыдаты вельмі сур’ёзна ставіліся да гэтага адбору, многія спецыяльна рыхтавалі адпаведную песню, шукалі для яе новы знешні імідж. Усё гэта вы ўбачыце на канцэрце.

— Мяркуючы па імёнах удзельнікаў гэтага канцэрта (а іх кожны, хто пажадае, можа знайсці на фестывальным сайце), вы запрасілі не толькі самых “раскручаных” нашых выканаўцаў, але і пакуль невядомых шырокай публіцы.

— Дзеля гэтага і праводзіўся адбор. Бо ўключыць у адзін канцэрт абсалютна ўсіх, вядома, немагчыма. Ёсць артысты, якія ўдзельнічаюць у “Славянскім базары ў Віцебску” штогод. Але ж публіка прагне і чагосьці новага! Да таго ж, некаторыя нумары, выдатныя самі па сабе, не зусім упісваліся ў агульную канцэпцыю. Таму, зразумела, чымсьці даводзілася ахвяроўваць. Але, спадзяюся, некаторыя імёны і сапраўды стануць прыемным адкрыццём.

— Сярод апошніх, на мой погляд, — Ірына Каралёва з Рагачова, колішняя выпускніца БДУКіМ, якая сама піша песні, у тым ліку народнага плана. Не ўсе ў нас, на жаль, ведаюць баяніста Паўла Неўмяржыцкага — саліста
 /i/content/pi/cult/168/1553/Spradvechnaja-pesnya2.jpg
Нацыянальнага акадэмічнага народнага аркестра Беларусі імя Іосіфа Жыновіча. Але пачуўшы яго выступленні, некаторыя пачынаюць называць яго “беларускім Пятром Дрангам”...

— Каб яшчэ больш упрыгожыць яго выступленне, мы заказалі для яго падтанцоўку ансамбля “Ві-за-ві”. Назаву таксама Жану Півавараву, што пачала працаваць сольна, Мікіту Фаміных, які пакуль яшчэ вучыцца ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі. Увогуле, стылёвы зрэз удзельнікаў дастаткова размаіты: ёсць і хор капэлы “Санорус”, які выйдзе з песняй, стылізаванай пад старадаўні кант, і гурты “Палац”, “J:Морс”, “Новы Іерусалім”, і рыцарскія клубы, і ансамбль старадаўняй музыкі “Пастараль” з Дзяржынска, і добра вядомыя эстрадныя калектывы і салісты: “Песняры”, “Сябры”, “Бяседа”, Ірына Дарафеева, Іна Афанасьева, Іскуі Абалян, Пётр Ялфімаў, Марына Васілеўская, Алена Грышанава, Алёна Ланская. З двух братоў Хлястовых мы спыніліся на старэйшым — Андрэі, у якога аказаўся нумар, надзвычай арыгінальны па музыцы. Не абышлі мы ўвагай і нашых зорак, якія зараз жывуць і працуюць у Маскве: на “Славянскі базар у Віцебску” прыедуць Руслан Аляхно і Наталя Падольская, якія будуць удзельнічаць у некалькіх канцэртах.

— Канцэрт, як заўсёды, мае праграмную назву. Сёлета гэта “Беларусь — спрадвечная песня”. Найперш, яна выклікае асацыяцыі з купалаўскай “Адвечнай песняй”. А што яшчэ вы мелі на ўвазе, калі так назвалі праграму?

— Песня ў нашага народа была заўсёды. Таму гэтая назва, па-першае, дазваляе даць найшырокі гістарычны разгорт. Па-другое, якія б катаклізмы ні адбываліся ў нашай гісторыі, жыццё не перапынялася, людзі ўсё роўна знаходзілі падставы для весялосці і радасці. Канешне, весяліліся ў розныя часы па-рознаму, але ж ці не нагода гэта для сцэнічнага адлюстравання? Таму канцэрт станецца своеасаблівым экскурсам у гісторыю нашай песенна-танцавальнай культуры.

— Дык што, так і пойдзеце па стагоддзях?

 /i/content/pi/cult/168/1553/Spradvechnaja-pesnya3.jpg
— Не толькі. Першым блокам канцэрта стане эпізод “Замак”. Мы наўмысна не ўдакладнялі, які менавіта, — у Нясвіжы, Міры, Лідзе ці дзе-небудзь яшчэ (выявы адноўленых палацаў можна будзе ўбачыць на экране пад час гэтай часткі канцэрта). Гэта абагулены вобраз, што дае ўяўленне пра старадаўнюю Беларусь, якая, як вядома, была краінай замкаў і палацаў. А як бавілі час нашы заможныя продкі? Праводзілі балі, паляванні, рыцарскія турніры. Адпаведна, усё гэта і будзе ў нашым канцэрце. Прагучаць як шматлікія стылізацыі, так і арыгінальная старадаўняя музыка, у прыватнасці, знакаміты Дывертысмент Мацея Радзівіла.
Мы запрасілі да ўдзелу не толькі рыцарскія клубы, але і артыстаў Купалаўскага тэатра, якія разыграюць паядынак. Адкрыю вам адзін “сакрэт” ягонай рэжысуры. У цэнтры сцэны — двое рыцараў б’юцца. Ззаду я паставіў артыстаў у выглядзе карэ — як у фільме “Гладыятар”. А па баках — музыканты-ўдарнікі і бэк-балет…
Але ж шмат чаго адбывалася і па-за сценамі замкаў! Там таксама ўмелі весяліцца, толькі зусім іначай. Таму другі блок канцэрта носіць умоўную назву “Гулянка”. У ім мы напоўніцу задзейнічалі разнастайныя фальклорныя гурты, намагаючыся паступова наблізіць тую “гулянку” да цяперашняга часу. Хіба ж сёння няма такіх гулянак? Ёсць! Толькі называюцца яны іначай — “дыскатэкі”.

