Ад Скарыны да малой Радзімы

№ 9 (1344) 03.03.2018 - 07.03.2018 г

28 лютага ў Мінску ўрачыста адкрылася юбілейная XXV Мінская міжнародная кніжная выстава-кірмаш. Ужо з першых гадзін сваёй працы прадстаўнічы форум, удзел у якім узялі 32 краіны свету, выклікаў вялікую цікавасць у мінчан і гасцей беларускай сталіцы.

/i/content/pi/cult/681/14988/1.jpgГэтую цікавасць не зменшылі нават моцныя маразы, якія ўсталяваліся напрыканцы лютага ў Мінску. У дзень адкрыцця выставы на праспекце Пераможцаў тэрмометр паказваў -17, а ў сталічным комплексе “БелЭкспа” ўсё адно было мнагалюдна, шумна, весела, і, канечне, цёпла. Нехта з наведвальнікаў набываў упадабаныя кнігі, нехта проста гартаў старонкі новых выданняў, узіраючыся ў ілюстрацыі, а найбольш цікаўныя заўзятары “акупіравалі” цэнтральны стэнд, на якім быў выстаўлены стылізаваны друкарскі станок XVI стагоддзя.

Тут, на “Друкарскім падворку” госці форуму маглі ўвачавідкі ўбачыць працу майстра, які дэманстраваў старажытны спосаб вырабу паперы, і самастойна выканаць адбітак ілюстраванай старонкі з Бібліі. Так, як гэта рабілі 500 гадоў таму памочнікі Францыска Скарыны, друкуючы ў Празе першае выданне беларускага Псалтыра.

/i/content/pi/cult/681/14988/2.jpgУвогуле, кожны наведвальнік, блукаючы паміж шматлікімі стэндамі экспанентаў, мог упэўніцца ў важнасці Яе Вялікасці Кнігі для нашай краіны. Пра гэта ў сваім прывітальным слове, накіраваным гасцям і ўдзельнікам форуму, гаварыў і Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка. Прывітальны адрас зачытаў першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Максім Рыжанкоў.

— Цяжка пераацаніць значэнне кнігі ў захаванні культурнай спадчыны пакаленняў, фарміраванні асобы і выхаванні патрыятызму, адукацыі і руху да прагрэсу, — падкрэсліў Прэзідэнт. Міністр інфармацыі Аляксандр Карлюкевіч падчас урачыстай цырымоніі адкрыцця форуму адзначыў:

— Той факт, што за мінулы год у нас выдадзена каля 10 тысяч найменняў кніг, сам па сабе сведчыць аб увазе дзяржавы і грамадства да гэтага пытання.

Галоўная тэма кніжнай выставы гучыць як “Беларусь — культурная пляцоўка Еўропы”. Пабываўшы на кірмашы, я магу ўпэўнена сказаць, што амаль на тыдзень наша краіна сапраўды сталася такой культурнай пляцоўкай, пабываць на якой лічыла бы за гонар любая еўрапейская (ды, зрэшты, і не толькі) дзяржава.

Напрыклад, Сербія, якая была заяўлена ў якасці ганаровага госця выставы, прадставіла ў сваім павільёне дзясяткі і нават сотні цікавых выданняў, што адлюстроўвалі самыя розныя старонкі гісторыі і культуры гэтай славянскай дзяржавы. А яшчэ тут можна было пагартаць кнігу аднаго з сучасных класікаў сербскай літаратуры Горана Петравіча: пераклады яго твораў на беларускую мову выйшлі не так даўно ў выдавецтве “Мастацкая літаратура”. Прысутнічаў на выставе і сам аўтар, і яму неаднойчы давялося падпісваць сваю кнігу чытачам.

Дэманструючы навінкі сваіх выдавецтваў, кожная з 32 краін-удзельніц гатовая была знаёміць наведвальнікаў і з іншымі праявамі нацыянальнай культуры. Напрыклад, на стэндах Кітая і Паўднёвай Карэі можна было напісаць іерогліфамі на рысавай паперы словы “мама”, “тата”, “мір”, “кніга” — і, канешне, “культура”. Гэтая акцыя мела не абы-які поспех у наведвальнікаў: дзясяткі малых, а таксама іх бацькоў выстройваліся ў чэргі, каб аўтэнтычным пэндзлем і чорнай гуашшу паспрабаваць сябе ў мастацтве каліграфіі. Праўда, не заўсёды ў іх усё адразу атрымлівалася, таму нехта станавіўся ў чаргу па другім і нават трэцім разе.

Яшчэ адно важнае ўражанне ад сёлетняй Міжнароднай кніжнай выставы, пра якое не магу не згадаць, — яркія вокладкі дзіцячых кніг, што першымі кідаюцца ў вочы практычна на ўсіх стэндах. Сапраўды, казак, энцыклапедый і іншых выданняў для дзяцей у павільёне “БелЭкспа” было, што называецца, на любы густ. У тым ліку, і па-беларуску.

На нацыянальным стэндзе арганізаваны шматлікія сустрэчы з аўтарамі, выдаўцамі, мастакамі, прэзентацыі новых кніг, круглыя сталы, аўтограф-сесіі. Тут жа прайшла і ўрачыстая цырымонія ўзнагароджвання пераможцаў 57-га Нацыянальнага конкурсу “Мастацтва кнігі”. Не была, да слова, забытая і тэма Года малой радзімы: на кніжных паліцах дэманстраваліся выданні пра розныя беларускія гарады і мястэчкі, з якіх кожны мог даведацца пра іх гісторыю, сучаснасць і будучыню.

Дарэчы, як было заяўлена падчас адкрыцця выставы, Мінскі кніжны форум штогод усталёўвае рэкорды наведвальнасці. Скажам, летась на кірмаш прыйшло каля 60 тысяч чалавек. Цікава, колькі аматараў выдавецкіх навінак завітае сёлета?

Фота Паліны КАСМАЧОВАЙ

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"