Дык вось які цікавы ход вы знайшлі, каб не парушыць агульную гістарычную канцэпцыю і пры гэтым як мага больш шырока паказаць сучасную эстраду!

— Сапраўды, у блоку “Дыскатэка” мы сабралі выступленні эстрадных спевакоў. Там жа адзначаем выкананнем некалькіх песень 50-годдзе кампазітара Валерыя Галаўко.

— А што далей — фінал?

— Гэтае пытанне гучыць і з вуснаў вядучых. “А далей будзем — мы”, — гавораць Ксюша Сітнік і Андрэй Кунец. І гучыць песня “З сябрамі”, з якой сёлета Аляксей Жыгалковіч перамог на дзіцячым “Еўрабачанні”. Фіналам жа становіцца песня Сяргея Сухамліна “Беларусь моцная”, вядомая па выкананні Ірыны Дарафеевай.

— Вы не назвалі вядучых. Мабыць, традыцыйна, Алена Спірыдовіч? А хто з ёй “у дуэце”?

 /i/content/pi/cult/168/1553/Spradvechnaja-pesnya4.jpg
— Мы вырашылі зрабіць “трыо”. І, акрамя Алены Спірыдовіч, запрасілі яшчэ двух, так бы мовіць, “касцюміраваных вядучых” — Веру Палякову і Георгія Калдуна. Яны будуць быццам непасрэднымі ўдзельнікамі ўсіх падзей, а да таго ж, выступяць і з песнямі.

— Выступяць на гэтым канцэрце і вашы непасрэдныя “падначаленыя” — артысты Дзяржаўнага ансамбля танца Беларусі. Пад час адной вашай ранейшай сустрэчы з журналістамі вы паказвалі прэм’ерны нумар “Крывічы”, падрыхтаваны спецыяльна для “Славянскага базару ў Віцебску” (гл. “К” № 16 за 2008 г.).

— Зараз мы ажыццявілі яшчэ адну харэаграфічную пастаноўку — “Паляванне” на музыку Сяргея Хвашчынскага.
Да таго ж, як заўсёды, падрыхтавана шмат падтанцовак. Але ж, акрамя нашага ансамбля, у канцэрце Дня Беларусі задзейнічаны таксама “Белыя росы” з Гродна, дзіцячы калектыў з Віцебска, іншыя артысты. А мы ўдзельнічаем у чатырох фестывальных канцэртах — акрамя названага гала-канцэрта, у адкрыцці, у аўтарскім вечары Ігара Лучанка і ў праграме “Усе кветкі ліпеня”, прысвечанай Дню Саюзнай дзяржавы.

— Што ж, у гэтым сэнсе “Славянскі базар у Віцебску” для вас папраўдзе становіцца гэткім сімвалам насычанасці ўсяго сезона. У адным толькі маі ваш калектыў пабываў і ў Парыжы, і ў Монтэ-Карла.

— У свой час мы выступілі ў Францыі ў вялікім навагоднім канцэрце, які дэманстраваўся па тэлебачанні. І, мабыць, так палюбіліся тамтэйшым гледачам, што нас запрасілі выступіць на Дзень Ваенна-паветраных Сіл гэтай краіны. А праз некалькі дзён мы ўдзельнічалі ў гала-канцэрце закрыцця “Формулы-1” у Монтэ-Карла.
Танцавальнага фальклору там не было ўжо цягам дзесяцігоддзя — пасля колішняга выступлення знакамітага расійскага ансамбля пад кіраўніцтвам Ігара Майсеева. Мы ж прыехалі ажно двума аўтобусамі, разам са спевакамі нашага Нацыянальнага акадэмічнага народнага хору імя Генадзя Цітовіча. А ўжо ў чэрвені выступілі ў Маскве, у Палацы з’ездаў,— на святкаванні 1020-годдзя Хрышчэння Русі.

— Актыўна ўдзельнічаў ваш ансамбль і ў нядаўніх канцэртах Дня Незалежнасці Беларусі. Менавіта тады адбылася, дарэчы, прэм’ера вашай новай “Лявоніхі”, пастаўленай на выбітную, з джазавымі элементамі, кампазіцыю Яўгена Глебава паводле гэтай народнай мелодыі.

— Таму пасля “Славянскага базару ў Віцебску” — у адпачынак!

Гутарыла Надзея БУНЦЭВІЧ
На здымках: (уверсе) нумары гала-канцэрта,
прысвечанага Дню Беларусі на “Славянскім базары-2007”;
Дзяржаўны ансамбль танца Рэспублікі Беларусь.